Самыя знакамітыя людзі ў Лагойску гэта, безумоўна, Тышкевічы. Горад перайшоў ва ўладанне роду пасля вяселля падляшскага ваяводы Васіля Тышкевіча з Аляксандрай Чартарыйскай. Лагойск уваходзіў у лік “пасагу” Аляксандры.
З таго часу лёс Лагойска цалкам залежаў ад Тышкевічаў, і трэба сказаць, гэта пайшло яму на карысць. Менавіта Тышкевічы разбілі на замчышчы знакаміты сёння лагойскі парк. А менавіта – Пій, які пражыў 102 гады і абзавёўся чатырма дзецьмі. Ён жа пабудаваў палац, руіны якога сёння прывабліваюць турыстаў.
Першы публічны музей на тэрыторыі Беларусі таксама з’явіўся ў Лагойску. Яго заснавалі браты Канстанцін і Яўстафій (Тышкевічы, зразумела). Яны захапляліся археалогіяй, займаліся раскопкамі (чым выклікалі незадавальненне сялян, бо раскопвалі, як часта бывала, курганы), збіралі цікавыя экспанаты. Займелі нават егіпецкія муміі – падарунак дзядзькі Міхала.
Цяпер галоўны напамін пра Тышкевічаў – руіны палаца. Нават пасля Вялікай Айчыннай вайны ён знаходзіўся ў неблагім стане. Але лагайчанам былі патрэбныя будматэрыялы, і ў выніку палац расцягалі па цагліне…
Таксама ў выпуску: рака Лагазінка, археолаг Георгій Штыхаў, Божая Маці Лагойская, скульптар Уладзімір Слабодчыкаў, гарадская скульптура, рака Вілія, вуліца Савецкая (Віленская), гандлёвы пляц (Чырвоная плошча), Маркс і Ленін, царква Святога Мікалая, кніга “Апакаліпсіс”, лекавыя крыніцы, касцёл Святога Казіміра, магіла роду Тышкевічаў, Лагойскі гісторыка-краязнаўчы музей, планетарый, Плешчаніцы і Напалеон.