“Беларусы – гэта такія людзі, якія хочуць шэнген па 35, але, хутчэй за ўсё, атрымаюць за 80”. На “Тры пытанні” пра беларусаў, Беларусь і мову адказвае спецыялістка па турызме Дар’я Шубіна.

БЕЛАРУСЫ

Нацыянальная ідэя – Бог няроўна дзеле. Але комплексу пакрыўджанага ў нас няма. Беларусы ў большасці сваёй не чакаюць, што ім прынясуць гатовенькае, на талерачцы. Вось у 90-я, калі сталі заводы, калі не было працы, што людзі зрабілі? Хто мог, зняўся і паехаў у Польшчу, Расію… Куды-небудзь. Цяпер народ, каб зарабіць, масава перавучваецца на праграмістаў.
А яшчэ беларускіх турыстаў любяць усюды. Амаль усюды.

БЕЛАРУСЬ

Гэта не Вялікае Княства Літоўскае, не Рэч Паспалітая, не БНР, не паўночна-заходні край, не крэсы ўсходнія, не БССР. Беларусь – гэта, блін, Беларусь.
Гэта не нешта, што мы згубілі, зараз адродзім і “як зажывем!”. Зажывем мы толькі тады, калі зразумеем, што Беларусь – гэта тое, што вакол нас: лаўкі, дрэвы, дамы, брукаванка, ліўнёўка, якая дрэнна працуе… Калі мы будзем нешта з гэтым рабіць, тады, можа, нешта ў нас атрымаецца.

МОВА

З мовы ў нас робяць такую прыўкрасную даму… Рыцар ёй служыць, подзвігі ў ейны гонар вырабляе. Але ў звычайных сітуацыях, у бытавых, скажам так, ён тусуецца з кім заўгодна – з кухаркамі, з жонкамі суседзяў – але не з гэтай самай прыўкраснай дамай.
Беларуская мова – яна як Боб Дылан ці Ігі Поп. Здаецца, стырчаліся, спіліся – усё. Хана. Але Ігі Поп падкачаўся. Бобу Дылану далі Нобелеўку. Пішуць вершы, музыку, жывуць і, я думаю, яшчэ нас перажывуць.

“Тры пытанні” – інтэрв’ю-праект, прысвечаны сучаснай беларускай ідэнтычнасці.