З 4 па 30 кастрычніка 2019 года ў Беларусі пройдзе перапіс насельніцтва. Родная мова – адно з найгалоўнейшых пытанняў.
Haroshak.by сабраў выказванні беларусаў пра беларускую мову, запісаныя цягам двух гадоў у межах праекта “Тры пытанні”.
13 чалавек. Беларуска- і рускамоўныя. Людзі розных пакаленняў і поглядаў на жыццё. Што для іх – родная мова? Якія праблемы мае грамадства ў стасунках з мовай? І як іх вырашыць?
Рамеснік Вадзім Мінчук: “Калі мы адмовімся ад мовы, не будзе ні беларусаў, ні Беларусі”.
Музыка Андрусь Такінданг: “Гэта такі мазоль, эрагенная зона. Гэта паветра – ты ім дыхаеш і не задаеш аніякіх пытанняў”.
Пісьменніца Ксенія Шталенкова: “Важна, каб беларуская мова сапраўды не мела тых стэрэатыпных маркёраў, якія мы часам сустракаем у штодзённасці: што беларуская мова – мова вясковая, простая…”.
Паэтка Наста Кудасава: “Не можа быць Беларусі без адзінай дзяржаўнай беларускай мовы, як на мой погляд. То бок дома мы можам размаўляць як заўгодна: па-польску, па-руску, як каму падабаецца. На афіцыйным узроўні мова мусіць быць адна – беларуская”.
У 2009 годзе беларускую мову назвалі роднай 53,2% апытаных.
Дома на ёй гаварылі ўсяго 23%.
Дырэктар менскага музея М. Багдановіча Міхал Бараноўскі: “Мова дазваляе арганізаваць розум на лад, у якім жылі і існавалі нашы продкі”.
Публіцыст Канстанцін Касяк: “Без розніцы, колькі дзяржаўных моў, галоўнае, каб быў прыярытэт. Галоўнае – зрабіць, каб беларуская мова была эфектыўным сродкам камунікацыі: каб не толькі ў літаратуры яна сустракалася, але гучала ў рэкламе, кіно, музыцы… І тады ўсё будзе харашо”.
Арганізатарка кінафестываля “Cinema Perpetuum Mobile” Ліна Мядзведзева: “Мае замежныя знаёмыя, калі сюды прыязджаюць, заўсёды пытаюць, чаму яны не чуюць беларускай мовы. Лічаць Беларусь асобнай краінай, лічаць, што тут асобная культура ёсць, і лічаць беларускую мову менавіта такой – статуснай”.
Сібірскі беларус Алег Рудакоў: “Для нас, для сібіракоў, якія жывуць у Іркуцку, гэта ўвогуле стала такім брэндам і сваім стылем. Лічыцца за гонар – вывучыць беларускую мову”.
У 2018/2019 навучальным годзе колькасць беларускамоўных першакласнікаў дайшла да крытычна нізкай адзнакі – 9,7%.
Настаўнік гісторыі Георгій Барташ: “Конфликтность какой-то части беларускамоўнага асяроддзя – она идёт только во вред. Я уверен, что люди, которые поднимают срачи в фейсбуке по поводу языка, ни одного человека в своей жизни не убедили разговаривать на беларуском. Просто уверен”.
Мастачка Алеся Іса: “Калі я пачынала размаўляць па-беларуску ў 2007-м, на мяне так глядзелі, маўляў, калгасніца?.. Ды не, здаецца, не калгасніца. А чаму размаўляеш па-беларуску? Ты што, расейскай мовы не ведаеш? Ты нацыяналіст?.. Апазіцыянер!”
Фатограф Стас Ніканенка: “Я в детстве только на беларуском разговаривал. Но так как окружение, школа и всё остальное – на русском, русский язык теперь стал основным”.
Філолаг Марына Варабей: “Ідзе дзіцятка ў першы клас, і прапануюць бацькам: як будзем рабіць?.. Зразумела, што 80% прапануюць навучацца па-руску. Чаму? Таму што бацькам самім гэтак больш зразумела”.
Галоўны рэдактар “Рэгіянальнай газеты” Аляксандр Манцэвіч: “Беларуская мова – адна з прыкмет таго, што ты можаш называць сябе беларусам. Але гэта не абавязковая прыкмета. Мы, беларускамоўныя, знаходзімся ў меншасці. Але не трэба быць агрэсіўным”.