Хто не ведае Мірскі замак?.. Тут табе і музычныя вечары, і дух былога рыцарства, і парк з возерам – адпачынак стамлёным турыстам. Прыгожая карцінка. Калі не зірнуць глыбей.
Напрыклад, у 1395 год. У гэты год Мір упершныю згадваецца ў пісьмовых крыніцах. Нагода сумная: крыжаносцы спалілі мястэчка. Заадно пазабівалі татарскіх ваяроў, што стаялі тут лагерам. Цяпер тых крыжаносцаў тыражуюць у выглядзе магніцікаў з подпісам “Мірскі замак”. Такая вось дэфармацыя нацыянальнай памяці.
Пройдзем да возера. Сотні турыстаў фатаграфуюцца на маляўнічым беразе, усміхаюцца, цешацца краявідамі. Возера штучнае: уладары замка зганялі сюды міран, карыстаючыся, па старадаўняй завядзёнцы, таннай рабочай сілай. Ёсць паданне, што непадалёк ад замка стаяла хатка (запытайце мясцовых, вам пакажуць тое месца), у якой жыла старая, незадаволеная такімі ландшафтнымі рэформамі. Яна наслала на возера праклён. З таго часу ў вадаёме сталі тапіцца людзі – адзін на год абавязкова (своеасаблівая форма беларускай стабільнасці). Праклён згубіў сілу толькі тады, калі ў возеры перасталі купацца. Лагічна: не плаваеш – не ўтопішся.
Вяртаемся ў сучаснасць са славутымі “Музычнымі вечарамі ў Мірскім замку”. Яны прыцягнулі шмат турыстаў, а калі едуць госці, трэба прыбрацца. Вось і прыбралі – старыя драўляныя хаткі, якія не мелі належнага лоску. Спусцелыя двары абнеслі тыповым бетонным плотам.
А самае галоўнае – гістарычны атракцыён пад назвай “Мірскі замак” закрыў сабою сапраўднае жыццё мястэчка. Але яно жыве, мае свае клопаты, свае каштоўныя гісторыі. Пра гэта – новы выпуск перадачы “Ногі ў рукі”.
Таксама ў выпуску: кірмаш (плошча Рынак), габрэйскія крамы, касцёл Святога Мікалая, Мікалай Радзівіл Сіротка, князі Іллінічы, рэчка Міранка, склеп князёў Святаполк-Мірскіх, царква Святой Троіцы, “Мірскі пасад”, Сінагагальны двор, Залман Шазар, прыватны музей гісторыі Міра, Раман Тармола-Мірскі.