Мікіта Волкаў займаецца генеалогіяй восем гадоў. За гэты час ён: ліставаўся з КДБ, рабіў ДНК-экспертызу, пасябраваў з ЗАГСам і ваенкаматам, працаваў у васьмі архівах трох краін. Дайшоў да дзясятага калена па бацькавай лініі (1735 год!) і да восьмага – па матчынай. Паралельна знайшоў кучу родзічаў у сучаснасці і пераасэнсаваў сябе самога.

Як ішлі росшукі? Што яны далі? І з чаго пачаць, калі вас цікавіць генеалогія? Мікіта распавёў пра ўсё.

ЯК ГЭТА ПАЧАЛОСЯ

Я быў вельмі блізкі да сваёй прабабкі. І калі яна адышла, я зразумеў, што апынуўся ў пустцы. З’явілася кампенсаторная рэакцыя – стаў цікавіцца беларускай мовай і літаратурай увогуле. Асабліва цікавілі кнігі да 1930-х гадоў – Платон Галавач, Зарэцкі, Гарэцкі… Там у асноўным напісана пра калектывізацыю і калгасы, але сама мова, атмасфера былі вельмі мне блізкія.

Толькі праз пару гадоў наважыўся пайсці ў Нацыянальны гістарычны архіў. З чаго пачаць – не ведаў. Дапамагла супрацоўніца архіва. Яна сказала: для таго, каб будаваць свой радавод, трэба ведаць, дзе былі ахрышчаныя продкі, якія нарадзіліся да 1917 года. І ўжо адштурхоўваючыся ад гэтага, шукаць метрыкі. (Метрыка – кніга для афіцыйнага запісу актаў грамадзянскага стану: нараджэнне, шлюб і смерць – Н.Г.).

Мне сталі нецікавыя ні беларускія пісьменнікі, ні іх героі, ні дзеячы гісторыі – толькі людзі майго роду. Можна казаць пра вялікае дасягнянне: я не ведаў абсалютна нічога, а дайшоў да падзелаў Рэчы Паспалітай.

У выніку маё светабачанне вельмі змянілася. Кожны продак меў сваю ідэнтычнасць, і маё самавызначэнне – сума ідэнтычнасцяў продкаў. У маім родзе былі сяляне прыгонныя і дзяржаўныя, былі праваслаўныя, каталікі і стараабрадцы. Тое ж – з нацынальнасцю. Напрыклад, я знайшоў паперу, дзе ўсе члены сям’і вызначаюць сябе як палякаў.

Таму нельга сёння сцвярджаць, як робяць некаторыя патрыёты, што беларус – гэта уніят, які мусіць ненавідзець гэтых і любіць тых. Насамрэч, твае продкі могуць быць чужынцамі, сам ты можаш любіць Беларусь і пры гэтым быць грамадзянінам Польшчы. Ніякіх супярэчнасцяў тут няма.

ПА МЯЧЫ І КУДЗЕЛІ

Мой самы далёкі продак, якога на сёння ведаю, – Ян Крывы. Нарадзіўся ён у 1735 годзе ў вёсцы Рагатка. Пяць гадоў таму я купіў у гэтай вёсцы дом. Быў у такой эйфарыі! Здавалася, буду шмат зарабляць і жыць у родавай сядзібе. Такі юнацкі рамантызм. Цяпер разумею, што гэта будзе… але крыху пазней.

Па матчынай лініі радавод вядзе на Случчыну. Тут самы далёкі продак – Хведар Новік. Ён таксама жыў у XVIII стагоддзі.

Да Кастрычніцкай рэвалюцыі мае продкі былі звычайнымі сялянамі. Напрыклад, па маці былі прыгонныя ў паноў Ратомскіх, Кукевічаў, Цюндзявіцкіх. Адна лінія ўвогуле ўсю сваю гісторыю служыла Радзівілам.

Гісторыю Беларусі вельмі класна вывучаць праз уласны радавод. Узяць, напрыклад, лінію Сягоднікаў. У гэтага прозвішча два арэалы распаўсюджання: Гродзенскі павет і Барысаўскі. Я так думаю, што мае продкі былі прыгнаныя адтуль сюды. Пасля працяглых войнаў XVII стагоддзя ўсход Беларусі быў спустошаны. Праводзілася вестэрнізацыя, гэта пацвярджаюць і генетычныя даследаванні. Узяць сённяшні Мсціслаўль. Самы ўсходні горад – і ажно два касцёлы. Чаму? Таму што перасяленцы прывезлі сваю рэлігію.

ВІТАЮ, ВЫ МАЯ ЦЁЦЯ

У час росшукаў я знаходжу новых родзічаў. Ездзіў неяк у Міхасёўку на Бялыніччыне, там жывуць адны стараверы. Як толькі сказаў, што даследую радавод, мяне сталі вадзіць у кожную хату, і ўсюды паілі. Ледзь вярнуўся дадому.

Да іншай сваячкі ездзіў у Луні на Браслаўшчыне. Тут свая драма: з Лунёў паходзіць мая прабабка, якая пераехала ў Рагатку, і неўзабаве паміж дзвюма вёскамі пралягла савецка-польская мяжа. Да ўз’яднання БССР і Заходняй Беларусі яна не магла пабачыцца з бацькамі. Цяпер тут – прэзідэнцкая дача.

КРЫМІНАЛЬНЫЯ ХРОНІКІ

У Мінскім архіве ў фондзе “Мінскі акружны суд” захоўваюцца карныя дакументы – іх заводзілі, калі чалавек адмаўляўся плаціць падаткі. Тут я знайшоў цікавы дакумент: Зіновія Сягоднік (мая прапрапрабабка) разам з мужам адмовіліся плаціць падаткі. Да іх прыйшоў валасны ўраднік і пачаў спаганяць грошы. У адказ Зіновія адлупцавала яго анучай і абазвала валацугам. Так і запісана: “назвала его волоцугой, что в переводе с местного языка значит “сволочь»”. Пасля гэтага Сягоднікаў абвінавацілі яшчэ і ў збіцці.

Іншая “крымінальная” гісторыя датычыць продка па лініі Волкавых. У 1881 годзе ён выкупіў зямлю ў Барысаўскім павеце. Ягоны сусед, Ферапонт Сінічын, незаконна завалодаў часткай зямлі. Мой продак піша ў Мінскі акружны суд, каб прыехалі разабраліся. Прыходзіць тэлеграма: вы не заплацілі 2 рублі, не паедзем. Ну што ж, заплаціў. Прыехалі. Сталі мераць зямлю… І знаходзяць забітым гэтага самага Сінічына. А продак мой меў алібі: у час забойства знаходзіўся ў Мінску на вуліцы Захар’еўскай у доме нейкага Кругера.

ПРАДЗЕД З НКВД

Самая цікавая асоба – мой прадзед Міленцій Волкаў. Думаю, я да яго падобны. Ён паходзіць з Бялыніччыны, з той самай вёскі, землі ў якой выкупіў “продак з алібі”. У 1927 годзе Міленцій прыехаў у Барысаў і пазнаёміўся з маёй прабабкай Яўхіміяй. Яны толькі сустрэліся – і амаль адразу прабабка зацяжарыла. Без шлюбу. Распісаліся яны толькі ў 1929 годзе. У іх нарадзілася шасцёра дзяцей.

Калі пачалася Вялікай Айчынная, Міленцій не пайшоў на фронт, хоць і падпадаў пад прызыў. Да таго ж, ён служыў у НКВД. Відаць, застаўся ў тыле ворага.

Сястра Яўхіміі працавала санітаркай у бальніцы. Барысаў ужо знаходзіўся пад акупацыяй, і ўсе дактары былі немцамі. Адзін з іх папярэдзіў сястру прабабкі: сёння будзе расстрэл яўрэяў і ўсіх партыйцаў. У вас ёсць партыйцы? Яна сказала – не, а сама пабегла дадому, каб усё распавесці Міленцію. Ён пачаў збірацца – і тут жа ў дом заходзяць тры чалавекі ў чорных капелюшах. Яго забралі. Расстралялі.

Сям’я перажыла вайну ў Барысаве. Яўхімію пасадзілі за спекуляцыю: яна гандлявала ўсім чым можна, у тым ліку самагонам. Дзяцей забралі ў дзіцячыя дамы, майго роднага дзеда – у Вільню. Пасля ён вярнуўся ў Барысаў, да маці, у той самы дом. Увогуле прабабка была жанчына цікавая… Пастаянна мела кавалераў. Тады гэта асуджалася. Але яна ўмела жыць.

Каб даведацца больш пра лёс Міленція Волкава, я звярнуўся ў архіў КДБ. Яны прыслалі ліст: справа не захавалася, дзе шукаць – не ведаем. Але я знайшоў фота прадзеда. Мне ад яго ніякавата. Вее такім холадам… Як быццам у вачах прадзеда – позірк саміх трыццатых.

МІСТЫКА І ДРАМА

Сустракаюцца драматычныя сітуацыі. Напрыклад, вяду род Кулакоўскіх і знаходжу, што продак мой – сірата, які проста прыбіўся да сям’і бяздзетнага Івана Палешука. Адкуль? Хто? Невядома.

Ёсць у нас семейная легенда. Мой прадзед нарадзіўся ў сям’і апошні. Усе дзеці да яго паміралі ў раннім узросце. Адна жанчына падказала: каб хлопчык выжыў, трэба правесці абрад. Уночы маці мусіць перадаць дзіця праз вакно хроснай маці і даць за гэта грошай. Яны гэтак зрабілі – і хлопчык выжыў. Праўда, пасля загінуў у Другой сусветнай. Вось апавяшчэнне пра смерць: “верный воинской присяге и социалистической Родине…” І гэтак далей.

Насамрэч, пабудове радаводу спадарожнічаюць вельмі цікавыя рэчы, часам містычныя, таямнічыя… У нейкім сэнсе ты пачуваешся медыумам.

ЯК БУДАВАЦЬ РАДАВОД?

    1. З чаго пачаць?

Трэба знайсці самых старых сваякоў. Сабраць імёны, прозвішчы, даты, а таксама вывучаць гісторыю таго часу, асабліва – адміністратыўны падзел краіны.

“Калі сабраў усё, што можна, у жывых, – ідзі да мёртвых. На могілкі, дзе пахаваныя продкі. Выпісвай усіх аднафамільцаў. Шукай паралелі. Напрыклад: мужчыны прыкладна аднаго ўзросту маюць аднолькавыя прозвішчы і імёны па бацьку. Хутчэй за ўсё, гэта браты”. Калі чалавек памёр пасля Другой сусветнай вайны, варта звярнуцца ў ЗАГС, дзе рэгістравалі смерць. Пасведчанне аб смерці ўтрымлівае звесткі аб даце і месцы нараджэння.

“Увогуле, трэба падружыцца з ЗАГСам. Там захоўваецца вельмі шмат інфармацыі за савецкі час. Мяне ў барысаўскім ЗАГСе ўжо ведаюць. «Здравствуйте! Вы всё по тому же делу?» – «Да». «Ваши ровесники, вообще-то, за другим в ЗАГС приходят…»”.

Калі трэба знайсці інфармацыю пра дзеда ці прадзеда, якія служылі ў час Вялікай Айчыннай вайны, звяртайцеся ў ваенкамат.

“Лепшая крыніца пошукаў людзей, якія могуць нешта ведаць ці мець каштоўныя артэфакты, – «Одноклассники». Я проста пішу на сваёй старонцы, што шукаю такую-та родавую лінію – і мне адразу адказваюць у асабістыя: прыязджай!..”

    2. Дзе шукаць?

Архівы, у якіх працаваў Мікіта: Мінскі гістарычны, Віленскі гістарычны, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальны архіў Мінскай вобласці, Маладзечанскі, Барысаўскі і Глыбоцкі занальныя архівы, Партыйны архіў у Маскве. Дастаткова прыйсці з пашпартам і заявай, у якой пазначаеш, што ты хочаш знайсці. Таксама можна звярнуцца ў архівы Варшавы і Пецярбурга, але яны для беларуса другасныя.

Існуюць абмежаванні: у Мінскім архіве можна замовіць не больш за пяць адзінак (напрыклад, пяць метрычных кніг), у Вільні – дзесяць. У Польшчы абмежаванняў няма.

    3. Якія дакументы?

Да 1917 года ўсіх народжаных рэгістравалі ў метрыках. Метрычны запіс праваслаўнай царквы ўтрымлівае такую інфармацыю: імя дзіцяці, прозвішчы бацькі, маці, хросных і які святар хрысціў. У каталіцкіх метрыках занатоўвалі яшчэ і дзявочае прозвішча маці, але не запісвалі імёнаў па бацьку.

Метрыкі аб шлюбе: у праваслаўных запісаныя маладыя, іх бацькі і сведкі; у каталіцкіх – яшчэ й жаночыя прозвішчы матак нявесты і жаніха.

У каталіцкіх запісах аб смерці можна даведацца, з чаго памёр чалавек і каго пакінуў (якіх дзяцей). У праваслаўных такога няма: зазвычай пішуць, што памёр раб Божы такі-та, сын такога-та.

Самы важны перапіс, па якім можна сабраць максімум інфармацыі, — сельскагаспадарчы перапіс Расійскай імперыі 1917 года. Першы перапіс 1897 года захаваўся часткова па Віленскай і Ковенскай губерніях.

Яшчэ ёсць рэвізскія сказкі. Гэта перапісы, якія рабіліся на тэрыторыі Расійскай імперыі. У Беларусі яны з’явіліся пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, то бок першая сказка датуецца 1795 годам. Затым ідуць 1811, 1815, 1834, 1850 і 1858 гады.

    4. Дзе шукаць далей?

Беларускія генеолагі застраюць на 1730 гадах. Як вядома, Рэч Паспалітая стала часткай Расійскай імперыі з 1795 года. Насельніцтва масава пераводзілі з уніяцтва ў праваслаўе. Самыя старыя праваслаўныя метрычныя кнігі на Беларусі датуюцца 1795 годам. Каб пайсці далей, трэба шукаць метрычную кнігу ўніяцкай царквы за 1736 год. У Беларусі іх няма. Некаторыя вывозілі, іншыя проста знішчалі.

Што рабіць? У Пецярбургу ёсць архіў уніяцкіх мітрапалітаў. Існуюць адмысловыя даведнікі Гарбачэўскага і Строгіса для інвентароў Вялікага Княства Літоўскага. Іх трэба шукаць у Вільні.

Яшчэ адно выйсце: даследаваць паперы земскага і падкаморскага судоў ВКЛ. Яны захоўваюць інвентары маёнткаў са спісамі сялян. Каб знайсці патрэбны інвентар, трэба ведаць адміністратыўны падзел Беларусі таго часу.

    5. ДНК-экспертыза

“Ёсць шмат кампаній, збольшага – амерыканскіх, якія гэтым займаюцца. Табе дасылаюць набор для збору ДНК – ты ўвесь патрэбны матэрыял адсылаеш назад. Кампанія мае базу з вынікамі экспертыз іншых людзей, і ты атрымліваеш доступ да гэтай базы. Так я знайшоў родзічаў з Польшчы, Канады і Нарвегіі”.

Тэкст: Наста Грышчук

Фота аўтара і з асабістых архіваў героя