А вы адрозніваеце Салігорск ад Светлагорска?..
Павал Батуеў жыве ў Салігорску больш за трыццаць гадоў. Ён добра ведае пра набор стэрэатыпаў, паводле якога Салігорск – горад шахцёраў, наркаманаў і СНІДу. І не тое каб тыя стэрэатыпы не мелі пад сабой ніякай глебы…
Вось, напрыклад, шахцёры. Вакол іх круціцца жыццё ўсяго горада. Нават салігорская мара гучыць прыкладна так: паступіць у ПТВ і пайсці працаваць на “Беларуськалій” – галоўнае прамысловае прадпрыемства рэгіёна. Для дзяўчат мара гучыць троху іначай – выйсці замуж за шахцёра.
У Салігорску Дзень горада традыцыйна святкуецца як Дзень шахцёра. Муралы на вуліцы Леніна паказваюць сцэнкі з працоўных будняў гэтага мужнага рабочага класа. Праўда, у духу сацрэалізму, што асабліва дзіўна, калі ўлічыць, што маляваліся яны гадоў дзесяць таму.
Дарэчы, пра муралы: на ўездзе ў горад вы ўбачыце вялізныя арнаменты і выцінанку. Яны з’явіліся ў Салігорску задоўга да таго, як Беларусь апанавала мода на вышымайкі, вышышыны і вышымятлікі.
Да гэтага маладога горада – а яму якраз споўнілася шэсцьдзесят — Гасподзь мае вялікую ласку. Пра тое сведчаць шматлікія цуды, ім яўленыя. Напрыклад, сабор Раства Хрыстова, адзін з самых высокіх храмаў у Мінскай вобласці. Будаваўся ён доўга, больша за дваццаць гадоў. Затое мясцовыя святары сталі ездзіць на дужа дарагіх аўто, а ў Даліне жабракоў (мясцовая “рублёўка”) з’явіўся пампезны катэдж аднаго з папоў. Цуд!
Не ўсе цуды мы ахапілі ў гэтай перадачы, але для пачатку прапануем пабачыць тое, што маем.
Таксама ў выпуску: помнік шахцёру, тры білборды, царква Святой Варвары, салігорскія тэрыконы, панарамы горада.