…Падпольны часопіс “Гоман” пачаў выходзіць у Пецярбургу ў 1884 годзе. Гэта была трыбуна беларускай фракцыі “Народнай волі” – таемнай палітычнай арганізацыі. “Гоман” пісаў пра тое, што беларуская нацыя існуе; нагадваў пра даўнюю барацьбу беларусаў з паланізацыяй, пра сялянскія бунты і паўстанні… Адным з заснавальнікаў фракцыі часопіс называў Ігната Грынявіцкага. Выконваючы прысуд “Народнай волі”, 1 сакавіка 1881 года ён забіў імператара Аляксандра ІІ.

У кнізе “Прысуд выканаў невядомы” Уладзімір Арлоў пісаў:

“…Грынявіцкі марыў, каб “пачаты рух скончыўся перамогаю, а не татальным вынішчэннем лепшых людзей краіны”. Але гісторыя сведчыць, што нідзе й ніколі тэрор не прынёс грамадству добрых пераменаў. Забойства Аляксандра II таксама прывяло да перамогі рэакцыі. Добра вядома й тое, чым скончыўся рэвалюцыйны рух у Расеі ў ХХ стагоддзі. Грынявіцкі і яго паплечнікі былі ахвярамі аблуднага вучэння, але яны вартыя нашай памяці. Памяці, якая перасцерагае.”

Ігнат Грынявіцкі паходзіў з роду збяднелай шляхты, якая працавала на зямлі поплеч з сялянамі. Хлопчыкам быў ласкавы, ціхі, пабожны. Не вымаўляў літару “л”. Не любіў жорсткія гульні накшталт вайнушак. У беластоцкай гімназіі за мяккі характар атрымаў мянушку Коцік.

У 1875 годзе ён паступіў у Тэхналагічны інстытут у Пецярбургу на “механічнае аддзяленне”. Тут рыхтавалі лепшых інжынераў імперыі. Дыплом Тэхналагічнага гарантаваў забяспечанае жыццё. Разам з тым інстытут меў рэпутацыю радыкальнай ВНУ. Лісты студэнтаў чыталі; наглядчыкі правяралі іх гардэроб; па руках хадзілі нелегальныя выданні, і штогод некага адлічвалі за палітычныя погляды.

Напачатку Ігнат быў круглым выдатнікам. Але маючы бліскучы інтэлект, Грынявіцкі не мог не бачыць той несправядлівасці і цемрашальства, што яго акалялі; не мог не разумець, у якім становішчы знаходзіцца народ. На чацвертым курсе ён застаўся на другі год і без стыпендыі. Яго больш не цікавіла кар’ера.

Грынявіцкі ўступіў у “Народную волю” і праз год – адлічыўся з інстытута. У выдадзеных паперах пазначалася, што Ігнат Грынявіцкі “ні ў якіх нядобрых учынках з боку начальства не заўважаны”.

Замах на Аляксандра ІІ 1 сакавіка 1881 года, Санкт-Пецярбург. Выява з вольных крыніц.

“Народная воля” мела ў праграме некалькі вызначальных пунктаў. Першае – замена царскай улады дэмакратыяй. Другое – пераход зямлі ва ўласнасць тых, хто яе абрабляе. Трэцяе – дэмакратычныя свабоды і дармавая адукацыя… Колькасць сяброў арганізацыі дасягала 500 чалавек. Сярод іх Грынявіцкі быў вядомы як віленскі мешчанін Мікалай Сцяпанавіч Ельнікаў, Коцік і Міхаіл Іванавіч.

Напачатку ён збіраў сродкі на патрэбы вязняў, пашыраў падпольную літаратуру, пісаў для “Рабочай газеты”. Але хутка стаў схіляцца да радыкальных метадаў барацьбы. І калі кіраўніцтва “Народнай волі” абрала чатырох чалавек для выканання прысуду Аляксандру ІІ, Грынявіцкі быў сярод гэтых чатырох.
У студзені ён паехаў дадому – развітацца з сям’ёй. Быў у добрым гуморы. Наведаў магілу маці. Ніхто не ведаў, што ён даўно не студэнт; што бачаць яго апошні раз.

За колькі дзён да смерці Грынявіцкі пісаў: “Лёс асудзіў мяне на раннюю гібель, і я не ўбачу перамогі, не буду жыць ні дня, ні гадзіны ў тым светлым часе, але лічу, што сваёй смерцю зраблю ўсё, што павінны быў зрабіць, і большага ад мяне ніхто, ніхто на свеце патрабаваць не можа”.

Ахвярай замаху 1 сакавіка 1881 года стаў не толькі імператар. Выбух бомбы забраў жыццё казака з аховы і двух выпадковых мінакоў: хлопчыка з мясной крамы і жанчыны. 17 чалавек атрымалі раны.

Аляксандр ІІ і Ігнат Грынявіцкі памерлі ў адзін дзень. Імператара адвезлі ў Зімовы палац. Грынявіцкага – у прыдворны Канюшаны шпіталь. Медычны акт сведчыць, што на ягоным целе было звыш 50 ранаў. Пры ім неадлучна сядзеў следчы. За гадзіну перад смерцю Ігнат апрытомнеў. “Як ваша імя?” – запытаўся следчы. “Не ведаю”, – сказаў Грынявіцкі. Гэта былі апошнія словы.

Асобу забойцы імператара высветлілі толькі праз месяц.

Выпуск падрыхтаваны паводле кнігі Уладзіміра Арлова “Прысуд выканаў невядомы”.

Тэкст чытае Наста Карнацкая.

Глядзіце таксама:

Мужыцкая праўда Кастуся Каліноўскага
“Забіце мяне, але не забівайце Айчыну”. Тадэвуш Рэйтан
Месье Касці, правадыр поўначы. Гісторыя Тадэвуша Касцюшкі