У мінулыя выходныя ў мястэчку Радацічы недалёка ад Львова прайшоў, пэўна, самы любімы беларусамі ўкраінскі фестываль “Zaxidfest”.
“Zaxidfest” праводзіцца з 2009 года. З 2012 года на фэсце пачалі выступаць не толькі ўкраінскія, але і замежныя гурты (уключна з такімі сусветнымі зоркамі, як Guanо Apes, Bullet For My Valentine, Enter Shikari). Што не можа не прывабліваць аматараў музыкі, у тым ліку беларусаў. Тым больш што фэст праходзіць каля такога чароўнага турыстычнага месца, як Львоў, які ўжо шмат гадоў з’яўляецца месцам шматлікіх вандровак беларусаў.
З 2012 года ў “Zaxidfest”бяруць удзел беларускія музыкі. Сёлета гэты былі ЛСП, Pаlina і Ляпіс 98. Усе яны выступалі ў заключны дзень 18 жніўня.
Першымі на галоўнай сцэне фэста з’явіліся куміры сучасных падлеткаў – гурт ЛСП. Лідар гурта Алег Саўчанка выканаў як адносна новыя песні, так і правераныя часам хіты. “Порнозвезда” і “Пуля” запісаныя з расійскім рэперам Pharaon; яго вакальныя партыі выканаў бэк-вакаліст і клавішнік ЛСП Пётр Клюеў, вядомы беларусам і па іншых музычных калектывах, а таксама сольнай кар’еры. Пётр пракамэнтаваў свой удзел у фэсце:
– Я другі год запар у складзе ЛСП выступаю на “Zaxidfest”, і выступаю з вялікім задавальненнем. Уражанні дужа файныя. Украіна – краіна свабоды, і на фэсце людзі адчуваюць сябе вольна, пры гэтым усё выдатна арганізавана, публіка культурная, адукаваная. Рок-н-рол таксама ёсць, але такі культурніцкі рок-н-рол.
– Пётр, на Ваш погляд, у чым адрозненне беларускіх фэстаў ад украінскіх?
– Украінскі шоў-біз стаіць на вельмі высокім узроўні, музыка ў іх вельмі якасная, таму і фэсты на высокім узроўні. Але і Беларусь паступова ўздымаецца, ідзе наперад, ёсць файныя калектывы і фэсты.
Завяршыўся сэт гурта візітоўкай ЛСП – песняй “Монетка”, кліп на якую сабраў дзясяткі мільёнаў праглядаў на YouTube.
Пасля ЛСП на галоўную сцэну “Zaxidfest” выйшаў культавы беларускі спявак Сяргей Міхалок і гурт “Ляпіс 98”. Зазначым, што Міхалок са сваімі праектамі (Ляпіс Трубяцкой, Brutto, Ляпіс 98) штогод выступае на фэсце з 2012 года. Перад выхадам Ляпісаў у натоўпе з’явіліся бел-чырвона-белыя сцягі. Музыкі пачалі сваю канцэртную праграму з даўно звыклых беларусам “Золотой Антилопы” и “Ау…”. Прыкладна ў гэты ж час на малой сцэне, якая знаходзіцца па фестывальных мерках далёка ад галоўнай, заспявала беларуска Паліна Паланейчык, якая выступае пад псеўданімам Palina (раней – Рэспубліка Паліна). І хоць большасць у гэты час слухала мэйнстрымнага Міхалка, сваю публіку сабрала і якаснае індзі ад Паліны.
Быў сярод слухачоў беларус з нацыянальным сцягам, які на пытанне, чаму ён не пайшоў, як большасць, на Ляпісаў, адказаў: хтосьці ж і Паліну мусіць падтрымаць. А кампанія ўкраінцаў адказала так: Міхалка мы слухалі ўжо шмат разоў, таму вырашылі паслухаць Паліну, бо нам вельмі падабаецца ейная творчасць.
– “Zaxidfest” праходзіць у шалёна прыгожым месцы, праз гэта я ўжо не першы год безумоўна пагаджаюся спяваць у Радацічах, – кажа Паліна. – Сёлета выступ атрымаўся камерным нягледзячы на опэн-эйр фармат, пад вельмі прыгожы заход, мне спадабалася.
Тым часам на галоўнай сцэне Ляпісы перайшлі ў актыўны наступ: гралі свае галоўныя хіты “Капитал”, “Манифест”, “Воины света”. Кульмінацыяй выступу стаў выхад на сцэну вакалістаў “BRUTTO” – Пятра “Аиста” і шматразовага чэмпіёна свету па тайскім боксе Віталя Гуркова. Музыкі зайгралі песні “Ня быць скотам” ды “Наша возьме” на вершы Янкі Купалы і Якуба Коласа, што прывяло ўкраінскую публіку ў захапленне. Потым Сяргей Міхалок заспяваў аўтабіяграфічны баявік “Железный”, а ў фінале – легендарную песню “Грай” (яе не выконвалі некалькі гадоў). Сыходзілі Ляпісы пад “Касіў Ясь Канюшыну”, песню, якая з савецкіх часоў лічыцца самай знакамітай песняй на беларускай мове.
Пасля выступу Ляпіса 98 на бэкстэйджы музыкі Ляпіса, ЛСП і Noize MC (дарэчы, адзінага расійскага гурта на фэсце) вялі сяброўскія гутаркі. У гэты час басіст Ляпіса Алесь-Францішак Мышкевіч дзяліўся ўражаннямі ад фэсту . Цікавы факт: Алесь-Францішак выступае ў Радацічах ужо ў складзе трэцяга беларускага гурта: раней граў з Крамбамбуляй і Volski.
– Як мяркуеце, чаму беларусы любяць “Zaxidfest”?
– “Zaxidfest” адзін з найвыбітнейшых фэстаў Украіны, адзін з самых знакамітых. Чаму прывабны?.. Вольныя беларусы, якія прывыклі вольна думаць, імкнуцца сюды. Вы разумееце, мы прыязджаем, бачым нашыя сцягі, бачым братоў нашых сцягі. Мы маем адну думку, адну ідэю, таму беларусы сюды імкнуцца. Тут няма міліцыі, у адрозненне ад беларускіх фэстаў, то бок ты вальней пачуваешся. Ты ведаеш, што цябе ніхто не забярэ, таму што ты не спадабаўся ці ў цябе цішотка не такая…
– У першыя гады фэста выступаў заходніх хэдлайнераў не было. Ці моцна адрозніваецца цяперашні фэст ад ранейшага?
– Не скажу, што моцна адрозніваецца. Як цяпер, так і раней арганізацыя на высокім ўзроўні, мне вельмі падабаецца.
– Ці варта беларусам ехаць сюды?
– Абавязкова! Трэба ездзіць на ўсе фестывалі. Усім і заўсёды раю ехаць ва Украіну.
Начная дыскатэка ўдалася вельмі прышпільнай: яе запалілі ўлюбёнец львоўскай публікі расійскі гурт Noize MC і сусветнавядомыя Gogol Bardello.
Украінскі гурт O.Torvald
Такі быў трэці і самы беларускі дзень “Zaxidfest”, фестывалю, на які беларусам варта ездзіць, каб файна патусавацца, паслухаць якасную музыку і, вядома ж, падтрымаць нашых выканаўцаў.
Тэкст і фота: Мікіта Пастухоў
Чытайце таксама:
Як зрабіць фестываль з нуля? Досвед дзвюх беларусак
Без дранікаў і вышыванак. Пра сучасны фолк – спявачка Ганна Лутава
Зіма блізка, “Lito” – вечна. Прэзентацыя новага альбома гурта “Vuraj”