Дзесяць запрошаных керамістаў з трох краін – Балгарыя, Расія і Беларусь – працавалі цягам двух тыдняў на пленэры ў Лынтупах. Фестываль “Дым”, што прайшоў 24 жніўня, – фінішная прамая. Свята і выстава дзясяткаў унікальных мастацкіх работ.

Пра арганізатарак фестывалю Дар’ю Мандзік і Анастасію Мілаванаву мы пісалі раней.

Як распавяла Дар’я, пяцёра керамістаў былі з Беларусі. Па прыблізных падліках, фэст наведала каля двухсот гасцей, у тым ліку замежныя турысты, збольшага палякі, таксама літоўцы і расіяне. “Мы планавалі, што выставім свае работы проста на траўку… Але знайшліся майстры-дэкаратары, якія зрабілі мастацкую экспазіцыю”.

“Усе віды абпалаў, якія мы планавалі, удаліся: у вогнішчы, у ямах, у апілках, у бананавых корках… Але самы экзатычны і складаны абпал – раку, калі з газавай печы шчыпцамі дастаюцца гарачыя вырабы і абпальваюцца дадаткова, у нас гэта быў земляны абпал”.

Адмыслова для фэсту керамісты склалі дрывяны горан на тэрыторыі “Культыватара” (культурніцкі цэнтр). Тут жа праходзіла выстава-кірмаш, а роўна праз дарогу – народныя гулянні, якія арганізоўвалі мясцовыя ўлады.

На плошчы каля сельсавета на памяць (прынамсі, да наступнага года, бо падрыхтоўка да “Дыму-2020” ўжо ідзе) засталася вогненная статуя – “Локіс” у сучасным пераасэнсаванні. Пярэварацень-мядзведзь, які ў нашыя дні выглядае дзёрзкім пацаном у адзідасе. Як сцвярджае мясцовы краязнаўца Алесь Гарбуль, Праспер Мерымэ “ўзяў” свайго локіса якраз з Лынтупшчыны.

Gepostet von Tatyana Novikova am Sonntag, 25. August 2019



Аўтар відэа Таццяна Новікава

Вогненныя статуі – традыцыйная фішка еўрапейскага керамічнага фестывалю. У Беларусі такое зрабілі ўпершыню. Статую ад пачатку ляпілі ў Лынтупах. У дзень фэста яна ад самай раніцы стаяла на адмысловай пячы, загорнутая ў вогнеўстойлівую коўдру, “набірала градус” да дзясятай вечара. Кульмінацыя фэста – раскрыццё вогненнай статуі.

Фота Рамана Забелы

Музычныя пляцоўкі таксама дзве. Фольк гучаў на гарадской плошчы (этнастудыя “Кетры” і легендарныя “KRIWI”) , класіка – у касцёле (камерны аркестр “Еўропа-Цэнтр” пад кіраўніцтвам Раіля Садыкава).

Касцёл св. Апостала Андрэя пабудаваны ў 1911 годзе ў стылі неабарока. Архітэктар Тадэвуш Раствароўскі, вядомы віленскімі работамі, працаваў па замове Юзафа Бішэўскага. Бішэўскія – апошні род, які валодаў гэтымі землямі. Той жа Раствароўскі спраектаваў палац, які сёння рэстаўруецца.

Тэкст: Наста Грышчук
Фота: Генадзь Заяц

Чытайце таксама:
Palina, Ляпіс 98 і ЛСП. Як беларусы выступілі на “Zaxidfest”
“Нам тут малевічаў не трэба!..” Гісторыя мастака, які з’ехаў з Мінска ў Слонім
Слімакі, гарбузы і самасвядомасць. Як прайшло першае свята вёскі ў Новым Полі