Паэтка з Рагачова, удзельніца праектаў “Ногі ў рукі” і “Тры пытанні”, распавяла пра свае літаратурныя густы, пра любоў да Поўначы і змены, якіх не хапае Рагачову (і не толькі яму).
ПРА ДАРОГІ
Па адчуваннях я заўсёды ў дарозе. Хоць насамрэч маё жыццё даволі руціннае. Вандрую, калі ў дзяцей канікулы, калі ёсць грошы. Зрэшты, навучылася падарожнічаць амаль без грошай. Ёсць сябры, якія пакормяць, спаць пакладуць.
Так ненавіджу гэтыя межы, візы, дзяржавы… Штучныя загароды не дазваляюць быць з людзьмі, якіх люблю. Але дзяржава і краіна – розныя рэчы. Я люблю адрознасць народаў. Так шкада, што ў Карэліі не чуеш карэльскую мову, паўсюль адно рускае.
Карэлія – гэта святое! Заўжды прадчувала, што я чалавек поўначы. І калі прыехала ў Карэлію ўпершыню, аказалася, што ўсё менавіта так, як я ўяўляла. Мне патрэбныя мох, сосны, вецер, мне трэба, каб было холадна. У Беларусі сухавата, а там – вільготна-лясны пах, там усё пранізана восенню. Восень для мяне – гэта поўнач. А поўнач – канстанта восені.
ПРА МЯСТЭЧКА
Кожнае мястэчка жыве сваім жыццём, мае адметнае аблічча. Яно можа быць блазнавата-недарэчным, але яно сапраўднае. А Мінск не змагла палюбіць. Ён падаецца няшчырым. Калі казаць пра Беларусь, мне здаецца, жыццё сталіцы і астатняй краіны – розныя рэчы. Але іншае жыццё – не значыць горшае.
Чытала “Возера радасці” Марціновіча, і ўвесь час ува мне пульсавала гэтая думка. Ён з непрыемнай для мяне пазіцыі паказвае жыццё маленькага горада. Я не прымаю сцверджанне, што калі мястэчка інертнае, старамоднае, малое, то гэта дрэнна. Для мяне гэта – самабытна. Мне падабаецца архітэктура малых гарадоў, няхай гэта разруха ці аграпрыгажосць. Гэта тая Беларусь, якую мы маем, з якой мусім працаваць. Нешта не падабаецца? Змяняй.
ПРА ПАЭТАЎ
Чытала Марыю Вайцяшонак. І там проста… Ну зусім іншы светапогляд. Яна піша пра свет як пра суцэльную адзінку. У яе ўсё нармальна – у вёсцы яна, у мястэчку… Няма горшага ці лепшага, ёсць толькі іншае. Прачытала “Завяршыць гештальт” Макса Шчура – і адчула ўдзячнасць: ён апісаў нашае пакаленне, такое, якое ёсць. Увогуле з паэтаў мне старэйшае пакаленне бліжэйшае: вершы Ігара Бабкова, Таццяны Сапач, Галіны Дубянецкай, Мінкін падабаецца… У іх штосьці ёсць. А ў маладых — трэба яшчэ пашукаць. Не заўсёды верыш, што вось у гэтым вершы аўтара на кавалкі парвала. А калі цябе на кавалкі не рве – гэта не сапраўднае, проста кажучы, фігня.
Самыя прыкольныя і цікавыя для мяне паэты – з рэгіёнаў: Ярына Дашына з Берасця, Таня Нядбай у Полацку нарадзілася, Рыжкоў з Магілёва, Югася Каляда з Гомеля. Магчыма, 90% беларускіх аўтараў цяпер мінскія, але з іх па пальцах можна пералічыць сапраўды вартых.
ПРА ВЕРШЫ
Апошнім часам натхняюць канкрэтныя мясціны. Прага, Піцер, Ладага… Ёсць віленскія вершы. Цяпер стараюся абазначаць топас. Мая новая кніга будзе вельмі чалавекаскіраваная, будзе шмат імёнаў і назваў. Паэзія вандровак, паэзія лістоў.
Мінулую кнігу я рабіла некалькі гадоў, доўга шукала назву. Былі варыянты “Ждома”, “Свербы” – усё чаплялася за моўныя выбрыкі. Пакуль думала, напісала мноства новых вершаў, і потым ба-бах – змяніўся змест кнігі. А як змяніўся змест, з’явіўся рэдактар Андрэй Хадановіч і прапанаваў “Маё невымаўля”.
ПРА РАГАЧОЎ
Пра габрэйскія могілкі ў Рагачове ёсць асобны верш. Гэта месца моцы. Але найчасцей з’яўляецца ў вершах Дняпро. Так што не магу сказаць, што пішу пра нейкія там заводы… Хаця вельмі люблю рагачоўскі Дыяпраектар. Мне падабаецца, як ён выглядае. Падабаецца ягоная закінутасць, нейкая прывіднасць… Увогуле люблю аб’екты савецкіх часоў, цяпер занядбаныя і непатрэбныя. Гэта помнікі краіне, у якой я нарадзілася, у якой, лічы, жыву, падабаецца нам гэта ці не. Таму не хацелася б іх нішчыць, перарабляць…
Я б хацела пабудаваць новую дзіцячую бальніцу. Альбо скасаваць тое, што ўжо адбылося. Скажам, чатырохпалосная дарога, праз якую пасеклі дрэвы. Аблічча горада вельмі змянілася, і я сапраўды не разумею, нашто маленькаму гораду такая траса. Прычым — там адразу ж загінуў чалавек. Усе, як адурэўшыя, пачалі насіцца, а раней было абмежаванне “сорак”. Горад быў у сваёй няспешнай плыні. Пасля здарэння паўсюль паклалі ляжачых паліцэйскіх, каб знізіць хуткасць. То бок, спачатку зрабілі, каб можна было разагнацца, а потым зразумелі, што зрабілі абы-што. Ну, як заўсёды.
Пра вакзал у Рагачове таксама пісалі: агромністыя роспісы, помнік пачатку 1990-х, самабытны жывапіс – і ўсё гэта зафарбавалі белым. Пасля апомніліся, пачалі абурацца… Ніхто ж папярэдне не пытаецца.
Можна было б касцёл узнавіць. А так-та горад дагледжаны, не скажаш, што ён развальваецца.
ПРА ДОМ
У Пецярбургу я адчувала сябе, як у іншай краіне. Безабаронна. Калі тут я ў сябе дома, магу лезці ў спрэчкі ці нечага патрабаваць, то ў Піцеры я магла толькі бадзяцца. Тады і падумала: ці змагу калі-небудзь жыць за мяжой? Мая натура ініцыятыўная, магу настойваць на сваім, як кажуць, — кулаком па стале. А ў чужой краіне я ніхто. Таму “там” мне было б складана. Сам Піцер, канечне, горад характарны. Натхняльны. Прыязджаць туды класна. Але ўсюды класна, калі ведаеш, што вернешся дадому.
Адчування Дому ў мяне дасюль няма. У Рагачове – дом, дзе я нарадзілася, але тут жыве мама, а я – пры ёй. Дом у вёсцы, дзе мы з мужам жылі, юрыдычна мой, але я пачуваюся ў ім госцем. Падазраю, што заўжды буду так сябе адчуваць, і з гэтым змірылася. Буду ездзіць ды чагосьці шукаць. А можа, гэта праблема нашага пакалення. Мы, з дзевяностых, іншапланетныя крыху. Непрыкаяныя. Ці мне так падаецца?..
ПРА НАС
Што знакавае для беларуса? Мне падаецца, поле. Бульба!.. Трактар. Не павяла б замежніка глядзець на замкі-касцёлы. А вось ландшафт, вяскова-местачковы лад жыцця, агарод ці правінцыйныя злачныя месцы – вось гэта прыкольна, гэта сапраўднае.
У вёсках людзі больш пэўныя, можаш “намацаць” чалавека, характар. А гарадскія – размытыя, мне здаецца. У іншых краінах ёсць гараджане як клас, а ў нас мала сапраўдных гараджан. Усе мы панаехаўшыя. Таму беларусы – яны альбо нармальныя такія вяскоўцы, альбо вяскоўцы з налётам непаймічаго, кшталту “сталічнасці”. Зрэшты, я не філосаф, не заганяюся па нейкіх вызначэннях. Люблю, калі людзі робяць сваю справу, ніяк яе не называючы. Проста робяць і жывуць.
Тэкст: Наста Грышчук