Рэпартаж са свята вёскі ў Новым Полі
Мы маем толькі прыкладнае ўяўленне пра тое, як гуляла некалі беларуская вёска. Калі казаць пра сучаснасць, на розум прыходзяць чыноўнікі ў бліскучых касцюмах, псеўданародныя строі, папсовыя песні пад фанаграму. Штучнасць. І ніякае гэта не свята – “культурнае мерапрыяціе”.
…І вось Новае Поле, што за 30 км ад Мінска, абвяшчае “свята гарбузоў і слімакоў”. Анансуюць беларускую музыку, танцы, конкурсы і смаўжыныя гонкі. Нават сцяг вёскі ўздымуць. Мы вырашылі: гэта трэба бачыць.
Дождж і холад. У Новае Поле еду маршруткай. Маршрутка поўная, але большасць выходзіць да Новага Поля: вёска – апошні прыпынак. Адразу заўважаю змены: замест ранейшай вясковай крамы – сеткавы мінімаркет. Сядзіба Друцкіх-Любецкіх – на месцы. На ганку крамы хаваюцца ад дажджу маладыя людзі – святкуюць нешта сваё, без гарбузоў (у іх свае атрыбуты).
У краме прадавачкі гучна абмяркоўваюць нядаўнюю чаргу – ад прылаўка і ажно да канца залі. Няўжо столькі гасцей? Калі пытаюся, дзе ў вас тут свята, дзяўчына шырока раскрывае вочы: «И вы на праздник?»
Тут жа знаходзяцца дзеці, якія ўсё ведаюць і ўсё мне пакажуць. “Гэта там, за гаражамі!”
Гучыць падазрона.
Напраўду справа такая: свята не “за гаражамі”, а ў парку Друцкіх-Любецкіх, дзе некалі сапраўды прапісаліся гаражы. Яны даўно стаялі пакінутыя, і вяскоўцы прывялі іх да ладу адмыслова для свята. Не таму што трэба – таму што захацелі. Самі змагаліся з хмызнякамі, аварыйнымі дрэвамі і нават шэршнямі. Кавалак запушчанага парку ператварыўся ў святочную пляцоўку.
Увогуле, усё – ад падрыхтоўкі пляцоўкі да сцэнара свята – рабілі самі. Рыхтавалі выставу пра гісторыю Новага Поля. Шукалі інфармацыю пра нашчадкаў Друцкіх-Любецкіх – тут да сваёй гісторыі ставяцца з гонарам. “Ведаеце Пясецкага? “Каханак Вялікай Мядзведзіцы”? Дык вось – гэта і пра нас таксама!..”
Адзін з былых гаражоў стаў арт-зонай. Тут лепяць і фарбуюць смаўжоў – сімвал свята. Увогуле за мастацкую частку свята адказваў Уладзімір Церашчук.
Кругом гарбузы. Іх вырошчвалі ўсёй вёскай – таксама адмыслова да свята.
Тое ж са смаўжамі, якіх для цвіка праграмы – гонак – лавілі ўсім Новым Полем. Перамог №5.
Амаль што без перапынку ідзе дождж. І гэтак жа без перапынку грае музыка. Каля сцэны, на якой узняты сцяг вёскі, танчаць. Завадатары – “Каляжанкі” і “Любанскія музыкі”. Час ад часу падводзяць вынікі конкурсаў.
Дзеці не адыходзяць ад гусей і трусоў: міні-заапарк арганізаваў Сяргей Багрыцэвіч, мясцовы ўладальнік гасцявога дома.
На жаль, нешматлікія журналісты, якія даехалі да свята, назвалі яго “агрофестивалем” (вінаватыя гарбузы?..). Засталася без увагі гісторыя стварэння свята, у якой і ёсць галоўнае: значнасць маленькай падзеі, і значнасць не такая ўжо малая.
Пачынаецца гісторыя ажно ў 2009 годзе, калі Мінрайвыканкам вылучыў надзелы для будучых жыхароў Новага Поля. У вёску паехала сталічная моладзь. Між іх была Любоў Ермакова. Ёй не спадабалася, што вяскоўцы жывуць адасоблена, не кантактаюць не толькі з “чужымі”, але і між сабой. Пачаўся рух: спачатку аб’ядналася моладзь – вырашалі гаспадарчыя праблемы. Потым “пайшлі сябраваць” з мясцовымі. Свята – гэта вынік шматгадовых зменаў у ладзе жыцця цэлай вёскі. Людзі сапраўды аб’ядналіся.
Ніна Чарнавусава, адна з арганізатарак свята, кажа, што гэта нейкі цуд. На свяце яна сустрэла людзей, з якімі не бачылася гадоў дзесяць – хоць яны і з Новага Поля. “Людзі да ініцыятывы паставіліся вельмі па-рознаму. Але склалася група людзей, якія разумеюць, што дзеля таго, каб палепшылася жыццё, трэба працаваць агульна, разам”.
Свята ў Новым Полі – сведчанне таго, што сфармавалася генерацыя новых беларусаў. І якраз “агрофестивали” ім чужыя. Калінкі-малінкі, какошнікі, лубочная народнасць, агратрэш, які нязменна суправаджае лакальныя фэсты, – нічога гэтага ў Новым Полі не было. Таму што гэтае свята рабілі без прымусу, для сваіх, для сябе.
Гэтую адметнасць заўважыў таксама Сяржук Доўгушаў. Музыка прыехаў сюды ладзіць “Спеўны сход”, танцы і ўсё, за што яго, уласна, любяць. “У такіх фестывалях будучыня. Калі ў вёсках пачнуць ладзіць такія фэсты – гэта стане адраджэннем традыцыі, культурніцкім адраджэннем вёскі. Гэта шчыра. Да такіх рэчаў людзі цягнуцца.”
А самае галоўнае: людзі, у якіх я пыталася пра ўражанні ад свята, усе як адзін сказалі: хочаш нешта змяніць – рабі сам.
Тэкст: Наста Грышчук