Іван Шамякін – адзін з самых папулярных пісьменнікаў за ўсю гісторыю беларускай літаратуры. Агульны тыраж яго кніг перавысіў 25 мільёнаў асобнікаў. Па іх здымалі фільмы, а пяцікніжжа “Трывожнае шчасце” стала айчынным аналагам мыльнай оперы.
У той жа час Шамякін быў чалавекам праўладным, сапраўдным савецкім камуністам.
Выпуск падрыхтаваны паводле тэксту з часопіса “Наша гісторыя” (№3/2018). На часопіс можна падпісацца або купіць у кіёсках і кнігарнях.
Сын лесніка з-пад Добруша, ён быў удзячны савецкай уладзе за ўсе даброты. Дзяцінства Шамякіна праходзіла нібы ў “Новай зямлі” Якуба Коласа – пераезды, беднасць, несправядлівасць… Цікава, што Шамякін сапраўды пасябруе з Коласам, нягледзячы на розніцу ва ўзросце ў 40 гадоў.
Быў у біяграфіі Шамякіна адзюльтэр. У ваенны час Іван служыў артылерыстам пад Мурманскам і завёў сувязь з падначаленай. У час пабыўкі ён ва ўсім прызнаўся жонцы. Яна адразу ж пералегла на іншы ложак. Вельмі доўга не магла дараваць, а потым змірылася: “Дзе я знайду другога такога дурня…”У шлюбе яны пражылі больш за 50 гадоў.
Пісьменнік не любіў фізічную працу. Ён лічыў гэта знявагай для чалавека, які працуе галавой. “Магу пераканаўча напісаць і аратага, і слесара, і архітэктара, і доктара, а сам не ўмею цвіка забіць, каб добра трымаў”. Але і цельпуком-рамантыкам Шамякін не быў. Бесканфліктны, сентыментальны пісьменнік здолеў дабіцца для сваёй сям’і найлепшых жыццёвых умоў, у чым яму дапамагла партыя.
Першы раман “Глыбокая плынь” Шамякін напісаў адразу пасля вайны і ўжо за дэбют атрымаў Сталінскую прэмію. З прэміі набыў аўтамабіль “Пабеда”, але правоў не меў. Тры гады ён утрымліваў кіроўцу, які бессаромна рабаваў пісьменніка: браў грошы на ліквідацыю міфічных паломак. Пакуль Шамякін атрымаў правы, кіроўца паспеў збудаваць дом.
Доўгі час сям’я Шамякіных жыла ў славутым пісьменніцкім доме на Карла Маркса. Суседзямі іх былі Глебка і Вітка, Брыль і Скрыган, а проста насупраць, на той жа пляцоўцы, жыў Іван Мележ. “Мы пачалі з ім з самага шчырага сяброўства”, – пісаў Шамякін. Але скардзіўся на складаны характар Мележа і тое, што ён не ацаніў раман “Атланты і карыятыды” – самы чытаны раман 1970-х гадоў.
У 1995 годзе Шамякін (як і Максім Танк) адкрыта і рашуча асудзіў рэферэндум аб мове, калі руская мова набыла статус другой дзяржаўнай: “Пры безумоўна ненармальным становішчы з мовай ніхто з нас не баяўся, што заўтра не выйдуць “Полымя”, “Нёман”, “Маладосць”. Гэта было б ЧП, за гэта паляцелі б галовы. А цяпер пагроза такая вісіць і нікому няма справы…”.
Тэкст чытае Ігар Палынскі.
Глядзіце таксама:
Народжаны пад знакам змея. Князь Усяслаў Чарадзей
“Гэты Рагвалод прыйшоў з-за мора…”: першы князь у гісторыі Полацка
Каго труціла Бона Сфорца? Міфы пра “нашу” італьянку