Масавая міграцыя беларусаў у Сібір пачалася пасля Сталыпінскай рэформы 1906 года. З адменай прыгоннага права людзі атрымалі волю, але не мелі зямлі, што аказалася так сабе выгодай. У пошуках долі-хлеба-солі беларусы перасяляліся ў мясціны, жыццё ў якіх раней лічылася суровым пакараннем.

У Сібір, напрыклад, ссылалі тых паўстанцаў Каліноўскага, якіх не вешалі. Сярод іх – географ і геолаг Ян Чэрскі. Цяпер яго імя носіць Іркуцкае таварыства беларускай культуры. А яго, у сваю чаргу, заснаваў у 1996 годзе наш герой – Алег Рудакоў.

Гісторыя першая:
“ВАМ ШТО, ДРЭННА ЖЫВЕЦЦА?”

Толькі за дзесяць гадоў, з 1902 па 1912, у Іркуцкую губернію перасяліліся каля 300 тысяч беларусаў. Цяпер, па звестках усерасійскага перапісу 2010 года, тут жыве 8000 беларусаў. Алег Рудакоў лічыць, што лічба заніжаная: часта ў людзей папросту не пытаюцца пра нацыянальнасць, запісваюць рускімі. Але, на жаль, слушна і тое, што многія беларусы страцілі нацыянальную самасвядомасць.

Ёсць пра нас такое меркаванне: на чужыне беларусы хутка асімілююцца, забываюцца на карані і не надта імкнуцца да паяднання “са сваімі”. Алег Рудакоў – чалавек, які супрацьстаіць гэтай з’яве больш за 20 гадоў. У 1996 годзе ён заснаваў Іркуцкае таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага, у 1997-м – Беларускі клуб “Крывічы”.

“Шмат хто з беларусаў, у тым ліку моладзь, якая нарадзіліся ў Сібіры ажно ў шостым пакаленні, вучыць беларускую мову і вяртаецца да традыцый продкаў. Мы ствараем такую атмасферу, што амаль усе сябры Клубу шыюць сабе нацыянальныя строі, каб на святах прысутнічаць у беларускіх вышыванках. Як гэта атрымліваецца? Вельмі проста! Мы знайшлі інструмент заахвочвання маладзёнаў. Гэта інтэрактыўная форма святаў, дзе няма старонніх гледачоў – усе ўдзельнікі”.

Часам расейцы дзівяцца, што беларусы падкрэсліваюць сваю беларускасць. Задаюць пытанні кшталту: “Вам што, дрэнна жывецца?..” Алег Рудакоў лічыць такія выпадкі непаразуменнем: “Мы культурна-асветніцкая суполка, таму калі расейцы бліжэй з намі знаёмяцца, то збольшага стаўленне да нас прыязнае.” Негатыўная рэакцыя з боку саміх беларусаў сустракаецца вельмі рэдка, часцей – таксама здзіўленне: а навошта гэта трэба?..

Што да расейскіх уладаў, Алег Рудакоў кажа пра дапамогу з іх боку: “Улады, што абласнога, што гарадскога ўзроўню, дапамагаюць нашай суполцы ў правядзенні мерапрыемстваў. Іншым разам праз гранты маем і грашоваю дапамогу”.

Гісторыя другая:
“ХАЦЕЛАСЯ СВЕТ ПАГЛЯДЗЕЦЬ”

Алег Рудакоў нарадзіўся ў вёсцы Бяздзедавічы Полацкага раёна. Да “беларускасці” дайшоў сам, захапіўшыся гісторыяй Полацкага княства. У 1985 годзе скончыў вясковую школу. Крыху павагаўся – заняцца спортам ці ісці ў войска? – і жаданне ўбачыць свет пераважыла: накіраваўся ў Цюмень, у вышэйшую вайскова-камандную вучэльню. На службу трапіў у Іркуцк, дзе пяць гадоў служыў афіцэрам. Звольніўся па стане здароўя; пазней, у тым жа Іркуцку, атрымаў эканамічную і гістарычную адукацыю.
Яшчэ служачы ў войску, Алег Рудакоў спрабаваў перавесціся ў Беларусь. Рапарты пісаў адзін за адным, але, як некалі Касцюшку, Радзіма яму адказала: вольных месцаў няма. Пазнейшыя спробы вярнуцца праваліліся праз эканамічныя праблемы: у банку “згарэлі” ўсе назапашванні.
Не застолася нічога іншага, акрамя як стварыць сваю Беларусь у Сібіры.

Да гэтай думкі Алег прыйшоў у 1995 годзе, калі наведаўся дадому падчас адпачынку. Трапіў на сядзібу Таварыства беларускай мовы, папрасілі выступіць на з’ездзе, і ён пагадзіўся, не падазраючы, што збярэцца не дзясятак аматараў мовы, а вялікі беларускі форум. На якім будзе выступаць Зянон Пазняк. Адразу пасля якога будзе выступаць ён сам, былы вайсковец з Іркуцку.

У той вечар даведаўся і пра Яна Чэрскага, і пра беларускія вёскі ў Сібіры.

Па вяртанні ў Іркуцк Алег даў аб’яву ў газеце: чакаем на сустрэчу ўсіх, хто мае беларускія карані. У той самы першы раз адгукнуліся некалькі чалавек. Стала зразумела, што пра філіял ТБМ у Іркуцку размовы быць не можа, бо ўласна па-беларуску размаўляе адзін Алег. Так з’явілася таварыства беларускай культуры. Яднаць сваіх вырашылі праз старажытныя абрадавыя святы, зладзілі Купалле. Да святаў рыхтаваліся адказна, з усёй атрыбутыкай. Так сталі развівацца розныя накірункі дзейнасці: рамесніцтва, танцы, спевы, гістарычны клуб… Таварыства Алег узначальваў 17 гадоў, а ў 2013 годзе засяродзіўся на працы “Крывічоў”, з якімі і прыехаў у Беларусь сёлета.

Інтэрв’ю Алега Рудакова для Haroshak.by (ліпень 2019)

Гісторыя трэцяя:
ПРА БЕЛАРУСКІЯ АСАБЛІВАСЦІ

На галоўнае пытанне – што адрознівае беларусаў Беларусі ад беларусаў Сібіры – Алег адказаў літаральна так: “Нічога! Мы адзін Народ!!”

“Сібір – шматнацыянальны край, тут пражывае 117 народаў. Але я беларуса адрозню нават па знешнім выглядзе. Вось нядаўна прыехаў у горад Тулун, заходжу на пошту, бачу жанчыну, дужа падобную да маёй цёткі з-пад Воршы… Высветлілася, што яна нарадзілася ў Сібіры, а бацькі – з Віцебска”.

“Беларусы працавітыя і адказныя. Калі беларус сказаў, што зробіць, значыць, зробіць. У вайсковай вучэльні ў нас быў палкоўнік, псіхолаг, які казаў: на ПГД (парка-гаспадарчы дзень) беларусу можна спакойна даручыць рамонт тэхнікі. Ён пойдзе і будзе рамантаваць, і за ім наглядаць не трэба. Салдат з якога-небудзь, скажам, расейскага рэгіёна адкруціць два балты – паляжыць… Куды спяшацца?”

“Не кожны год атрымліваецца прыехаць, але я заўважаю, што Беларусь патроху мяняецца. Яна становіцца ўсё больш еўрапейскай краінай. У нас чысцей на вуліцах, у нас людзі больш інтэлігентна выглядаюць. Простыя людзі, якія працуюць на заводзе, ніколі не будуць кідаць смецце сабе пад ногі. Калі я прыехаў у Іркуцк, быў вельмі здзіўлены: інтэлігентныя людзі выходзяць з тэатра і пачынаюць лузгаць семкі і кідаць проста сабе пад ногі!.. Праўда, цяпер і Іркуцк мяняецца ў лепш бок. А калі я прыехаў туды ў 1989-м, убачыў шмат для мяне жахлівага… Там чалавек пакурыў, і не проста кінуў цыгарэту, але і пачак пусты – проста так. Альбо пад’езды: ліфт выклікаеш, а разам з ім прыязджае пакет смецця”.

“Памятаю, да мяне прыехаў госць з Цюмені. Мы хадзілі па Наваполацку, елі марозіва. Марозіва з’елі, а ён трымае гэтую паперку, мнецца… “Ты ведаеш, быў бы я ў Цюмені, даўно б яе кінуў. А тут у вас так чыста, так прыгожа – няёмка”. Ён быў здзіўлены, што ў нас на плошчы пасаджаныя ружы і ніхто іх не рве. “У нас бы даўно забралі”. Цяпер у Іркуцку клумбы з’явіліся, і людзі прызвычаіліся, што можна і не рваць кветкі, якія ўпрыгожваюць горад”.

Гісторыя чацвёртая:
ЦІ ТО ХАХЛЫ, ЦІ ТО БНФ

“Я нарадзіўся ў невялікай вёсцы, вучыўся ў школе, дзе ўсе прадметы выкладаліся на беларускай мове. Калі я паехаў займацца валейболам у Полацк, з мяне спачатку смяяліся, што я “з дзярэўні”, што мовай размаўляю смешнай, а трэба “па-гарадскому”, па-руску. А я, наадварот, размаляў падкрэслена па-беларуску, казаў: “Ай, у нас такая вёска глухая, я не ўмею па-вашаму, гэта ж трэба перавучвацца”. На мяне махнулі рукой. А праз год прызвычаіліся, нават пачалі паважаць, што я размаўляю на беларускай мове”.

“У 1990-я быў такі выпадак. Прыехаў у Беларусь, у вёску, і сусед, дзядзька Саўка, падзывае мяне: давай пагамонім. Пачынаем размаўляць, па-беларуску, і тут ён кажа: “А ты, мусіць, недавучыўся, выгналі цябе?” “Чаму выгналі? Я маю вышэйшую адукацыю, служу афіцэрам”. “Ай не, які ты афіцэр, выгналі цябе, прызнавайся!.. Вось у мяне дачка – вывучылася, дык цяпер так граматна разгаварвае! Так прыгожа! Прыязджае і мяне сароміць, абы-як ты, гаворыць, кажаш. І ты во неяк няграматна разгаварваеш, па-нашаму…” Такое было стаўленне да беларускай мовы напачатку 1990-х”.

“У сярэдзіне 1990-х, калі я ў Беларусі размаўляў па-беларуску, шмат хто мяне цураўся: ці ты бэнээфавец, ці што?.. Іншым разам я казаў, што з вёскі прыехаў. “Нейкая глухая ў вас, мусіць, вёска”. “Так, такая ўжо глухая вёска, усе па-беларуску размаўляюць”. А іншым разам казаў, што прыехаў з Іркуцку. У людзей былі такія вочы… Зараз сітуацыя змянілася. Калі я ў Мінску звяртаюся да людзей па-беларуску, збольшага адказваюць гэтак жа. Нават простыя мінакі”.

“Для нас, сібіракоў, мова стала брэндам, стылем. Лічыцца за гонар вывучыць беларускую мову. Больш за тое: калі выпадкова сустрэнемся на вуліцы, ідзем і гамонім між сабой па-беларуску. На нас азіраюцца, і калі раней гэта было няёмка, то цяпер мы не звяртаем увагу. Могуць спытацца: “Вы хто такія? Хахлы, ці што?..” “Не, беларусы!” – мы адказваем з гонарам”.

Гісторыя пятая:
СУМ ПА РАДЗІМЕ

“Памятаю, быў днявальным, стаяў на тумбачцы. Раптам чую па радыё, нібыта “Песняры” спяваюць. “Нічога сабе!” – думаю. Кінуў гэтую тумбачку, падышоў да радыё, пачаў нешта падкручваць, а “Песняры” “Александрыну” спяваюць, як зараз памятаю. І так я расчуліўся!.. А ў гэты момант якраз за маёй спінай падыходзіць камандзір роты. А днявальнага няма на тумбачцы. Гэта ЧП! Ён глядзіць ашалелымі вачыма: “Ты дневальный?!” “Я, таварыш капітан…” “И что ты тут делаешь?!” “Песняры…” “А ты откуда?” “З Беларусі…” “Ааа, ладна.” І пайшоў. Нават не пакараў. Напэўна, убачыў у маіх вачах, што гэта туга, туга па Радзіме. І я гэтую тугу пранёс праз увесь час, доўгія гады. І ўвесь час жыву з адчуваннем, нібы ў Сібіры я – часова. Адна нага заўсёды застаецца тут, і я мару пра тое, што я вярнуся”.

Фота з асабістага архіву Алега Рудакова

Чытайце таксама:
“Трэба быць не барацьбітам, а дэміургам ”: мастак-самавук, які творыць магію
Паляўнічы на кнігі Міхал Бараноўскі: “Гандаль родавай памяццю – яшчэ не самае страшнае”
“Нам тут малевічаў не трэба!..” Гісторыя мастака, які з’ехаў з Мінска ў Слонім