Беларуская Швейцарыя, наш Крым, сталіца Палескай вобласці – усё гэта Мазыр. Пра яго распавядае новы герой “Ног у рукі”, “просты вясковы настаўнік” Віталь Рудак.
Вось, напрыклад, самы даўгі аўтамабільны мост у Беларусі. Ён злучае берагі Прыпяці, па якой з нядаўняга часу ходзіць цеплаход “Белая Русь”. А вось Мазырскі замак. Ну як замак – так яго назвалі аўтары архітэктурнага шэдэўра. Мясцовыя ўпарта называюць замак “кітайскім”. Ён паўстаў на сапраўдным старажытным замчышчы ў 2005 годзе – да святкавання Дажынак. З замкавай тэрасы бачны “Ленін на вогнішчы”, мазырскі касмадром і Калінкавічы.
Але самае галоўнае ў Мазыры – гэта лесвіцы. Драўляныя, бетонныя, жалезныя, яны ў горадзе больш папулярныя за грамадскі транспарт. Аўтобус па мазырскіх гарах можа ехаць хвілін 20 да чарговага прыпынку, а лесвіца прывядзе наўпрост да пункта прызначэння.
Таксама ў выпуску: Палеская архітэктурная школа, мадэрнізм, генерал Булак-Булаховіч, БНР, мазырскі тэатр, дом памешчыкаў Кіневічаў, паўстанне 1831 года, Кімбараўка, піваварны завод, паўстанне 1863 года, касцёл цыстарыянцаў, фабрыка запалак “Маланка”, Чортава Даліна і Даліна Анёлаў, загарадны трамвай, закінутая павятовая бальніца, “замак Радзівілаў”.