Кожны беларус хоць раз быў на вакзале ў Оршы.
Так лічыць новы герой нашых падарожжаў “Ногі ў рукі” Сяржук Доўгушаў.
Гэты горад мае асаблівае значэнне ў гісторыі Беларусі. І асаблівае значэнне – у асабістай гісторыі Сержука. На гарадзішчы збіраліся нефармалы, “валасатыя” – як іх называлі, і бітвы тут разгортваліся не менш эпічныя, чым усім вядомая на Крапівенскім полі.
Музей Караткевіча быў цэнтрам культуры. З аднаго боку – класічная экспазіцыя, з іншага – рок-канцэрты. “Прыязджалі цэлым натоўпам на канцэрт, і між іншым праглядалі кніжкі Караткевіча. Потым ужо я свядома прыязджаў менавіта “па Караткевіча”. Можна сказаць, ён звярнуў мяне да беларушчыны”. У музеі мы знялі самае цікавае – праўда, ёсць тут рэчы ну зусім нечаканыя…
Тусоўкі на Млыне. Сустрэчы каля Чабурашкі. Летнія вечары на Дняпры. Тры стаўпы аршанскага жыцця, і пра кожны Сяржук мае гісторыю. Мы ўсё гэта знялі, каб вы ўбачылі сапраўднае аблічча Оршы, без прыкрых стэрэатыпаў.
P.S. У час здымкаў высветлілася, што Сяржук – прафесійны кухар. Пра гэта – асобны сюжэт.
Таксама ў выпуску: дом Уладзіміра Караткевіча, Аршыца, езуіцкі калегіум, этнаграфічны музей, легендарная чабурэчная, кафэ “Мары”, аршанскі рынак, прыпынак “Орша – Барань – Балбасава”, мурал на будынку пажарнай часці.