Васіль Вашчыла не самы вядомы герой у цяперашняй Беларусі, але ён безумоўна варты ўвагі. У XVIII стагоддзі Вашчыла здолеў арганізаваць сялян на барацьбу за свае правы. Ён падняў узброенае паўстанне ў Крычаве, і хаця змаганне пацярпела паразу, вынікі яно прынесла: жыць сялянам на гэтай тэрыторыі стала лягчэй.

Тэкст чытае Наста Карнацкая.

Міфічны ўнук Хмяльніцкага
У час паўстання і пазней пра Васіля Вашчылу казалі, быццам ён – унук Багдана Хмяльніцкага. Гэта міф, хаця з Украінай сям’я Вашчылы сапраўды звязаная. Туды ў канцы XVII стагоддзя перабраўся з роднай Беларусі дзед Вашчылы Пацей – шукаў лепшай долі. У вёсцы Чамаданава ён сем год праслужыў у казаках. Але праз 19 гадоў жыцця на чужыне вярнуўся на Крычаўшчыну. Сям’я некалькі разоў пераязджала з вёскі на вёску, і ўрэшце ў Мурыным Бары асела. Тут і нарадзіўся Васіль.

Быў пісьменны і нябедны
Васіль Вашчыла ўзначаліў паўстанне сялян, але сам не быў такім ужо бедным гаротнікам. Ён меў два гектары ўласнай зямлі і двух коней. Апрача таго, сяляне абралі яго войтам ад вёскі Селішча – Васіль быў пісьменны, рэдкасць на той час. Як войт Васіль меў права карыстацца дадатковымі землямі і сенажацямі. Але ўласны дабрабыт не быў для яго галоўным.

Пешкі дайшоў да Варшавы
Крычаўскія землі належалі Гераніму Радзівілу, але той здаваў іх у арэнду. Арандатары намагаліся ў адведзены ім тэрмін выціснуць са змучаных сялян усё, што толькі можна. Вашчыла складаў і дастаўляў сялянскія скаргі Радзівілам. Аднойчы ён нават дайшоў да Варшавы, каб перадаць важную для яго вёскі паперу.

Такіх хадакоў людзі арандатараў адлоўлівалі на гасцінцах і жорстка каралі. За паход у Варшаву Васіль Вашчыла атрымаў 150 бізуноў. Іншым разам трапіў у турму.

Помнік Васілю Вашчыле ў Крычаве

Верыў у “добрага пана”
У траўні 1740 года адчайныя мужыкі падпалілі дом арандатара ў вёсцы Панкі. За гэта 18 сялян асудзілі на смерць. Вашчыла сабраў атрад, адбіў арыштаваных – і паўстанне ахапіла ўсё Крычаўскае староства.

Ён хутка навёў дысцыпліну. Прызначыў новых арандатараў з ліку заможных сялян і дробнай шляхты. У арэнду здаваў корчмы і прамысловыя прадпрыемствы. Абмежаваў памеры падаткаў, усталяваў ліміт для крэдытаў і працэнтаў на іх. Словам, Крычаўскае паўстанне займалася не пагромамі, а эканамічнымі рэформамі.

Але што дзіўна – Вашчыла працягваў збіраць падаткі для Радзівілаў!.. Ён шчыра верыў у “добрага пана”.

Паўстанцаў здаў здраднік
Сам Геранім Радзівіл не ацаніў высакародную веру сялян. Супраць іх накіравалі прафесійнае войска.

У першым адкрытым баі сяляне пацярпелі паразу; многіх узялі ў палон і жорстка забілі. Вашчыла адпомсціў – разбіў карнае войска. Але неўзабаве яно вярнулася зноў – ужо з гарматамі і саксонскімі наймітамі.

Вашчыла спрабаваў узяць штурмам Крычаў, дзе засела войска Радзівіла, але быў разбіты. Ён сабраў новыя сілы! Лагер стаяў непадалёк ад вёскі Царкавішча. Усяго – 2000 чалавек. І між іх аказаўся здраднік… Ён здаў лагер войску Радзівіла. Паўстанцаў, якія трымалі ўладу чатыры гады, разбілі. Вашчыла ратаваўся ўцёкамі.

Памёр Васіль Вашчыла ў Старадубскай крэпасці (расійскай турме), знаходзячыся пад следствам, якога дамогся абуранымі лістамі Геранім Радзівіл.

Глядзіце таксама:
Коцік, забойца цара. Якім быў Ігнат Грынявіцкі?
Месье Касці, правадыр поўначы. Гісторыя Тадэвуша Касцюшкі
Кастусь Каліноўскі (1838 – 1864)