У асабістай бібліятэцы Міхала Бараноўскага – каля дзвюх тысяч кніг. І размова не пра класічны савецкі збор з “Айвенга”, томікамі Крысці і рускай класікай. Калекцыю Міхала складаюць рэдкія кнігі, пра якія нават гугл ведае мала.

Паляванне на іх ішло чатыры гады: рэйды па букіністах, маніторынг аўкцыёнаў, паездкі ў гатаўскія гаражы і аднушкі, забітыя кнігамі пад самую столь. Разам з кнігамі назбіралася нямала гісторый, збольшага сумных, а часам нават страшных.

БУКІНІСТЫКА ДЛЯ ХУТКІХ

Усё пачалося з цікаўнасці да перакладніцкіх серый – “Скарбы сусветнай літаратуры”, “Бібліятэка замежнай прозы”, “Паэзія народаў свету”. Цяпер самае старое выданне ў калекцыі – томік рускага паэта Хераскава за 1797 год (дарэчы, паходзіць кніга са збораў сумнавядомага Лукаш Бэндэ, пра якога яшчэ распавяду). Графаманішча свайго часу, але кніга дарагая, спатрэбіцца для абмену. З апошніх набыткаў – нумар газеты “Наша Ніва” 1914 года. Вельмі ганаруся, што ўдалося знайсці прыжыццёвыя публікацыі Багдановіча і папоўніць імі фонды музея (Міхал працуе ў музеі Максіма Багдановіча ў Мінску – Н.Г.).

Ёсць кнігі з аўтографамі топавых пісьменнікаў: Танк, Крапіва, Лынькоў, Караткевіч, Барадулін, Сыс, Мележ, Брыль, Быкаў… Але адмыслова за подпісамі не ганюся. Галоўнае – змест. Не магу ўтрымацца перад кнігамі рэпрэсаваных: яны выходзілі ў Дзяржаўным выдавецтве БССР напрыканцы 1950-х – напачатку 1960-х гадоў, пасля рэабілітацыі.

Ці трапляюцца падробкі? Аднойчы набыў кнігу Быкава з яго подпісам, а назаўтра ўбачыў там жа такую самую кнігу. З такім жа подпісам. Набываць не стаў.

Букіністыка – справа аператыўных рашэнняў: хто паспеў, той займеў. Вось першая кніга Караткевіча: прыходжу ў краму, а чалавек проста перада мной яе набывае. Кажу, можа, саступіце? “Не!”А праз тыдзень набыў гэтую самую кніжку – крыху даражэй – у іншай краме.

Аднойчы прыдбаў у краме цэлы пачак беларускіх даваенных кніг. Аддаў за яго ўсё, што меў. Кажу прадаўшчыцы: калі ўласнік збору яшчэ што прынясе, паведамляйце. Праз нейкі час сапраўды звяртаецца: вось, маўляў, калі цікавіць, вам перадалі тэчачку. Перапіска Караткевіча, фатаздымкі, паштоўкі, калі трэба, забірайце… Хуткасці, з якой я пакінуў краму, мог пазайздросціць і Усэйн Болт, і Юлія Несцярэнка, і іншыя алімпійскія чэмпіёны. Праз нейкі час па гэтых матэрыялах падрыхтаваў публікацыю. Зараз набыткі скіраваныя якраз на тое, каб потым пісаць нататкі і знаёміць людзей з крутымі вершамі і іх аўтарамі. Сапраўдны кайф, калі табе дзякуюць за (наноў)адкрытае імя, што патрапілася ў непрыкметнай савецкай кніжыцы.

КНІГІ НА СОРАК КІЛО

Часта набываю кнігі з рук, у нашчадкаў, якія пазбаўляюцца ад майна спачылых родзічаў. Яны нават не спрабуюць разабрацца, збываюць усё цэлымі мяхамі. Так я прыдбаў аднойчы сямейны архіў – дакументы, паштоўкі, здымкі. Пытаюся ў людзей: “Вы ўпэўненыя? Можа, не паглядзелі? Тут фатаздымкі вашага прадзеда, а вось лісты бабулі з часоў царскай Расіі…” “Не, – кажуць, – нам не трэба. Усё адно ў макулатуру пойдзе”. Плячыма паціснуў і разлічыліся.

Гандаль родавай памяццю – яшчэ не самае страшнае. У такім выпадку ёсць шанец, што яна трапіць да людзей неабыякавых. А бывае, каштоўныя сведчанні ідуць проста на сметніцу. Ездзіў неяк у Гатава да хлопца, які прадаваў даваенную беларусіку. Увесь гараж забіты кнігамі. Пытаюсь, адкуль? Сказаў, што памерла адна жанчына і сваякі вывезлі ейную бібліятэку, ён дапамагаў грузіць. Хлопцу стала шкада тых кніг, частку адвёз у гараж.

А там – першая кніжка Куляшова. Процьма рэдкасцяў, і большая частка – з аўтографамі. А калі ўлічыць гісторыю прозвішча, на якую кніжкі падпісваліся, то ўвогуле дзіўна, што сваякам было настолькі абыякава… Кнігі аказаліся з асабістага збору высокага чыноўніка часоў БССР і ягонай дачкі, выкладчыцы з філфака. Я ў той дзень узяў каля 200 тамоў – 40 кілаграмаў. Ледзь дацягнуў з Гатава да родных Шабаноў.

ЦЁМНЫ БОК БУКІНІСТЫКІ

Нядаўна на аўкцыён патрапілі кнігі з бібліятэкі Алеся Дудара, з яго аўтографамі. Людзі іх пазналі. Сказалі чалавеку ў тэме – Ганне Севярынец. Яна пачала актыўную дзейнасць, спробы выкупіць кнігі, якія некалі гартала проста ў доме нашчадкаў Дудара. І вось – на аўкцыёне… Такія сітуацыі хочацца абыходзіць бокам, бо насамрэч рэдкія кніжкі вельмі пазнавальныя. Трэба быць кашчэем, каб займець кнігу з крымінальным паходжаннем. Што з ёй рабіць? Ты не пахвалішся сябрам, не зможаш яе прадаць ці абмяняць, хіба ў міліцыю здаць. Трапляеш у патавую сітуацыі, рукі – заплямленыя. А з бібліятэкай Дудара так і не разбраліся. Як кнігі трапілі ў продаж – невядома.

Самыя мутныя кнігі, якія праходзілі праз мяне – кнігі з асабістага збору Лукаша Бэндэ. Ён быў крытыкам у сталінскія часы, пісаў даносы на пісьменнікаў, а потым прыбіраў да рук кнігі сваіх ахвяраў. Я вычытаў у лістах Дубоўкі, што жонка Бэндэ напрыканцы 1950-х прадала вялікую частку збору ў музей-архіў літаратуры і мастацтва. Падчас перадачы частка кніг нейкім чынам сышла ўбок… І вось, праз паўстагоддзя, яны ўсплылі. Зноў жа, іх адразу пазналі. Але вось што цікава: гэты чалавек, які ў 1950-х сцягнуў частку бэндаўскай бібліятэкі, паўвеку над імі тросся і толькі перад смерцю перадаў у спадчыну, упэўнены, што гэта вялікая каштоўнасць. Кайф уладання? Не разумею такіх людзей. Плюшкінізм – тое, чаго вельмі хацелася б пазбегнуць.

БІБЛІЯФІЛ ЯК ДЫЯГНАЗ

Неяк глядзеў кнігі ва ўдавы, якая пазбаўлялася ад бібліятэкі мужа. Скардзілася, як ёй абрыдлі “гэтыя кніжкі”. Пойдзе муж у краму. Яна пытаецца: хлеба купіў? “Не, не купіў… Кніжку купіў”. Гэтая ж жанчына распавяла: неяк спяць, і раптам чуецца страшны трэск – на ложак абрынулася шафа з кнігамі. Абышлося без калецтва. Але вельмі б не хацелася аказацца пахаваным пад уласным зборам. Бо вядомыя і трагічныя развязкі…

Калі згадваю іншую гісторыю, бярэ экзістэнцыйная туга. Памёр бібліяфіл, ці нават бібліяман – некаторых выданняў было па штук сто аднолькавых. Дзеткі атрымалі кватэру і вырашылі ачысціць прастору. Я прыехаў глядзець кнігі… Там не было мэблі. Толькі кніжныя паліцы. У шафе для вопраткі – кнігі. Ложка няма – насціл з дошак стаіць на кнігах. Лавы на кнігах. У кожнай – подпіс і пячатка. А ў некаторых – тужлівыя надпісы, напрыклад, “самоподарок к 70-летию”, “самоподарок к Новому Году”. Больш шчымлівага слова я ніколі не сустракаў – “самоподарок”.

Ёсць людзі, якія займаюцца актыўным перапродажам і скупляюць літаральна ўсё. Прыехаў я раз да такога – а сценаў проста не бачна: кнігі стаялі роўненька ад падлогі да столі, шчыльнымі шэрагамі.

Пасля ўсіх гэтых гісторый я катэгарычна абмежаваў прастору для бібліятэкі – тры невялікія шафы. Праўда, пад завязку – між тамамі не ўціснеш ліст паперы. Калі трапляецца што цікавае, ад нечага прыходзіцца пазбаўляцца.

ТОНКАСЦІ СПРАВЫ

Наконт кошту можна параіцца з прадаўцом, які ведае рынак. Камісія ў букіністыцы – каля 30%.

Хочаш прадаць за свой кошт – мусіш чакаць. Год, два, тры… А калі прадаць трэба хутка, смела адымай палову. Тая ж “Наша Ніва” напачатку прадавалася за 95 рублёў, а набыў я яе за 50. “Нашай Нівы” я не бачыў у продажы гадоў пяць, а за апошні месяц сустрэў чатыры экзэмпляры. Чым больш іх з’яўляецца – тым яны таннейшыя.

Букіністыка цяпер перажывае вялікі ажыятаж. Чэргі існуюць нават не на здачу кніг, але на тое, каб толькі запісацца на здачу. Самыя вядомыя ў Мінску букіністыкі – “Вянок” у Траецкім прадмесці, “Веды” на Карла Маркса, колішняя “Эўрыка” (цяпер крама БелКнігі) на Камароўцы, “Букініст” на Якуба Коласа і “Кніжны двор” каля парка Чалюскінцаў. “Кніжны двор” прымае кнігі проста з рук, то бок іх набывае сама крама.

Часам у продажы з’яўляюцца вельмі цікавыя экзэмпляры. Накшталт “Гісторыі крыўскай кнігі” Вацлава Ластоўскага 1926 года, выданняў друкарні Марціна Кухты, рэдкія аўтографы. У сеціве шукаю на ўсім вядомых пляцоўках. Але каб вывудзіць нешта вартае – патрэбны час. Шмат часу. На дзесяць тысяч аб’яў можа быць адна, якая цябе зацікавіць. На маніторынг аддаю да 30 хвілін амаль штодня, каб колькі разоў на месяц нешта набыць.

Ну і добрыя кніжкі добра каштуюць, таму даводзіцца добра падумаць перад тым, як нешта займець. Нюх у гэтай справе вельмі важны. Ведаю бібліяфілаў, у якіх чуйка развітая проста ваўчыная. Знойдуць там, дзе другія нават і не падумалі б паглядзець. Але гэта ўсё праз досвед і любоў да кніжкі.

Тэкст: Наста Грышчук
Фота: Наста Грышчук, Генадзь Заяц

Чытайце таксама:
“Нам тут малевічаў не трэба!..” Гісторыя мастака, які з’ехаў з Мінска ў Слонім
Як скласці радавод да дзясятага калена? Парады чалавека, які змог