Бона Сфорца – міланская прынцэса, польская каралева і літоўская княгіня. У гісторыю Беларусі яна ўвайшла як жанчына дэманічная і ўладная, і ўсё праз няшчасную гісторыю кахання Барбары Радзівіл і Жыгімонта Аўгуста, сына каралевы Боны.
Але ці напраўду італьянка была тыранам у спадніцы?..
Гісторыя Боны Сфорца за 5 хвілін:
Бона нарадзілася ў Італіі на сконе 15 стагоддзя. Яна была сучасніцай Францыска Скарыны, Міколы Гусоўскага, Леанарда да Вінчы… Больш за тое: менавіта дзякуючы падтрымцы Боны выйшла ў свет “Песня пра зубра” Міколы Гусоўскага.
З Леанарда да Вінчы цесна звязаная маці Боны, Ізабэла Арагонская. Ёсць тэорыя, што Ізабэла стала прататыпам “Моны Лізы”. І дакладна вядома, што майстар напісаў партрэт юнай Боны.
Польскай каралевай яна стала ў 1518 годзе. Боне было 24 гады; жаніху, Жыгімонту І, – за пяцьдзясят. Амаль штогод маладая каралева нараджала: шасцёра дзяцей за восем гадоў. Апошняе дзіця яна страціла. Нават цяжарная, не хацела прапускаць славутыя ловы мядзведзя. Але нешта пайшло не так, мядзведзь кінуўся на гледачоў, і каралева звалілася з каня. Хлопчык, які нарадзіўся зарана, памёр у той жа дзень.
У Боны застаўся адзін сын – Жыгімонт Аўгуст. Чатырох дачок яна ўдала прыстроіла, зрабіўшы манаршымі асобамі ў розных дварах Еўропы. Так Бона за ўсё жыццё была жонкай караля, маці караля і цешчай караля.
Але найперш яна была каралевай. Першыя змены Бона прыўнесла ў сферу побыту: культура піцця і ежы, італьянская мода, вытанчаныя манеры… Менавіта Бона ўвяла ў моду дэкальтэ і партрэтны жывапіс. З сабой яна прывезла цэлы штат рамеснікаў, медыкаў, кухараў… На сталах з’явіліся апельсіны, лімоны, аліўкі, міндаль, вінаград, а галоўнае – відэльцы.
Пасля нараджэння сына кароль засыпаў жонку падарункамі, між якіх ёй найбольш падабаліся землі – Кобрын, Рагачоў, Моталь, Пінск… Тут яна і распачала свае рэформы. Землі па загадзе Боны сталі дзяліць на валокі – надзелы каля 20 гектараў, а памер падаткаў прывязалі да ўраджайнасці. Пусткі сталі абрабляць, балоты – асушаць.
Нямала зменаў зведала Гродна. Па жаданні Боны вуліцы і плошчы горада забрукавалі, правялі вадаправод, усталявалі гадзіннік на ратушнай вежы. Нават герб Гродна прыдумала Бона Сфорца.
Многія гарады цяперашняй Беларусі атрымалі Магдэбургскае права дзякуючы ёй. Атрымаўшы такое права, горад пераходзіў на самакіраванне і меў большую свабоду ў сферы гандлю. Эканоміка краіны расквітнела. На сродкі каралевы будаваліся школы, касцёлы і шпіталі.
І тым не менш – яе не любілі. Прынамсі, шляхта. Па-першае, таму што чужая. Па-другое, таму што не гуляла па іх правілах, а ўводзіла свае. Любімага сына яна зрабіла суправіцелем бацькі, калі хлопчыку было ўсяго дзесяць гадоў (тады Жыгімонт І і атрымаў мянушку “Стары”). А самае страшнае – Бона пагарджала выбарным правам шляхты. Яна марыла ўвесці права дынастычнай спадчыннасці. Па іроніі лёсу, сын Боны не займеў нашчадкаў мужчынскага полу і стаў апошнім Ягелонам на польска-літоўскім троне.
Магчыма, з гэтай нелюбові і нарадзілася ўпэўненасць, што Бона атруціла Барбару Радзівіл. Па тых жа чутках, яна атруціла яшчэ і першую нявестку, Ізабэлу, і двух шляхціцаў, якія выступалі супраць рэформаў.
У 1935 годзе польскія навукоўцы даследавалі парэшткі Барбары. Аналіз тканак не выявіў слядоў атруты, але выявіў ракавае захворванне.
Жыццё Боны Сфорца скончылася трагічна. Сын вінаваціў яе ў смерці Барбары і не жадаў ведаць. У 62 гады Бона пакінула каралеўства, якому аддала столькі часу. Праўда, высілкі свае яна акупіла з лішкам: вывезла ў Італію неверагодную суму грошай; абоз налічваў трыццаць вазоў з каштоўнасцямі і безліч – з іншай маёмасцю. Тады з’явілася прымаўка: “Боначка, што сцягнула золата бочачку”.
Менавіта грошы загубілі каралеву. Яна пазычыла іспанскаму каралю Філіпу ІІ 420 тысяч дукатаў (у адной такой манеце – 3,5 грамы золата). Сума велізарная, і калі прыйшоў час разлічыцца, Філіп вырашыў грошы не вяртаць. Ён падкупіў урача самой Боны Сфорца, і той паднёс каралеве келіх, поўны віна і атруты.
Сын на пахаванне маці не прыехаў.
Тэкст чытае Андрусь Такінданг.
Глядзіце таксама:
Girls to the Front: гісторыя Анастасіі Слуцкай
Францішка Уршуля Радзівіл – першая жанчына-драматург
Эмілія Плятэр, капітан паўстанцаў