Фальклорны гурт “Варган” выпусціў альбом “Зялён явар, дуброва. Музыка Полаччыны”. Яго прэзентавалі ў Мінску, Полацку і Віцебску. Паўсюль – аншлаг. Пра доўгую працу над альбомам, стэрэатыпы аб этнічнай культуры і космас беларускіх песень мы пагутарылі з Ганнай Лутавай, спявачкай “Варгана” і нязменным голасам праекта “Знакамітыя беларусы”.

“НЯЎЖО ЎСЁ ТАК КЕПСКА?”

Маці хацела, каб у мяне было нармальнае дзяцінства, і нікуды мяне не аддавала – ні ў музыкалку, ні ў гурткі. Толькі ў вёску – гуляй, пасля напрацуешся. Таму я спявала дома ў расчоску. І калі пайшла на гісторыка ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт, дайшлі да мяне цьмяныя чуткі пра нейкі калектыў, дзе займаюцца традыцыйнымі спевамі… Пазнаёмілася з Вольгай Антонаўнай (Вольга Емяльянчык – кіраўніца гурта “Варган”). Цяжка было раскрыцца, каб пачаць спяваць. Але калі атрымалася, калі пачала разумець, наколькі шматгранныя і сімвалічныя тэксты… Гэта быў кайф. Космас!

На кожным нашым выступе знаходзяцца людзі, якія абавязкова скажуць: чаго гэта ў вас песні такія сумныя, тужлівыя, няўжо ў Беларусі ўсё так кепска было?.. Але яны не сумныя! Яны вельмі глыбокія. І калі разумееш, пра што яны, не можаш спяваць бяздумна весела. Я настолькі гэтым праніклася, што спяваю вось ужо каля дзесяці год і сыходзіць не хачу. Тры гады, як пераехала ў Мінск, а ўсё не магу “адпачкавацца”. З “Варгана” проста так не сыходзяць.

Асноўны касцяк гурта – з дзясятак чалавек. Калі сабраць удзельнікаў за ўсе гады – чалавек сорак. Гэта стэрэатып, што народнымі спевамі займаюцца толькі гісторыкі-этнографы. У “Варгане” ёсць дзяўчына з музычнай адукацыяй. Ёсць айцішнік і чалавек з гаргаза. Ёсць філолагі. Студэнты. І ніхто ў вышыванках штодня не ходзіць. І дранікі я не раблю – ляніва, і музыку слухаю розную, не адную аўтэнтыку. Збольшага кайфую ад класічнага року, страшна люблю песні з арыгінальнага мюзікла “Notre-Dame de Paris”. Увогуле да пэўных жанраў не прывязваюся. Класную музыку можна ў любым жанры знайсці. Перад інтэрв’ю слухала Мэрыліна Мэнсана. За ім ішла Арлова… У маім плэй-лісце чорт нагу зломіць.

СЯЛЯНСКАЯ КУЛЬТУРА?

Спевы паўночнай Беларусі – гэта збольшага аднагалоссе. Яшчэ адметнасць – “спевы ў перахлёст”: спевакі разбіваюцца на дзве групы, адна цягне куплет, другая падхоплівае яго напрыканцы і пачынае новы, а першая “дацягвае” гук. Прыклад на дыску – “Купальская” песня.

Ёсць у нас песня пад варган. Насамрэч, невядома, ці спявалі пад яго нашыя продкі. Але вядома дакладна, што быў такі інструмент менавіта ў Полацку: наш варганец-археолаг Аляксей Коц знайшоў два такія інструменты часоў Сярэднявечча.

Пасля выхаду альбома былі каментарыі кшталту “вёска даўно памерла, нахалеру вы гэты труп выкопваеце?..” Уступаць з некім у спрэчкі няма сэнсу. Камусьці такая музыка не падабаецца, хтосьці яе проста не разумее. Ёсць шляхетныя танцы, так, але мяне цікавіць вясковая культура. Не хачу ўдавацца ў разборкі: дзе гарадская культура, дзе сялянская, адкуль хто пайшоў, адкуль тыя ж паны ўзяліся… І ўвогуле мы ўсе з адной пячоры.

Спытайце ў будыста: ты навошта свае мантры чытаеш?.. Беларускі спеў – таксама свайго роду мантра. Не проста “я люблю спяваць”, гэта я й дома магу, пад гітару. Тут зусім іншае. Калі ўдумваешся ў тэксты, патрапляеш у сугучча… Узяць шматгалоссе, калі ў полі спявалі ў пяці розных канцах розныя песні, і ўсё гэта злівалася ў нябесным купале ў адзін гук. Даўнія даследчыкі, пачуўшы такі спеў, пісалі, што ім башню зрывала. Альбо калі мы на Купалле спявалі на востраве: возера дрыжыць, зямля вібруе… Я толькі кажу пра гэта – а ў мяне ўжо мурашкі.

ПРА ПУБЛІКУ

Мы вельмі не любім, калі на нашыя выступы прыганяюць студэнтаў. Яны стаяць, у носе калупаюцца, не разумеюць, што ўвогуле адбываецца. Ім нецікава – і нам. Мы прэзентуем аўтэнтычную музыку не для таго, каб заробіць грошай ці зрабіць яе вядомай на ўвесь свет. Канечне, хочацца “несці ў масы” – але толькі для тых, каму яна цікавая.

Мая бабуля любіць нас слухаць. Нават выступіла на прэзентацыі ў Полацку. 81 год чалавеку! Мы ўсе хваляваліся, такі момант адказны, а яна выйшла – “50 гадоў на сцэне не была!” – і выдала.

Не заўжды наш слухач – беларускамоўныя людзі “ў тэме”. Даволі часта падыходзяць людзі са словамі: “Я такого никогда не слышал, но я в восторге”. Некаторыя кажуць: “У мяне бабуля так спявала, не думала, што нехта яшчэ гэта робіць”. Калі мы ладзілі ў Полацку, проста на вуліцы, танцы, бывала, што моладзь з нас ржала: моў, што за дурачкі такіе?.. У Беларусі даволі вялікі адсотак аўдыторыі, якой аўтэнтычная культура чамусьці смешная. Можа, прычына ў навязанай савецкай “этнакультуры”, тыпу “Бяседы” і “Харошак”. Што ж, гэта таксама народнае – толькі народ не той. Большасць папросту не адрознівае этнаграфічную, аўтэнтычную культуру і той постфальклор, які папулярызуецца на ТБ.

Таму, калі новыя знаёмыя бачаць у маім інстаграме фоткі ў строях і пытаюцца “а что это? а где это?”, я кажу, што спяваю ў фальклорным калектыве і адразу ж! – не чакаючы сустрэчных пытанняў – тлумачу: гэта не танцы ў какошніках, не чарка на пасашок.

ПРА ЦЯЖКУЮ ЖАНОЧУЮ ДОЛЮ

Адна з любімых маіх песень у альбоме – хрэсьбінная “Каліна-маліна”. Найбольш блізкая цяпер песня з Любаншчыны, усё ў лепшых традыцыях: прыгожая, пра смерць, пра цяжкую жаночую долю… Звычайна ўсе мае любімыя песні – пра цяжкую жаночую долю.

Складана сказаць пра нейкі цэласны вобраз жанчыны ў беларускай песні, бо ўсе песні розныя. Напрыклад, ёсць пра пазашлюбных дзяцей: дзяўчына нарадзіла сына і “на Дунай знасіла”, “плыві-плыві сынку, а я – за табою…” Ёсць шмат песень пра свякровак. Гэта зараз у топе анекдоты пра цешчу, а вось песень пра яе не чула. А пра свякроўку – ого-го! І лірычныя, і жартаўлівыя вясельныя. На першы погляд можа падацца, што “жаночыя” песні тужлівыя, але няма такога, каб беларуску паказвалі беднай-забітай.

У ШАХТАХ АЎТЭНТЫКІ

Крыніцы па здабычы песень розныя. Ладзім экспедыцыі. Этнаграфічная практыка ў ПДУ штогод “падкідвае” матэрыял. Шмат шыкоўнага матэрыялу з Полаччыны перадаў Уладзімір Лобач. Нешта запісваем ад сваіх бабуляў. Ужо не ведаю, колькі разоў ездзіла да сваёй Алімпіяды Міхайлаўны. Кожны раз яна кажа: цяпер точна ўсё табе праспявала. Прыязджаю наступным разам – і зноў чую новыя песні. Да аднаго і таго ж чалавека можна едзіць безліч разоў. У гэтых бабулек – гігабайты інфармацыі.

Мы трымаемся аўтэнтыкі, але ёсць момант ненаўмыснай дэфармацыі. Каб спяваць, як бабуля, трэба пражыць столькі, колькі бабуля. І ў такіх жа ўмовах. Ёсць інтанацыйныя адрозненні па рэгіёнах, адрозненні па гаворках – іх мы стараемся пераняць.

Калі некалькі гадоў спяваеш песню і не слухаеш арыгінальны запіс, нейкія фішачкі, карункі, якія песню вылучаюць, сціраюцца. Вакол нас цяпер іншыя гукі, іншая музыка, і ўсё гэта ўплывае. Хаця, зразумела, адна і тая ж бабулька можа па-рознаму песню праспяваць – у залежнасці ад настрою, стану здароўя і фазы месяца. Але ніхто з іх ніколі не наракаў, што мы спяваем не так. Яны шчаслівыя, што гэта жыве, што камусьці гэта цікава.

Тэкст: Наста Грышчук

Фота: Генадзь Заяц