“Мы, беларускамоўныя, знаходзімся ў меншасці. Але не трэба быць агрэсіўным”. Галоўны рэдактар “Рэгіянальнай газеты” Аляксандр Манцэвіч даў свае адказы на “Тры пытанні”.

БЕЛАРУСЫ
Калі ты лічыш сябе беларусам, то незалежна ад таго, на якой ты мове размаўляеш, як ты думаеш, хто твае бацькі, дзе ты нарадзіўся, – ты беларус. Гэта пытанне самаідэнтыфікацыі.

БЕЛАРУСЬ
Гэта мая краіна. Не дзяржава. Сёння дзяржава адна, заўтра – іншая. Дзяржава – гэта чыноўніцтва. А краіна – гэта людзі, гэта ландшафты, гэта гісторыя, учорашні дзень і будучыня. Я бачу, што Беларусь – адно непарыўнае цэлае: учора, сёння, заўтра. І гэтае непарыўнае цэлае будуецца сёння ў маёй краіне.
Еўропа не зможа ўявіць сябе без Беларусі.

МОВА
Беларуская мова – адна з прыкметаў, што ты можаш называць сябе беларусам. Але гэта неабавязковая прыкмета. Ведаю людзей, якія размаўляюць па-беларуску, а беларусамі сябе не лічаць.

Мы, беларускамоўныя, знаходзімся ў меншасці. Але не трэба быць агрэсіўным. Калі кожны будзе рабіць сваю справу, якую мусіць рабіць па сваім статусе, становішчы ў грамадстве – настаўнік, журналіст, гандляр, – калі ён спакойна будзе рабіць сваю справу, размаўляючы па-беларуску, беларусізацыя адбудзецца. Калі ж мы зоймем агрэсіўную пазіцыю, могуць адбыцца… Ну, я б такога не хацеў.

“Тры пытанні” – інтэрв’ю-праект, прысвечаны сучаснай беларускай ідэнтычнасці.