Што такое Наваполацк?
Большасць адкажа не думаўшы: “Нафтан”. Яно і зразумела: дзякуючы гэтаму заводу горад, уласна, і ўзнік на мапе Беларусі. У 1958 годзе вялікія ўлады задумалі стварыць нафтаперапрацоўчы завод. Будаўнічае паселішча ўзнікла на месцы сямі вёсак. Яго назвалі “Полацкім”. За пяць гадоў завод падрос, за ім – паселішча, і ў выніку яно стала горадам Наваполацкам.
Але гэта старонні погляд. Сутнасць горада не адкрыецца выпадковаму падарожніку, які праедзе па даўжэзнай Маладзёжнай вуліцы і зробіць для сябе выснову, што бачыў усё. Жыццё горада – гэта гісторыі яго жыхароў. Леанід Паўлёнак – адзін з іх.
Вось у гэтым тыповым дворыку гуляў з сябрамі. З гэтай лавачкі пры пад’ездзе пачыналіся вялікія творчыя планы. Па гэтай дарожцы столькі гадоў хадзіў (з цяжарам на сэрцы) у школу і ляцеў (з крыламі за спінай) дадому. Сюды хадзілі на футбол – заўзець за сваіх і супраць полацкіх. Тут палявалі на майскіх жукоў і ўцякалі ад узброенага вартаўніка. А на Маладзёжнай вуліцы юны Леанід Паўлёнак пацярпеў за святое – адстойваў гонар металістаў перад двума фізічна падрыхтаванымі хлопцамі…
Непаўторныя гісторыі, знаёмыя кожнаму з нас.
Таксама ў выпуску: гульні “пікар”, “гузікі”, “клоп” – Паўлёнак рэкамендуе; фестываль “Рок-кола” (Сяргей Анішчанка), “нагУаль”, Malanka Orchestra, кавярня “Калабок”, стадыён, Палац культуры нафтавікоў, Палац культуры будаўнікоў, Міхей Насарогаў, рака Заходняя Дзвіна, сабачы прытулак, дабрачыннае грамадскае аб’яднанне аховы жывёл “Друг”, “Палімір”, ГЦ “Алімп” (Дзвіна), рынак “Дзісна”, кінатэатр “Мінск”.