Кузьма Чорны – вялікі раманіст, які за два гады мог напісаць тры раманы, згубіць рукапісы і стаічна ўзяцца за новую працу. Равеснік ХХ стагоддзя, у 18 ён перажыў Першую сусветную вайну, у 38 – хвалю крывавых рэпрэсій, а ў 41 год сустрэў Другую сусветную. І ўсё гэта паспеў занатаваць. Зрабіць мастацтвам.

Тэкст чытае Ігар Палынскі.

Псеўданім узяў ад дзеда

Сапраўднае імя пісьменніка – Мікола Раманоўскі. Упершыню ён падпісаўся як Кузьма Чорны ў 1923 годзе ў газеце “Савецкая Беларусь”. Чорны – гэта вулічная мянушка дзеда пісьменніка, Міхася Парыбка. Той быў вядомым майстрам-сурвэтачнікам, а ўвесну абавязкова вадзіў унукаў у Скіп’ёўскі лес назіраць за прыродай.

Хацеў засіліцца праз каханне

З першай жонкай Зінаідай Кобрык Чорны пазнаёміўся ў 25 гадоў падчас літвечарыны ў Слуцку. Яна пісала вершы пад імем Іда Чырвань. Каханне ўспыхнула хутка – яны ажаніліся праз два месяцы пасля знаёмства.

Па ўспамінах сяброўкі Іды, Кузьма забяспечыў жонку ўсім: набыў ёй добрае паліто, чаравікі, сукенкі, капялюш. Абедалі ў рэстаранах. Ездзіла Іда толькі з рамізнікам – тагачасным конным таксі. А потым стала “дрэнна сябе паводзіць”, “завяла непрыгожыя знаёмствы”. Чорны пра гэта даведаўся і хацеў засіліцца. Сябры ўратавалі.

Але ёсць і іншая версія: гэта Чорны разлюбіў жонку, пазбягаў сустрэч з ёй і хацеў адкупіцца грашыма. Як бы там ні было, Іда вярнулася да бацькоў і яшчэ двойчы выходзіла замуж.

Кузьма Чорны з Ідай Чырвань, сёстрамі і братам.

Узначаліў “Узвышша”

У 1926 годзе ў папулярным літаб’яднанні “Маладняк” адбыўся раскол. З яго выйшлі самыя таленавітыя пісьменнікі, якім абрыдла пралетарская ідэалогія. Элітнае мастацкае аб’яднанне ўзначаліў Кузьма Чорны. Назвалі яго “Узвышшам”.

Узвышаўцы верылі ў чыстае мастацтва і пратрымаліся нядоўга – пяць гадоў. Іх хутка ўзненавідзелі “ідэолухі”. Адных узвышаўцаў арыштавалі (Дубоўка, Пушча, Бабарэка…), іншых – прымусілі падпісаць асуджальны ліст. Чорны таксама паставіў подпіс. А праз некалькі гадоў трапіў у турму.

Паўгода сядзеў у адзіночцы

У 1937 годзе НКУС сфабрыкавала справу СВБ – Саюза вызвалення Беларусі, які нібыта хацеў знішчыць савецкую ўладу ў БССР. Па гэтай справе ў адну ноч расстралялі дваццаць два пісьменнікі. Па гэтай жа справе арыштавалі ў 1938 годзе Кузьму Чорнага: выйшаў па лекі хворай жонцы – і прапаў.

Яго катавалі. Чорны пакінуў пра гэта жудасныя радкі ў дзённіку – першы з беларускіх пісьменнікаў. У турме ён трымаўся восем месяцаў, з якіх шэсць адседзеў у адзіночнай камеры. Урэшце яго выпусцілі – пры ўмове, што Чорны будзе сведчыць на судзе супраць пісьменніка Фёдарава-Чарнушэвіча. Але на працэсе Чорны адмовіўся ад сведчанняў. Больш за тое: заявіў, што даслаў на імя Панамарэнкі ліст з апісаннем, як менавіта тыя сведчанні выбівалі.

Чальцы “Узвышша”. Кузьма Чорны ў першым шэрагу, чацверты злева.

Працаваў у любых умовах

Кузьма Чорны працаваў над некалькімі творамі адначасова. Пару гадзін праводзіў над адным сшыткам. Пасля перапынку – пахадзіўшы па пакоі – сядаў да іншага.

Пасля арышту Чорны адразу ўзяўся за працу. За два гады напісаў тры раманы і навуковую работу – даследаваў “Новую зямлю” Якуба Коласа. У першыя дні вайны рукапісы згарэлі.

Уласна ў ваенны час Чорны працаваў у газеце “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Ён скардзіўся: “Як чорнарабочы, пісаў і пішу бесперапынна публіцыстычныя тэксты без подпісу, яны друкуюцца, устаўляюцца ў тэксты рэзалюцый… А я хаджу спрацаваны, хворы і жыву ў катуху”.

Пасля інсульту ў сорак другім годзе Чорны стаў губляць зрок. І ўсё адно – браў аркуш паперы, клаў трафарэт і, намацваючы пальцамі літары, працягваў пісаць. Так ён стварыў раман “Пошукі будучыні”.

Глядзіце таксама:
Межы, грошы, какаін. 7 фактаў пра Сяргея Пясецкага
Трывожнае шчасце ў камуністычным раі. Як жыў Іван Шамякін?
“Мой вораг – эпоха”. Забіты за п’есу Васіль Шашалевіч