Шляхціц Казімір Лышчынскі, родам з-пад Брэста, пайшоў супраць царквы ў эпоху Контррэфармацыі. Мысляр і вальнадумец, ён наважыўся разважаць пра тое, што бога прыдумаў чалавек. Такое царква не магла сцярпець. Пасля страшных катаванняў Казімір Лышчынскі быў забіты.

Ваяваў як крылаты гусар
Па вучобе ў Брэсцкім езуіцкім калегіуме малады нашчадак роду Корчакаў браў удзел у маскоўскай, шведскай і турэцкай вайсковых кампаніях. Казімір ваяваў у шэрагах славутых “крылатых гусараў” – элітнай конніцы Рэчы Паспалітай. Аднак прага да ведаў перамагла: ён пакінуў службу і працягнуў вучобу ў Кракаве і Вільні.

Восем гадоў быў езуітам
У 24 гады Казімір Лышчынскі далучыўся да магутнага ў той перыяд Ордэна езуітаў. Плённа працаваў памочнікам рэктара ў Брэсцкім калегіуме і меў вялікія шанцы на паспяховую кар’еру. Аднак праз восем год служэння выйшаў з манаскай супольнасці і ажаніўся.

Вучыў сялянскіх дзяцей
У свецкім жыцці Казімір актыўна займаўся грамадскімі справамі. На пасадзе брэсцкага падсудка дапамагаў мяшчанам у судах з езуітамі. У радавым маёнтку Лышчыцы адкрыў школу для дзяцей сялян і шляхты. Тут вывучалі пісьмо, лічэнне, мовы i асновы навук. Акцэнт Лышчынскі рабіў на дэмакратычны дух школы і свецкі характар навучання.

Аўтар скандальнага трактата
Казімір Лышчынскі ўпершыню ўжыў тэрмін “атэіст”. Сваімі філасофскімі развагамі дзяліўся са знаёмымі, а таксама – запісваў на латыні ў сшыткі, якія пасля аб’яднаў пад назвай “Аб неіснаванні Бога”. З пяцісот трыццаці старонак на сёння захаваліся толькі пяць. Лышчынскаму належыць выраз: “Чалавек – стваральнік Бога, а Бог – стварэнне чалавека”.

Лышчынскага “здаў” сябар дзяцінства
Ордэн езуітаў уважліва сачыў за Лышчынскім і яго прамовамі ў сяброўскіх колах. Царкоўнікам дапамог выпадак. Сусед і блізкі сябар дзяцінства Ян Бжоскі пазычыў у Лышчынскага сто тысяч талераў. Калі прыйшоў час вяртаць грошы, ён выкраў усе пятнаццаць сшыткаў трактата і перадаў іх віленскаму біскупу Бжастоўскаму. Гісторыя скончылася тым, што духоўны суд вырак Лышчынскага на смерць.

Катавалі, спалілі, прахам стрэлілі з гарматы
Мысляра месяц трымалі ў вязніцы, патрабуючы адрачэння ад сваіх ідэй. 30 сакавіка 1689 года на варшаўскім рынку Казімір Лышчынскі публічна спаліў свой рукапіс. Пасля яму вырвалі язык і вусны, адсеклі рукі, а потым – галаву. Труп шляхціца спалілі на вогнішчы. Попел змясцілі ў снарад і стрэлілі гарматаю ў бок Турэччыны: маўляў, з яго прахам мусілі развеяцца яго ідэі.

Сям’я засталася ні з чым
Лышчынскі быў жанаты, меў дзяцей. Пасля прысуду ўсю маёмасць канфіскавалі і перадалі Ордэну езуітаў. Частку атрымаў даносчык – былы сябар Ян Бжоскі. Сядзібу Лышчынскага зруйнавалі як “прытулак вар’ята”, аднак пасля забароны Ордэна езуітаў яго нашчадкі вярнулі правы на зямлю.

Тэкст чытае Ігар Палынскі.

Глядзіце таксама:

Супердрукар часоў Рэфармацыі: хто насамрэч Васіль Цяпінскі?
Каралеўскі астраном Марцін Пачобут-Адляніцкі
Майстар артылерыі Казімір Семяновіч