Яшчэ за 53 гады да таго, як нарадзіўся Ньют Саламандар, вядомы чараўнік і аўтар кнігі “Фантастычныя звяры і дзе іх шукаць”, беларускі пісьменнік Ян Баршчэўскі выдаў кнігу “Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях”. У 1844 годзе свет даведаўся пра існаванне дэманічнага ката Варгіна, Вужынага Цара, Вадзяніка з русалкамі, Дамавіка, Лесуна, ваўкалакаў і цмокаў, выведзеных з яек, наседжаных чорнымі пеўнямі…
Зрэшты, беларусы ведалі гэтых дзіўных істотаў спрадвеку. Ян Баршчэўскі стаў першым, хто звярнуў на іх такую пільную ўвагу.
Сучаснікі параўноўвалі кнігу “Шляхціц Завальня” з казачным цыклам “Тысяча і адна ноч”. Сённяшнія чытачы называюць Баршчэўскага заснавальнікам беларускага фэнтэзі. Нас прывабліваюць змрочныя гісторыі і містыка гэтай кнігі… Але ў ёй, вядома ж, ёсць большае: партрэты людзей, што ўвесь час сутыкаюцца з выпрабаваннямі, іх традыцыі, жывыя дасюль, і светапогляд, дакладныя замалёўкі з побыту беларусаў.
Ян Баршчэўскі пісаў у прадмове: “Жыхары гэтага краю, а менавіта Полацкага, Невельскага і Себежскага паветаў, спрадвеку пакутуючы, зусім змяніліся характарам; на іх тварах заўсёды адбіты нейкі смутак і змрочная задумлівасць. У іх фантазіях увесь час блукаюць нядобрыя духі, якія, аднак, служаць злым панам, чараўнікам і ўсім непрыяцелям простага люду. Я нарадзіўся там і вырас, іх скаргі і журботныя апавяданні, як гоман дзікіх лясоў, навявалі на мяне заўсёды змрочныя думкі і з дзяцінства былі маёй адзінаю марай”.
І пачынаецца “Шляхціц Завальня” не з казкі пра пачвараў – з рэалістычнага нарысу пра паўночную Беларусь.
Тэкст чытае Ігар Палынскі
Ілюстрацыі Валерыя Славука