Найперш вядомы як музыка, ён застаецца мастаком. Што нам асабіста прыдалося: анімацыю ў праектах “Ногі ў рукі” і “Знакамітыя беларусы” робіць Андрусь Такінданг. Мастацтва стала ключавой тэмай гэтай размовы. А пачнем з пытання пра “знак якасці” – пацверджанне статусу творчага работніка.

ПЯЧАТКА МАЙСТРА

У мяне ёсць! Прадставіў справаздачу за творчую дзейнасць на высокі суд камісіі. Маю афіцыйную пячатку — можна жыць. Гэта каштоўны досвед. Унікальная магчымасць вярнуцца ў час, калі я яшчэ й не нарадзіўся. Адчуваеш сябе Бродскім! “Дзе вы работаеце, таварыш паэт?!” Ці, як кажуць, “паймаюць, ножычкам чык-чык, тады даводзь, што ты не бык”.

СЦІЗОРЫК СВАБОДЫ

У дзевяностыя было папулярным беспрадметнае мастацтва. А я класы з трэцяй фігачыў на картоне ўсякія такія карцінкі. Мяне хвалілі. І я маляваў яшчэ больш. Дзядуля трохі трэніраваў – ён фізік, а ў маладосці меў свой гурт, маляваў. І ў пятым класе я паступіў у Парнат (каледж мастацтваў імя Ахрэмчыка – Н.Г.).
Знакавае месца, асяродак свабоды. Тут вучылі крытычна мысліць. Мы пілі, малявалі па начох, хаваючыся ад вахцёрак… Біліся з рэкецірамі, хадзілі на канцэрты і мітынгі. Маім спадарожнікам быў сцізорык-матылёк, у іншых — балончык ці ланцуг з ключамі. Гэта быў час, калі, стоячы ля кіёска па снікерс, мог атрымаць у галаву. Але мы не былі звычайнымі хуліганамі: мастацтва не давала сысці ў чыстую дэструкцыю.

ЗВЕР ЗА КРАТАМІ

У Акадэміі мастацтваў мяне пераклініла, і я пачаў маляваць супердрэнна. Не мог супаставіць унутраную свабоду з патрабаваннямі. І чым больш працаваў, тым горш атрымлівалася. Але для мяне адукацыя рэч важная. Ну так, я разумею, што далёкі ад акадэмічнага мастацтва, але набытыя веды аблягчаюць жыццё. Утаймоўваюць дурасць.

Гадоў пяць я быў рэстаўратарам, але заўжды разумеў: для такой працы патрэбныя вострыя мазгі, веды, іншы склад характару. І я прытрымліваўся галоўнага запавету рэстаўратара: лепш нічога не зрабіць, чым нашкодзіць.

ТВОРЧЫ СЁРФІНГ

Сёння мастак мусіць бачыць культурную сітуацыю. На непрадказальнай хвалі мастацтва ён балансуе на сваёй, унікальнай дошцы творчасці. Чалавек, які ўмее сёрфіць, — вось хто цяпер мастак. Ідэю можна трансляваць як захочаш – з дапамогай алею, крыві, відэа, ды хоць фекалій. Важна адно: наколькі паспяхова рэалізуеш сваю творчасць? Які гэта атрымае розгалас? Як паўплывае на грамадства?
Але я з тачанкай гною на плошчу не пайду. Калі казаць пра маё мастацтва, гэта сродак сузірання ўсярэдзіну. Вонкі яно мінімальна выяўляецца. Такі медытаўны працэс, калі раствараешся ў паперы. А ўсе гэтыя перформансы… Мне пагарла хапае выступаў на сцэне.

КРЫЗІС КРЫТЫКІ

У Беларусі няма крытычнай мастацкай думкі. Не хапае такіх жорсткіх закалотаў, каб нехта сказаў: што за гаўно!.. Цяпер у нас эпоха метамадэрну, можа існаваць і тое, і тое. Так, гэта камфортна, але мне асабіста бракуе вастрыні. А ўвогуле я хацеў бы, каб існавалі рэлігійныя дыспуты: дык колькі, колькі анёлаў змяшчаецца на вастрыі?.. Жыць аднымі практычнымі пытаннямі нецікава.

БЫЦЬ ШЧАСЛІВЫМ

Я будую сваё жыццё так, каб мець шчасце. У юнацтве былі жаданні кшталту “стаць самым крутым мастаком у свеце”. А з узростам жаданні такія: быць шчаслівым, дажыць да панядзелка, каб галава не балела, каб настрой быў добры. Нехта абірае шлях універсальнага жаўнера, а для мяне важна ўмець радавацца жыццю.

МОВА

Згадваецца савецкі анекдот. Васьмідзясятыя. Заходзіць мужык у аўтобус, а там стаіць негр, адзін з першых, што наведаў Саюз. І мужык такі: “Ааа!.. Глядзіце, глядзіце! Абізьяна!” Ну й міліцыянер адразу: “Таварыш, вы што, гэта наш друг, таксама камуніст, прыехаў з Камеруна…” Мужык падыходзіць да негра: “Здраствуй!” “Здраствуй.” “Ааа, яна яшчэ і гаворыць!..”
Нешта падобнае, калі ў мяне пытаюцца пра мову.

МЕСЦА МОЦЫ

У дзяцінстве так класна было прыязджаць у Мінск. На вёсцы сена грабеш, карову пасвіш, жукі каларадскія… А ў Мінск прыязджаеш – чысценька, асфальцік, тэлевізар з кабельным, на эскалатары пракацішся — вось ён, рай!.. Але цяпер разумееш, што пасля вёскі ты моцны – камяні рукамі крышыш. І таму я ўдзячны вясковаму дзяцінству. Тады ўзнікла прага ствараць. Ідзеш з працы стомлены, рукі віснуць да зямлі, а кругом прастор, і думка варушыцца, і ты спяваеш.

Апошнім часам распытваю вясковых, што ж чакае вёску. А яна знікае. Аўтобусы ходзяць, але нікога не возяць. Мы маем вялікае зямельнае багацце, абшары зямлі, на якіх нічога не адбываецца.

Я шмат дзе быў. Аднак мой погляд – ён як бы з крывога люстэрка: прыязджаеш у райскі сад, граеш канцэрт, атрымліваеш ганарар і ведаеш, што вернешся ў сваю сталіцу. Вядома, ёсць думкі: дзе тут людзі працуюць? Як жывуць? “Ой, як шкада, тут, пэўна, няма добрай працы… Ладна, хлопцы, паехалі ў Мінск”. Ты разумееш, што гэта нядобра – закінутыя хаты, каларытныя мужычкі “бяруць на вексель”, – і адначасова бачыш у гэтым прыгажосць.

Тэкст: Наста Грышчук