Жыццё Сяргея Пясецкага – гатовая гісторыя для прыгодніцкага фільма. Ён быў шпіёнам і кантрабандыстам у 20-я гады. Атрымаў смяротны прысуд – а потым памілаванне. Як пісьменнік займеў шалёную славу ў Польшчы 30-х гадоў – і ў сучаснай Беларусі.

Літаратурную кар’еру Сяргей Пясецкі пачаў у турме.
Агулам ён правёў за кратамі 14 гадоў. Зняволенне спрыяла самаадукацыі. Пясецкі размаўляў па-польску, але слаба. Ён вывучыў мову па Бібліі і газетах. Першы раман – “Пяты этап” – напісаў роўна за 4 тыдні. Самая знакамітая кніга – “Каханак Вялікай Мядзведзіцы” – стала польскім бэстсэлерам 1937 года. Пасля яе прыхільнікі аўтара арганізавалі грамадскую кампанію па вызваленні пісьменніка.

За што Пясецкі трапіў у турму?
За разбой. Застаўшыся без працы і сродкаў да існавання, ён займаўся рабаваннем і нават налётамі на цягнікі. Адзін такі налёт скончыўся кепска для Пясецкага, і ён трапіў у рукі паліцыі ў 1927 годзе. Яго прысудзілі да смерці, але былыя заслугі змякчылі пакаранне да 15 гадоў зняволення.

Якія гэта былі заслугі?
У маладосці Сяргей Пясецкі быў агентам польскай выведкі. Стаць шпіёнам дапамаглі добрыя веды памежных тэрыторый – паміж Савецкім саюзам і Польшчай. Найперш размова ідзе пра Ракаў, сталіцу кантрабандыстаў. Справы ішлі паспяхова, але з часам Пясецкі захацеў большага, найперш – грошай. Тады ён пачаў займацца кантрабандай. Адным з галоўных тавараў стаў какаін. Так доўжылася да 1926 года, пакуль Пясецкага не звольнілі з выведкі. Кажуць пра канфлікт з начальствам, але верагодна, справа была ў какаінавай залежнасці.

За кратамі Пясецкі бываў і раней.
У сёмым класе Сяргей пасварыўся з інспектарам гімназіі і наставіў на яго рэвальвер. Пакаранне было хуткім, але нядоўгім: Пясецкі збег з турмы ў Маскву. Трапіў у самы разгар рэвалюцыі і стаў зацятым антыкамуністам, пабачыўшы бальшавіцкі тэрор.

Галоўны беларускі твор Пясецкага – “Мінская трылогія” (раманы “Яблычак”, “Гляну я ў аконца”, “Ніхто дабром не дасць збаўлення…”). Яна апісвае Мінск 1914 – 1919 гадоў, збольшага – бандыцкае жыццё. “Гэта апошняя вуліца дзікага прадмесця Менска – Камароўкі. Апошняя як з гледзішча разьмяшчэння, так і з гледзішча бяспекі. Фраеры сюды нават удзень зазіраюць неахвотна, мянты прыходзяць узброеныя… Адсюль, як у джунглях, разбягаюцца сцежкі, але не звяроў, а паляўнічых. Сцежкі тых, хто шаберам зрывае замкі і прабоем, адмычкамі пранікае ў самыя таемныя сховы…” (“Яблычак”)

Ці быў Пясецкі рамантычным героем?
Вядома, што ён выдатна валодаў гітарай і прыгожа спяваў. Харызматычны авантурыст зачараваў маладую Ядвігу Вашкевіч. Яна пакінула родных дзеля Сяргея, а ён дзеля яе перайшоў у каталіцтва. Калі іх сыну Уладзіславу споўнілася два гады, Пясецкі эміграваў. Яны больш ніколі не сустрэліся. Уладзіслаў даведаўся пра бацьку толькі ў пачатку 1990-х гадоў.

Чаму Сяргей Пясецкі пісаў пра злодзеяў?
Ён сам дае адказ: “Прафесія злодзея асабліва цяжкая. Яна патрабуе ад сваіх адэптаў сапраўднай мужнасці, завостранага ўмення назіраць, хуткасці рашэнняў… Гэтых якасцей, якія ў нармальным жыцці ўласьцівыя здольнаму кіраўніку… ледзьве хопіць шараговаму прафесійнаму злодзею. Я ўпэўнены, што Чалавецтва губляе вельмі шмат, спіхваючы найбольш здольных сваіх прадстаўнікоў на ўзбочча жыцця пад злачынны штандар. … Зладзеі, якіх я апісваю, былі культурнай спадчынай усёй Еўропы – ейным прадуктам”.

Тэкст чытае Марына Савіцкая.

Глядзіце таксама:

“Гэта быў адзін з майстроў вялікіх…”: хуліган і лірык Максім Танк
107 гадоў, 5 арыштаў, 2 кантыненты. Матэматыка Барыса Кіта
“Бронюсь, куды ты ідзеш?..”. Зманлівы шлях Браніслава Тарашкевіча