Фолк-гурт “Vuraj” прэзентаваў новы альбом “Lito”. Канцэрт-прэзентацыя адбыўся 1 лістапада ў культурніцкай прасторы ОК16.
Літо – так, адным словам, на Палессі абазначаюць цыкл каляндарна-абрадавых песень. Гэтак жа называецца адна з кампазіцый новага альбома. Яго склалі матэрыялы, запісаныя цягам апошніх чатырох гадоў у час этнаграфічных экспедыцый на Палессе. Як значылася ў анонсах, “сабраны матэрыял быў перажыты, пераасэнсаваны і пераказаны, набыў новае інструментальнае гучанне, але захаваў аўтэнтычную мелодыку і мікрамову кожнага асобнага рэгіёна”.
Перад канцэртам мы распыталі Сержука Доўгушава, лідара гурта і сябра нашага праекта (згадаем падарожжа ў Воршу), пра некаторыя нюансы.
-
– У чым вызначальнае адрозненне альбома “Lito” ад усіх папярэдніх?
– Зусім розны ўзровень і запісу, і музыкі, і падыходу да музыкі. Атрымаўся вельмі атмасферны кампазітарскі альбом. Большае музычнае асэнсаванне матэрыялу.
-
– Вы трымаліся аўтэнтыкі ці ў альбоме ўсё ж больш “ад сябе”, вураеўскага?
– Канечне, мы не здраджвалі свайму стылю. Але гэтым разам я яшчэ больш імкнуўся захаваць у спеве мікрамовы рэгіёнаў, нават асобных вёсак. Тое ж з мелодыяй: калі раней мы больш змянялі і прыдумлялі, то цяпер трымаемся першакрыніцы. З арыгінальных фішак – можна пачуць аўтэнтычнае выкананне гурта “Вытокі” з вёскі Дзятлавічы.
-
– Чаму менавіта Палессе?
– Так павялося… Тут зацікаўленасць і мая асабістая, і гурта, і сама назва – “Vuraj” – палеская. Асабліва мяне ўражваюць мікрамовы. Яны ўсе розныя! Кожная песня ў альбоме – на сваёй адметнай мове. Такія рэчы вельмі натхняюць.
-
– Колькі вёсак вы аб’ехалі ў час экспедыцый?
– Насамрэч, я ездзіў не толькі дзеля альбома, проста вандраваў цягам некалькіх гадоў… А пачынаў яшчэ ў 2012-м. Усяго вёсак больш за сотню аб’ехаў, можа, і больш.
-
– У цябе ёсць улюбёная песня з “Lito”?
– Складана вызначыцца. Мы імкнуліся перадаць розныя настроі. Нейкі час мне падабаецца ў сваёй меланхалічнасці кампазіцыя “Lito”. Іншым разам – фінальны трэк, дзе спяваюць “Вытокі”, такое сутыкненне аўтэнтычнасці і сучаснасці.
-
– Наколькі старыя гэтыя песні?
– Песні, што ўвайшлі ў “Lito”, – адны з самых старажытных у Беларусі. Яны налічваюць сотні год, узяць тую ж “Карагодную”. Яна паходзіць з абраду, а яшчэ раней – з замовы, то бок, размова ідзе ўвогуле пра дахрысціянскі час.
-
– Колькі вы працавалі менавіта над запісам альбома?
– Месяц. Пісалі ад шасці раніцы да дзевяці вечара, кожны дзень. Можна сказаць, час быў даволі складаны. Але нам трэба было “выдаць”. Калі б расцягнулі на большы перыяд, то навыдумлялі б і таго, і гэтага… А так мелі нейкія абмежаванні.
Саўнд-прадзюсарам альбома выступіў намінант на Грэмі Томаш Рагула (Польшча), які раней працаваў з гуртом “Троіца”. Запіс адбываўся на варшаўскай TR-Studio і студыі Everest у Менску з удзелам польскай скрыпачкі Караліны Матушкевіч, а таксама – аўтэнтычнага палескага калектыву “Вытокі”.
Ён не толькі гучыць у альбоме “Lito”, але й адкрыў яго прэзентацыю. Яшчэ адзін спецыяльны госць вечара – менскі гурт “Рада”.
Як заявіў “Vuraj”, гэты канцэрт быў адзінай прэзентацыяй альбома, больш за тое – адзіным выступам на нейкі час: “Мы вырашылі зрабіць толькі адзін канцэрт, пасля чаго робім паўзу. Дзякуй усім, хто заўсёды з намі!”
Тэкст: Наста Грышчук
Фота: Марына Варабей