Гасцінныя? Так, але не талерантныя. Таленавітыя, але злоўжываем алкаголем. І перспектывы туманныя… Пра беларусаў, Беларусь і беларускую мову разважае настаўніца Таццяна Неліповіч.

БЕЛАРУСЫ
Адна з вызначальных рысаў – гасціннасць. У Петруся Броўкі ёсць верш “Калі ласка”: “Трапіць госць у будзень, а ці ў свята: – Калі ласка, калі ласка ў хату! Не паспелі сесці пры сустрэчы, як патэльня засквірчэла ў печы…” Там яшчэ і гарэлачка з’явілася, але гэта ўжо адносіцца да адмоўнай рысы…
Мы не да ўсіх людзей талерантныя: беларусы прытрымліваюцца традыцыйных адносінаў паміж мужчынам і жанчынай, а да іншых катэгорый людзей… зусім не талерантныя адносіны.

БЕЛАРУСЬ
Краіна таленавітых людзей. У нас іх многа, і сярод падрастаючага пакалення таксама. Хацелася б, каб яны мелі большую падтрымку, каб таленавітыя людзі ўсё ж працавалі на нашую краіну.

МОВА
Цяжка сказаць, што перспектывы добрыя. Не ўпэўненая… Няма ў дзяцей такога жадання моцнага, цікаўнасці, я гэтага не бачу… Вось да вучняў старэйшых класаў, да студэнтаў з цягам часу прыходзіць разуменне, што трэба берагчы сваю мову. Мы, настаўнікі, імкнемся да таго, каб новае пакаленне з павагай ставілася да роднай мовы.

“Тры пытанні” – інтэрв’ю-праект, прысвечаны сучаснай беларускай ідэнтычнасці.