Філаматы і філарэты.

Таемныя студэнцкія арганізацыі, якія існавалі ў Вільні ў перыяд з 1817 па 1823 год. Пачалося з таго, што Адам Міцкевіч і Тамаш Зан вырашылі стварыць суполку, мэта якой – узаемадапамога ў навучанні і творчасці, годнае служэнне Айчыне. Напісалі статут. На першым сходзе сабралася 6 чалавек. Здавалася б, нічога крымінальнага… Але праз шэсць гадоў многія сябры таварыстваў апынуцца ў турмах, а пасля – у пажыццёвых высылках. Тэкст чытае Андрусь Такінданг.

Рыгор Шырма (1892 – 1978)

Заснавальнік Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы. Стварыўшы хор у 1939 годзе, Шырма заставаўся галоўным дырыжорам і кіраўніком яшчэ 30 гадоў. Апрача таго выступаў як фалькларыст – сабраў больш як 2000 беларускіх народных песен. А таксама паказаў сябе выдатным настаўнікам. Як доказ – словы Гаўрыіла Траяпольскага, аўтара аповесці “Белы Бім Чорнае вуха”, які быў вучнем Шырмы: “Я не стаў бы пісьменнікам, калі б не сустрэў Рыгора Раманавіча. Ён навучыў нас думаць над прачытаным”. Тэкст чытае Ігар Палынскі.

Яўгенія Янішчыц (1948 – 1988)

Паэтка, якую Ніл Гілевіч называў “палеская ластаўка”. Таленавітая прыгажуня скарыла чытачоў і крытыкаў ці не адразу ж пасля першай кнігі “Снежныя грамніцы”. Яўгеніі было на той час 22 гады. Яна мела непараўнальны, незабыўны паэтычны голас. Яна зрабіла кар’еру ў Саюзе пісьменнікаў. І ў той жа час асабістае жыццё паэткі складвалася не вельмі ўдала… Тэкст чытае Ганна Лутава.

Кірыла Тураўскі (1113 – 1182)

Царкоўны дзеяч, аскет, прапаведнік. Меў літаратурны талент, пісаў асветніцкія творы, і сучаснікі называлі яго Златавустам – за выбітныя аратарскія здольнасці. Доўгі час ён быў епіскапам тураўскім, і тым не менш, звестак пра жыццё Кірылы засталося няшмат… Тэкст чытае Андрусь Такінданг.

Наталля Арсеннева (1903 – 1997)

Апальная паэтка. Як жонка польскага палоннага афіцэра Наталля Арсеннева была высланая разам з дзецьмі ў Казахстан у 1940 годзе. Па вяртанні на радзіму, у Мінск, трапіла пад нямецкую акупацыю. Так што ў 1944 годзе вымушаная была эміграваць у Германію, каб пазбегнуць абвінавачванняў у супрацоўніцтве з акупантамі. Доўгі час не толькі вершы, але й імя паэткі было пад забаронай у краіне саветаў… Тэкст чытае Ганна Лутава.

Ігнат Буйніцкі (1861 – 1917)

Стваральнік беларускага тэатра. Упершыню вывеў народныя танцы на прафесійную сцэну, дый увогуле – захапляўся харэаграфіяй. Як акцёр найчасцей выступаў у ролях характарных, гумарыстычных. Пачынаў з самадзейнага тэатра ў 1907 годзе, а ўжо праз тры гады заснаваў прафесійную акцёрскую трупу, якая насіла імя Буйніцкага. Пасля Першай сусветнай сабраў новы тэатр, які паклаў пачатак сучаснаму драмтэатру Якуба Коласа. Тэкст чытае Юры Усціновіч.

Кастусь Каліноўскі (1838 – 1864)

Рэвалюцыянер, публіцыст, паэт. Найбольш вядомы як адзін з кіраўнікоў нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 – 1864 года. Уласна, у Беларусі так яно і завецца – паўстанне Каліноўскага. Выдаваў газету “Мужыцкая праўда”. Пакінуў запавет беларускаму народу “Лісты з-пад шыбеніцы”. Тэкст чытае Ігар Палынскі.

Марк Шагал (1887 – 1985)

Мастак. Адзін з найбуйнешых прадстаўнікоў еўрапейскага авангарднага мастацтва ХХ стагоддзя. Найбольшы гонар Віцебска, дзе Шагал нарадзіўся і пачынаў пісаць, дзе вучыўся ў майстэрні Іегуды Пэна. Стваральнік Віцебскай народнай мастацкай школы. З 1922 года жыў за мяжой, працаваў у самых розных тэхніках – ад літаграфій да стварэння вітражоў у Рэймскім касцёле, але найбольш вядомы як жывапісец. Паэт (на беларускую мову вершы Шагала пераклаў Рыгор Барадулін). Тэкст чытае Ганна Лутава.

Стэфанія Станюта (1905 – 2000)

Акторка тэатра і кіно. Жанчына-эпоха: пачынала кар’еру ў трупе Фларыяна Ждановіча, а ў 2001 годзе выйшаў апошні фільм з удзелам Станюты. Грала і ў першым беларускім драматычным тэатры (БДТ-1, цяпер – Купалаўскі), і ў другім (віцебскі тэатр імя Якуба Коласа). За ўвесь час мела каля 200 роляў у тэатры і знялася больш як у 70 фільмах. Тэкст чытае Паліна Паланейчык.

Канстанцін Астрожскі (1460 – 1530)

Адзін з самых славутых (і паспяховых) палкаводцаў Вялікага Княства Літоўскага. Здабыў перамогу больш як у 60 бітвах, сярод якіх самая слынная – бітва пад Оршай 1514 года. Змагаўся з крымскімі татарамі і маскавітамі. А яшчэ быў мецэнатам (збольшага – даваў грошы на будаўніцтва цэркваў і манастыроў). Тэкст чытае Юры Усціновіч.