“Анкета падарожніка” – спецпраект Haroshak.by, прысвечаны людзям, якія вандруюць па Беларусі. Наш герой сёння – машыніст з Баранавічаў Юрый Паўлоўскі, які падарожнічае выключна на ровары.

Хто: Юрый Паўлоўскі.
Нарадзіўся і вырас у Баранавічах. Працуе на чыгунцы машыністам.

Стаж: 200+ аб’ектаў.
У падарожжы па Беларусі (і не толькі) я ўцягнуўся яшчэ ў школьныя гады – усё пачыналася з турыстычнага кружка. Далей гэтае захапленне толькі прагрэсавала. Некалькі гадоў таму вырашыў падарожнічаць менавіта па гістарычных мясцінах і дзяліцца здымкамі ў сацсетках. За гэты час наведаў больш за 200 лакацый – збольшага ў Берасцейскай і Гродненскай вобласці.

Тут і далей фота з асабістага архіву героя.

Сфера цікаўнасцяў: архітэктура.
Цікавяць сядзібы і маёнткі, храмы і фартыфікацыі. Складаючы маршрут, выкарыстоўваю інтэрнэт-крыніцы і літаратуру, у першую чаргу – кнігі Анатоля Федарука, Леаніда Несцерчука і Рамана Афтаназі.

Стыль: толькі ровар.
У маіх падарожжаў ёсць адна асаблівасць: я падарожнічаю выключна на ровары. Гэта вельмі зручна, бо да некаторых месцаў іначай не дабрацца. А ў сувязі з маларухомай працай – добры сродак падтрымліваць сябе ў форме.

У мяне два ровары – горны і гібрыдны. Апошнім часам часцей езджу на гібрыдзе: большасць паездак аднадзённая, і амаль усе маршруты праходзяць па асфальце.
Мая экіпіроўка – гэта заплечнік з перакусам, рэмкамплект, фотаапарат. Калі на некалькі дзён еду – звычайны турыстычны рыштунак: намёт, спальнік, посуд, гарэлка, дыванок.



Адкрыццё: Траецкі касцёл у вёсцы Лыскава.
Мяне часта здзіўляюць месцы, якія адпачатку ў маршрут не ўваходзілі. Так было з Траецкім касцёлам у Лыскаве. Я пра яго, калі шчыра, нават і не ведаў. Ехаў тады з Ваўкавыску ў Ружаны. У Падароску павярнуў па ўказальніку на вёску Краскі: у душы цеплілася надзея, што мне ўсміхнецца ўдача і я змагу трапіць на тэрыторыю сядзібы Сегеняў. Цяпер гэта прыватная тэрыторыя, там ідзе рэстаўрацыя.

Прыехаў, упёрся ў плот і пацалаваў замкнёную брамку. Мапа паказала, што да сядзібы можна пад’ехаць з процілеглага боку, праз леса-палявыя дарогі. Зрабіць мне гэта не ўдалося, праўда. Але калі аб’язджаў, з трасы пабачыў храм.

Уразіла тое, што калі ўязджаеш у Лыскава, храм вырастае перад табой ва ўсім сваім харастве. Гэта было нечакана. У касцёле месцамі захаваліся фрэскі.
У той дзень у выйшаў вялікі кіламетраж – каля 200 км.


Траецкі касцёл у в. Лыскава (Пружанскі раён)

Расчараванне: сядзібны дом у Воранаўцы.
Расчароўваюць найчасцей аб’екты, да якіх дабралася беларуская рэстаўрацыя. Часам да іх умяшальніцтва месца выглядае намнога больш прывабна і цікава, з нейкім сваім духам часу… А пасля рэстаўрацыі атрымліваецца дзікі “навадзел”.

Іншы бок медаля – месцы, якія на здымках пяці-дзесяцігадовай даўніны выглядаюць вельмі добра, а прыязджаеш – сядзіба занядбаная, з забітымі вокнамі, разбураецца. Жывы прыклад з апошняй маёй паездкі – сядзібны дом у маёнтку Воранаўка.

Сядзібны дом у в. Воранаўка (Воранаўскі раён).

Любімая гісторыя: байкі мясцовых жыхароў.
Нейкіх выбітных гісторый са мной не здаралася, толькі дробныя спрэчкі з прадстаўнікамі прафесіі вартаўнік: яны лічаць, што надзеленыя вельмі вялікімі паўнамоцтвамі. І тое пасля дыялогу змяняюць гнеў на міласць і пачынаюць баіць байкі пра “танк Тыгр у балоце” ды золата мясцовага памешчыка. Мясцовыя таксама збольшага ставяцца дабразычліва, цікавяцца, адкуль я прыехаў, і калі чуюць “Баранавічы”, моцна дзівяцца, як гэта мяне занесла ў іхнюю тмутаракань.

Самы страшны фэйл: зламаўся ровар за 40 км ад горада.
Зламаўся ровар, прычым даволі сур’ёзна, а да горада ехаць яшчэ кіламетраў сорак. Самае кепскае, што давялося каля 15 км ісці пешкі лясной гравійкай. Сувязь у тых месцах зусім не цягнула. Пазваніць сябрам і папрасіць мяне забраць не было магчымасці. А справа ішла да ночы…

ТОП-3 МЕСЦАЎ БЕЛАРУСІ:

1. Дом-крэпасць Нонхартаў у вёсцы Гайцюнішкі. Адзіны ў сваім родзе гістарычны аб’ект на тэрыторыі Беларусі.

2. Мястэчка Смаляны каля Оршы. У адным месцы шмат гістарычных аб’ектаў; асабліва падабаюцца руіны замка Белы Ковель.

3. Сядзіба Чацвярцінскіх у мястэчку Жалудок. Больш за ўсё прываблівае фасад, герб роду над уваходам і, вядома, крутая лесвіца.

Дом-крэпасць Нонхартаў у Гайцюнішках (Воранаўскі раён); касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і руіны замка Белы Ковель у Смалянах (Аршанскі раён); сядзіба ў Жалудку (Шчучынскі раён).

Блогі:
https://vk.com/id62557130
https://www.instagram.com/yury_pavlovskii/

Беларусь – гэта дзівосная і цікавая краіна са сваёй гісторыяй, традыцыямі, таямніцамі. Шкада, што многія так не лічаць і вельмі здзіўляюцца, калі даведваюцца, што такое ёсць у нашай краіне.

Глядзіце таксама:
АНКЕТА ПАДАРОЖНІКА. Сяргей Міхейчык: “Я пра гэта пашкадую, але ехаць трэба!”

Хочаце стаць удзельнікам праекта? Пішыце на пошту haroshak@zavadatar.com або ў нашых сацсетках.