Юля Цімафеева вядомая ў літаратурных колах Беларусі: паэтка, аўтарка зборнікаў “Кніга памылак” і “Цырк”, перакладчыца. Не так даўно мастацкая ўвага Юлі скіравалася на фота. Яе здымкі друкаваліся ў грэцкім онлайн-часопісе “Vakxikon”, у нарвежскім часопісе “Samtiden”, у беларускіх On Air і “Монолог”. Прайшлі дзве фотавыставы, у Патсдаме і Варшаве.
Фотапоглядам на свет і аповедам Юлі – пра чорнае, белае ды іншыя колеры Беларусі – дзелімся з вамі.
Фота: Альгерд Бахарэвіч
“Я НЕ МАГУ СКАЗАЦЬ, што ўсур’ёз займаюся фатаграфіяй. Магчыма, гэта фатаграфія знайшла мяне і займаецца цяпер мной, прымушаючы правяраць, ці з сабой у мяне камера, калі я выходжу на вуліцу.
Але, мабыць, нейкай адпраўнай кропкай можна лічыць час, калі мы з маім мужам пісьменнікам Альгердам Бахарэвічам былі на ягонай стыпендыі ў Парыжы. Гэта прыўкрасны, яскравы горад, які я вельмі люблю, хоць зусім не за тыя турысцкія славутасці, з якімі ён звычайна асацыюецца. Парыж – свабодны, яркі, шматлюдны горад, але ў той жа час даволі агрэсіўны. І хоць ніякай адкрытай (ці нават схаванай) агрэсіі за тыя некалькі месяцаў, што мы пражылі там, мы на сабе не спазналі, але прадчуванне пераследавала мяне шторазу, калі за намі зачыняліся масіўныя краты брамы палацу, дзе месцілася рэзідэнцыя, і мы аказваліся безабароннымі перад парыжскай размаітасцю.
І таму я пачала браць з сабой на вуліцу фотаапарат, вешаць яго на шыю, як аўтамат, і страляць у чужое, робячы яго сваім. “To shoot” па-ангельску азначае і “здымаць”, і “страляць”.
Я не магу сказаць, што займаюся фатаграфіяй прафесійна, спадзяюся, гэта не гучыць какецтвам. Прафесійнасць цягне за сабой экспертнасць, адказнасць, неабходнасць улічваць фатаграфічны асяродак… Я не хачу такіх стасункаў з фатаграфіяй. Я фатаграфую, пакуль мне гэта падабаецца”.
“МАЯ ВЫСТАВА Ў ПАТСДАМЕ называлася “Сіні: колер жыцця беларускай вёскі”. Мне падаецца, для беларускай вёскі гэта адзін з галоўных колераў, і дзіўна, што ў знакамітым альбоме Міхала Анемпадыстава я не пабачыла блакітнай хаты і сіняга крыжа на могілакх. Другая выстава адбылася зусім нядаўна ў Беларускім доме ў Варшаве. Яна мела вельмі незвычайную назву: “Менск вачыма аператара дрона іншаземнага касмічнага карабля”, там былі прадстаўленыя чорна-белыя здымкі. Я вельмі ўдзячная арганізатарам: Яраславе Ананцы і Памедору Рэўцкаму за тое, што яны паверылі ў мяне і далі мне магчымасць выставіцца.
Аднак я пачуваюся не надта ўпэўнена, калі бачу свае фотаздымкі на сценах. Напэўна, справа ў тым, у які кантэкст я ўпісваю свае творы ад пачатку. І гэта хутчэй кантэкст сацыяльных медыя. Стужкі нашых фэйсбукаў таксама пра гэта – яны змяняюцца кожную хвіліну ці кожную гадзіну (залежыць ад колькасці сяброў) і апісваюць момант, які так хутка забываецца.
У фатаграфіі мяне цікавіць найперш прыгажосць штодзённасці, момант, які застывае, магчыма, гэта “вырашальны момант” Брэсона, але, хутчэй за ўсё, момант, у які нічога не вырашаецца – пусты момант, ненапоўнены ці недапоўнены. Момант, у які гучыць рэха таго, што знікла, ці водгулле таго, што яшчэ не пачалося”.
“СЮЗАН СОНТАГ назвала фатаграфію самым сюрэалістычным мастацтвам. Напэўна, для мяне пазбаўленне фатаграфічнай “(і)рэальнасці” колеру – спроба гэтую сюрэалістычнасць завострыць, зрабіць звычайныя рэчы яшчэ больш непадобнымі да сябе. Бо сюрэалістычнасць – гэта тое, чым мяне саму вабіць фатаграфія. Ну і прагматычная прычына – выкарыстоўваць манахромнасць мне было неабходна, каб навучыцца бачыць кампазіцыю кадра. Бо колер, асабліва падчас вулічных здымкаў, дыктуе свае законы. З ім трэба ўмець абыходзіцца.
Часцей за ўсё я здымаю горад і тое, што бачу на вуліцах. Наогул, здымаць для мяне – гэта як пісаць вершы. Часам атрымліваецца, а часам не”.
“Я ЛЮБЛЮ МЕНСК. Я нарадзілася ў вёсцы, але ўжо тады вельмі хацела жыць у горадзе (напэўна, гэта быў зборны вобраз), які бачыла па тэлевізары. Яшчэ ў маім жыцці былі Жлобін і Гомель, але Менск – каханне з першага погляду. Калі я прыехала сюды паступаць ва ўніверсітэт і ўпершыню добра разгледзела яго, то вырашыла: вось гэты горад па мне, я буду ў ім жыць. Мне падаецца, Менск – самы свабодны беларускі горад, самы культурны. Тут я магу быць сабой з сябрамі і аднадумцамі. І гэта немагчыма для мяне ў Жлобіне і тым больш у вёсцы, дзе дагэтуль жывуць мае бацькі.
Але ў Менску мне не хапае гісторый, і не столькі гісторыі гораду, будынкаў і г.д., хоць і гэта, безумоўна, таксама. Найперш мне не хапае ў ім чалавечых гісторый, тых, хто тут жыў і больш не жыве, не хапае іхных галасоў, бо гаварыць дазволена толькі будынкам і камяням, і тое паўшэптам. А ўжо з людзьмі дык дакладна ніхто не лічыцца. Сляды тых, што тут жыў да Другой сусветнай вайны, ды і пасля яе, зусім зацёртыя. І знаку амаль не засталося, менская чысціня – гэта ж таксама пра пустату. А мне хацелася б пачуць тыя гісторыі і запоўніць гэтую пустату прынамсі ўрыўкамі, прынамсі аскепкамі жыццяў тых, хто хадзіў па гэтай зямлі да нас”.
“МЯНЕ ВЕЛЬМІ ЦЕШЫЦЬ, што ў нас развіваецца археалогія фатаграфіі, мы бачым выставы венекулярнай фатаграфіі, альбомы, прысвечаныя сямейнай фатаграфіі, які паказваюць штодзённасць нашых нядаўніх продкаў. І такім чынам расказваюць тыя гісторыі, якіх мы былі пазбаўленыя па многіх прычынах.
Напэўна, у нейкай ступені можна сказаць, што я займаюся стрыт-фатаграфіяй. Але я не шукаю для гэтага азначэнняў. Думаю, у нас ёсць стрыт-фатографы, да прыкладу, Надзея Дзегцярова, мне падабаецца тое, як яна бачыць вулічны свет.
Мне складана фатаграфаваць людзей для партрэтаў. Бо фатаграфуючы, трэба ўступаць у блізкі кантакт з мадэллю, трэба адчуваць, чым ён ці яна жыве. Я гэта не зусім умею і магу. Таму, збольшага, фатаграфую блізкіх мне людзей. Мая самая любімая і ўдзячная мадэль – мой муж, пісьменнік Альгерд Бахарэвіч. Падаецца, яму даспадобы, як я яго бачу і якім паказваю”.
“Я ЛЮБЛЮ БЕЛАРУСКУЮ ПРЫРОДУ. Я сама вырасла ў вёсцы і ўсё, што расце і цвіце, само нараджаецца і само сыходзіць, – найпрыгажэйшы цуд для мяне.
“Мірны атам” самым непасрэдным чынам закрануў маё жыццё: мая сям’я была выселеная пасля Чарнобыльскай катастрофы. Я думаю, што ўплыў радыяцыі на нашыя жыцці, і тых, хто жыў на забруджанай тэрыторыі, і тых, хто жыве за некалькі сотняў кіламетраў ад яе, яшчэ да канца не вывучаны. Ды і, наколькі я магу меркаваць, асабліва не вывучаюцца – або вынікі тых даследаванняў не трапляюць у публічную прастору. Я лічу, што ў такіх умовах будаваць новую атамную станцыю – папросту дзікасць і блюзнерства. Тым больш цяпер, калі многія краіны займаюцца распрацоўкай альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі”.
“Я НЕ ЗДЫМАЮ АНАЛАГАВАЙ КАМЕРАЙ. Мне падаецца, лічбавая фатаграфія ўсё адно застаецца фатаграфіяй, хоць і гаворыць крыху іначай, чым фатаграфія сярэдзіны ХХ ці ХІХ стагоддзяў. Але і аналагавая фатаграфія, нават калі яе ствараць тым самым спосабам, як пяцьдзясят гадоў таму, будзе гаварыць зусім іншай мовай. Яна ўжо дакладна будзе не роўная сама сабе, нават калі будзе прытрымлівацца ўсіх старых прынцыпаў. Мова мастацтва не можа не змяняцца, бо змяняецца само чалавецтва. І калі мова застаецца старой, то ці мастацтва гэта наогул – або кіч? Таму і свае фатаграфіі я асцерагаюся называць нейкім мастацтвам, бо ці адкрываю я імі новую мову, для мяне вялікае пытанне.
…Агулам, мне складана тлумачыць такія рэчы, я не вялікая майстрыха доўга расказваць пра сэнсы сваіх фатаграфій. Я хачу, як Буда падчас свайго “кветкавага казання”, проста паказваць і ўсміхацца. Бо вось яна прыгажосць, бо вось яно жыццё і сэнс усяго”.