Беларускія інтэрнэты абляцела навіна: “Беларусьфільм” экранізуе “Авантуры Пранціша Вырвіча”, папулярную серыю кніг Людмілы Рублеўскай. І пакуль фанаты кніг вагаюцца, “ці гэта добрая навіна, ці дрэнная”, мы пагутарылі з самой пані Людмілай.

Як высветлілася, “Беларусьфільм” пачаў перамовы з пісьменніцай яшчэ з паўгады таму. Маўляў, прачыталі кнігу, маюць зацікаўленасць. Пані Людміла адмаўляцца не стала, хоць датычна тых жа экранізацый Караткевіча ставіцца неадназначна.

“Магу ўявіць, як Уладзімір Караткевіч пакутаваў на здымках. Ролю Юрася Братчыка ў фільме “Хрыстос прызямліўся ў Гародні” аддалі Льву Дураву, абсалютна геніяльнаму акцёру, але які з яго Братчык? У Караткевіча гэта малады чалавек, высокі, харызматычны, надзвычай прыгожы… Малады Мэл Гібсан, карацей. І які б ні быў выдатны фільм Рубінчыка “Дзікае паляванне караля Стаха”, гэта не тое, што пісаў Караткевіч”.

Кадр з фільма “Жыццё і ўзнясенне Юрася Братчыка”, 1967 год.

Датычна “Авантураў…” яна мае намер быць у добрым сэнсе прыдзірлівай.

“Вельмі хвалююся, бо хочацца, каб героі былі пазнавальныя. Нават паказвала здымачнай групе віртуальны кастынг, які мы праводзілі падчас прэзентацыі. У кастынгу перамаглі Алан Рыкман, Моніка Белучы і Курт Кабэйн… Але іх да здымак не прыцягнеш. Асноўны кастынг будзе праводзіцца сярод беларускіх артыстаў. Спадзяюся прысутнічаць на ім. Магу дапусціць несупадзенні ў знешнасці, калі тыпаж, характар акцёра супадзе з вобразам героя”.

Ілюстрацыі Аляксандра Мядзведзева да першага тома прыгод Пранціша Вырвіча ў серыі “Рэтра бібліятэка прыгод і навуковай фантастыкі” (маскоўскае выдавецтва “Прэстыж-бук”).

Пісьменніца адзначае, што праект захапіў усіх. Група відавочна радая працаваць з такім матэрыялам. Людміла Рублеўская ўжо сустракалася са сцэнарыстам, рэжысёрам і загадчыкам літаратурнай часткі.

Над сцэнарыем працаваў Валянцін Залужны (з апошніх работ – серыял “Вышэй за неба”). “Ён намерваецца трымацца арыгінальнага тэксту. Прачытаў усе кнігі, валодае беларускай мовай. Сцэнарыст падтрымлівае мяне ў тым, што галоўная ідэя кнігі (і экранізацыі) – стварэнне беларускага міфа. Гэта павінны быць фільм з нацыянальным каларытам. Думаю, ён зацікавіць і нашую аўдыторыю, якая, на жаль, не вельмі абазнаная ў гісторыі, і замежную”.

Першую версію сцэнарыя пісьменніца ўжо чытала. Заўвагі былі, але вобразы засталіся кніжнымі, арыгінальнымі. Таксама будуць улічвацца заўвагі розных інстанцый. Потым пачнецца праца з рэжысёрскай версіяй сцэнарыя.

Людміла Рублеўская. Фота Аляксандра Шкарубы

“Усё, што я пішу, скіравана на руйнаванне стэрэатыпа пра беларускую гісторыю. Яе ўяўляюць гісторыяй сялянскага народа, дзе магістральны герой – пан сахі і касы, беларус з рыдлёўкай дзе-небудзь на будоўлі расейскай чыгункі… Трэба давесці да кожнага, што ў беларускай гісторыі было ўсё тое ж самае, што ў гісторыі любога еўрапейскага народа. Будаваліся цудоўныя замкі, праходзілі рыцарскія турніры і філасофскія дыспуты. Была арыстакратыя, якая размаўляла па-беларуску. Толькі малая частка сюжэтаў вербалізаваная. А колькі ўсяго забыта, страчана… Вельмі спадзяюся, што гэтае кіно дасць магчымасць у даступнай форме паспрыяць новаму ўяўленню пра беларусаў – і ў самой Беларусі, і ў замежжы”.

Праўда, ёсць нюанс. Так, “Авантуры Пранціша Вырвіча” скіраваныя ў гісторыю, але напісаныя сёння. Гэта значыць – у кнігах шмат адсылак да сучаснасці. Важна, каб экранізацыя захавала гэтую іншаказальнасць.

Гэта найперш залежыць ад рэжысёра – Аляксандра Анісімава. У 1994 годзе ён скончыў Акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці “рэжысёр ігравога кіно” (майстэрня Віктара Турава). Працаваў з дакументальным кіно: “Званар” (1995), “Незацюканы апостал” (2010), “Урокі Чарнобыля” (2010). Дэбют у поўным метры ігравога кіно – “Неверагоднае перамяшчэнне”, дзіцячы фільм пра прыгоды Парацэльса ў сучаснай Беларусі. Апошні вядомы фільм – тыя самыя “Сляды на вадзе” пра слаўны подзвіг міліцыі.

Рэжысёр Аляксандр Анісімаў. Фота: http://mvd.gov.by/main.aspx?guid=8013

mvd.gov.by

Пакуль што размова ідзе пра міні-серыял для тэлебачання (4 серыі) і асобны паўнаметражны фільм, які пакажуць у кінатэатрах. Экранізуюць першую частку пенталогіі, але зусім абмінуць іншыя кнігі немагчыма. Справа ў тым, што вобраз цэнтральнага героя – медыка Баўтрамея Лёдніка – немагчыма раскрыць толькі толькі праз першую кнігу.

“Таму сцэнарый уключае рэплікі з другога рамана, — тлумачыць Людміла Рублеўская. – Перад тым, як трапіць да Вырвіча, Лёднік перажыў рабства, быў чальцом таемнага таварыства. Калі ўсё гэта апусціць, будзе незразумела, чаму чалавек у такім стане. Невядома, які ў яго патэнцыял. Усё гэта трэба пазначыць у першай частцы”. Пэўна, мінулае Лёдніка пакажуць праз флэшбэкі.

Кінафармат не стане дакладным адлюстраваннем кнігі. Нейкія сцэны і нават сюжэтныя лініі давядзецца апусціць. Але на што пісьменніца дакладна не пойдзе – гэта спрашчэнне вобраза Лёдніка. Застануцца і лірычныя лініі, бо “што за кіно без лірычнай лініі?..”

Сцэнарыст Валянцін Залужны. Фота: https://minsknews.by/k-shkolnyim-kanikulam-v-prokat-vyiydet-novyiy-belorusskiy-film-dlya-podrostkov-pravila-geymera

Адно з найвялікшых пытанняў – мова экранізацыі. Ідзе гаворка пра два варыянты – беларуска- і рускамоўны. Сцэнар напісаны па-руску. Сцэнарыст Валянцін Залужны перакладаў сам, з арыгінала. “Канечне, я б вельмі хацела, каб фільм здымаўся па-беларуску. Бо мове ў сваіх раманах надаю вельмі шмат увагі”.

Нягледзячы на многія цёмныя месцы, праца ўжо ідзе. На студыі ёсць пакой з шыльдай “Авантуры Пранціша Вырвіча”, а здымачная група ва ўсю працуе над стварэннем “жалезнай чарапахі”.

“Гэта танк на паравым рухавіку. На ім мае героі ездзілі па Слуцкім замку. У 18 стагоддзі рэальна існавалі такія машыны. Праўда, ездзілі да першай сцяны: з тармазамі была праблема”.

“Беларусьфільм” падышоў да “чарапахі” адказна – нават паднялі чарцяжы Леанарда да Вінчы. Гэтая махіна не толькі будзе рухацца ў кадры, але і пакажа “вантробы”: яе працу здымуць знутры.

Чарцёж Леанарда да Вінчы.

Зараз рэжысёр займаецца выбарам натуры. Праблема ў тым, што аўтэнтыкі ў нас захавалася мала. “Ён прыязджае ў старыя сядзібы, замкі – а там еўравокны пастаўленыя. Асфальт ляжыць. Замежжа не разглядаюць – сродкі абмежаваныя”. Які канкрэтна ў стужкі бюджэт – невядома. Затое вядома, што будуць камп’ютарныя эфекты (невялікія).

Чаму ж “Беларусьфільм” звярнуўся да беларускай літаратуры?

Людміла Рублеўская лічыць, што проста прыйшоў час: “Запатрабавана нешта такое, што працавала б на нацыянальную ідэнтычнасць, на стварэнне рамантычнага міфу і герояў. І вось ладзіцца Дзень вышыванкі, а на кінастудыі ўзяліся за рэформы”.

Тэкст: Наста Грышчук