“Анкета падарожніка” – спецпраект Haroshak.by, прысвечаны людзям, якія вандруюць па Беларусі. Наш першы герой – электрык з Дружнага Сяргей Міхейчык, аматар занядбаных будынкаў, яўрэйскіх могілак і роварных марафонаў.

Хто: Сяргей Міхейчык, 31 год.
Жыву ў няспраўджаным атамаградзе – пасёлку Дружны недалёка ад Мінска. Тут жа працую электрыкам на адным з прадпрыемстваў. Дружны старэйшы за мяне ўсяго на некалькі гадоў, гэтае месца максімальна пазбаўленае гістарычнай спадчыны. У дзяцінстве замкі і палацы здаваліся нечым паўфантастычным. Што тут казаць, сама Беларусь была нечым абстрактным…

Ці не духі старажытных балтаў, вызваленыя з дымам у час пажараў на мясцовых тарфяніках, падштурхнулі мяне да пошуку фрагментаў мазаікі пад назвай Беларусь?

Тут і далей фота з асабістага архіву героя.

Стаж: шэсць гадоў, 100+ аб’ектаў.
У 2014 годзе мне прапанавалі наведаць руіны сядзібы ў Раванічах. Так я адкрыў для сябе сайт “Глобус Беларусі” і склаў першы маршрут. Мяне спасцігла адкрыццё, што акрамя Нясвіжа, Міра, Брэста і Гальшанаў у Беларусі процьма цікавых мясцінаў. Як быццам дакрануўся да таемных ведаў!.. Колькі месцаў наведаў з таго часу, не лічыў дакладна, але болей за сто.

Сфера цікаўнасці: занядбанкі, старыя могілкі.
Найперш мая ўвага была скіраваная на закінутыя месцы. Што можа быць больш рамантычным і прывабным за старажытныя руіны палацаў, касцёлаў, бровараў?.. Аказалася, шмат што. Напрыклад, старыя, але дзейныя храмы. Гарадская забудова стогадовай даўніны. Брукаванкі. Плады творчай, інжынернай думкі і цяжкой фізічнай працы. Жывое ўвасабленне гісторыі! А паўжывое – на могілках. Старыя каталіцкія і яўрэйскія могілкі – асобны пункцік і любоў у падарожжах.

Могілкі ў Друі, Магілёве, Красным, Ляхавічах. Занядбаны млын у Відзах. Руіны бабруйскага вінзавода.

Дзейныя храмы ў Відзах, Ашмянах, Куранцы.

Стыль: як заўгода, куды заўгодна.
Прыехаць а 3-й ночы ў Слонім і ісці 15 км да гатычнай царквы? Лёгка! Праехаць 100 км на ровары з цяжкім заплечнікам да руін у Наднёмане? Я пра гэта пашкадую, але ехаць трэба. Можна на аўто праехаць маршрут? Паехалі! Карацей, больш сродкаў і метадаў, добрых і розных!
Заўжды весялей, калі кампанію складае нехта з сяброў. Але так атрымліваецца не заўжды. Чым менш у паездцы мяркуецца камфорту, тым большая верагоднасць, што ехаць давядзецца аднаму. Але я прывык.

Адкрыццё: руіны манастыра XVII стагоддзя ў Бярозе.
Вельмі недаацэнены турыстычны аб’ект. Насамрэч, прыемна прыехаць у месца, дзе няма ніводнага турыста (а я там быў двойчы). Але дзіўна, што ў тым жа рэгіёне турфірмы возяць людзей у Ружаны, Косава і Пружаны, праязджаючы міма аднаго з найбуйнейшых манастыроў былой Рэчы Паспалітай.

Расчараванне: палац Пуслоўскіх і Жыровіцы.
Найгоршы аб’ект – недасяжны аб’ект. Прыехаў, а там дзверы-вокны забітыя, плот, злы вартаўнік, рыштаванні. Так было з палацам Пуслоўскіх каля Косава. Хаця, баюся, калі паеду туды цяпер, выглядам адноўленага палаца буду засмучаны яшчэ больш. Люблю руіны!.. Калі б яны не мелі ўласцівасць разбурацца, я б усімі рукамі быў за тое, каб іх не чапалі. Такая вось дылема: альбо губляем дух старога месца, альбо губляем месца ўвогуле.

Неяк а 5-й гадзіне раніцы трапіў у Жыровіцы. Я ведаў, што храмы манастыра XV стагоддзя будуць зачыненыя. Але, прынамсі, можна пагуляць у ваколіцах, зрабіць некалькіх прыгожых кадраў… А на справе на тэрыторыю не трапіў, на ўсіх брамах замкі і нават пломбы. Так маё паломніцтва са Слоніма аказалася маларэзультатыўным.

Пакінутыя палацы Беларусі: Ястрамбель, палац Катлубаеў; Опса, палац Плятэраў; Раванічы, палац Слатвінскіх; Савейкі, палац Навіцкіх.

Любімая гісторыя: вартаўнік і памежны патруль.
Сузіранне архітэктуры – працэс даволі статычны і чакаць “кулсторы” не асабліва варта. Але бываюць выключэнні, асабліва калі месца ахоўваецца. У вёсцы Гразавок мелася сядзіба, пераробленая ў заводзік, які, у сваю чаргу, паспяхова збанкрутаваў. Нечакана з’яўляецца ахоўнік, пытае, хто такія і што трэба? Патлумачылі, ён сышоў. Хвілін праз дзесяць, прыкінуўшы, што ў такую глуш турысты ездзіць не могуць, а яго падманулі марадзёры, якія проста цяпер выносяць метал, прыбег з мацюкамі і пагрозамі міліцыяй.

У закінутай вайсковай часці ў Слуцку пасля доўгага шпацыру раптоўна высветліў, што часць не закінутая… Уратавалі ветлівасць і ўменне прыкінуцца дурнем.

Тыя ж якасці дапамаглі ў іншым падарожжы, калі высветлілася, што каталіся мы па памежнай зоне, – сустрэлі патруль на зваротным шляху.

Самы страшны фэйл: няма і, спадзяюся, не будзе.
Насамрэч, нават крыху крыўдна, што не магу пахваліцца выпадкам, калі быў на валасок ад смерці і цудам выжыў. Тым не менш, наведваць закінутыя месцы і руіны – заўжды рызыка. Спадзяюся, запас удачы і асабістая акуратнасць дазволяць ніколі не пазнаёміцца з праваленым дахам ці абрынутым мурам.

ТОП-3 МЕСЦАЎ БЕЛАРУСІ:

1. Манастыр картэзіянцаў у Бярозе.

2. Сядзіба Булгакаў у Жылічах. Вялікі прыгожы палац: ёсць адноўленая частка з музеем і яшчэ вялікі кавалак, які толькі збіраюцца даводзіць да ладу (туды ёсць доступ). Аб’ект па маштабнасці супастаўляльны з Нясвіжскім замкам.

3. Траецкі касцёл у Гервятах. Варыянт трывіяльны, тым не менш, гэта адзін з найпрыгажэйшых і найбуйнешых касцёлаў Беларусі. Не ўсё ж па развалінах лазіць.



Сачыць за падарожжамі Сяргея можна тут:
https://t.me/belarus_sacral
https://vk.com/sacral_by
https://instagram.com/mihulio88/
https://www.youtube.com/sacralby

Беларусь – гэта народ, які перажыве большую частку сваёй спадчыны з каменю і цэглы. І пакуль яна не зруйнавалася, добра было б паспець яе пабачыць!”

Хочаце стаць удзельнікам праекта? Пішыце на пошту haroshak@zavadatar.com або ў нашых сацсетках.