У “12 крэслах” Ільф і Пятроў небеспадстаўна адзначалі, што савецкая статыстыка можа падлічыць усё. Адзінае, чаго яна не ведала, — колькі ў краіне крэслаў. Канстанцін Нашчынец, наш гід па Стоўбцах, дадае: не ведалі яны яшчэ й колькасць помнікаў Леніну. Як фарфоравыя слонікі, крышталь і дываны, Леніны дасюль “упрыгожваюць” беларускую рэчаіснасць.
Стаўбцоўскі правадыр мае невялікі сакрэт: над плошчай яго ўзвысілі амбіцыі Напалеона. Справа ў тым, што мармуровы падмурак, на якім помнік стаіць ад самага пачатку, быў прывезены з Новага Свержня. На падмурку знаходзіўся помнік вайне 1812 года. Часткага памятнага надпісу захавалася дасюль.
Плошча Леніна – а раней Гандлёвая – самае багатае месца на гісторыю і гісторыі. Тут знаходзіцца (больш за тое – Ленін наўпрост на яго паказвае) рэстаран “Мелодыя”, дзе адбываліся самыя легендарныя бойкі ў горадзе. Цяпер ён мае элегантную назву “Прывал рыцара”. Тут жа – “Кірмаш”, які прышоў на змену алкагольнай лаўцы “Колас”. У Стоўбцах з тых часоў засталася прымаўка: мужык у “Колас”, баба ў голас.
Захаваўся дом габрэя Мірскага, дзе ў 1930-я гады месцілася “гаварыльня”, цэнтр беларускай культуры. Стаіць дом Тунікаў, якія трымалі мясную лаўку, куды стаўбчане выпраўлялі па свежаніну… сабачак з торбамі. І побач – былая школа, у сутарэннях якой вясёлыя ўлады размесцілі турму.
Таксама ў выпуску: самая даўгая брукаванка Беларусі, кінатэатр “Беларусь”, гандлёвыя лаўкі Богіна, мурал на дзіцячым садку, Таварыства беларускай мовы, царква Святой Ганны (1825 год), Адам Чартарыйскі, класіцызм, касцёл Святога Казіміра (1640-я гады), страчаная спадчына, труна Святога Фабіяна, чыгуначная станцыя “Стоўбцы”, Рыжскі мірны дагавор, кантрабанда, Уладзімір Маякоўскі, Энтані Ідан, Максім Горкі, Барыс Пастарнак, “Я достаю из широких штанин…”, возера пана Віткоўскага, Якуб Колас, Акінчыцы, рэстаран “Нёман”, Аляксандр Саладуха