Пісьменнік, крытык, навуковец, педагог, аўтар амаль сотні кніг – і ўсё гэта адзін чалавек. Алег Антонавіч Лойка.
У 1953 годзе ён сканчвае філалагічны факультэт БДУ, а пасля – аспірантуру пры кафедры беларускай літаратуры. З гэтым факультэтам літаратар звязаў усё сваё жыцце.
Тут ён абараняе кандыдацкую і доктарскую дысертацыі, працуе выкладчыкам беларускай літаратуры, у 1985 годзе становіцца загадчыкам кафедры, а ў 1991-м – дэканам факультэта. Амаль 25 год Алег Лойка ўзначальваў універсітэцкае літаб’яднанне “Узлёт”.
Пачынаючы з 1951 года паэта друкуюць у беларускіх выданнях. З 1959-га свет пабачылі першыя паэтычныя кнігі Лойкі – «На юначым шляху», «Задуменныя пралескі», «Дарогі і летуценні», «Блакітнае азерца». Усяго аўтар выдаў каля сарака паэтычных зборнікаў.
Шмат у Алега Лойкі лірычных вершаў пра каханне і светлых, радасных дзіцячых твораў. Але бадай самае адметнае месца займаюць балады. «Балада пра беленькія чаравічкі», «Балада аб матчыным сэрцы», «Балада аб першым дні»… Сёння яны лічацца найлепшымі ўзорамі баладнага жанру.
Вялікі ўнёсак Алег Лойка зрабіў для выдання анталогій, хрэстаматый, калектыўных зборнікаў, сярод якіх асаблівае месца займаюць зборнікі маладых паэтаў. Ён не толькі выхоўваў таленты, але і дапамагаў ім выйсці ў свет. Улюблёны ў жыццё i людзей, Алег Лойка заўжды імкнуўся данесці да чытача самую вялiкую каштоўнасць – веру ў чалавека і яго стваральныя магчымасцi.
Тэкст чытае Ганна Лутава