З берага Дняпра мы пачынаем падарожжа па Рагачове, родным горадзе паэткі Насты Кудасавай, якая і сталася нашым гідам.

Пачаўся Рагачоў на зліцці дзвюх рэчак – Друці і Дняпра. Сёння тут знаходзіцца замчышча і памятны знак. Зліваючыся, рэкі ўтвараюць “рог”, адкуль, верагодна, і пайшла назва горада. У летапісах першыя згадкі пра Рагачоў датуюцца 1142 годам, але археалагічныя знаходкі сведчаць пра тое, што людзі жылі ў гэтым месцы яшчэ ў першым тысячагоддзі да нашай эры.

Гісторыю тут захоўваюць, як могуць. Напрыклад, у 2016 годзе каля старых праваслаўных могілак быў усталяваны крыж і памятны камень у гонар Тамаша Грыневіча, удзельніка паўстання 1863 года. На саміх могілках стаць старыя капліцы, якія не рэстаўруюць, але ўваход у іх заклалі цэглай: бароняць ад людзей, чые натуральныя патрэбы перамагаюць пашанотнае стаўленне да архітэктурных помнікаў.

Такая ж неадназначная сітуацыя са старажытнымі габрэйскімі могілкамі. Большасць надмагілляў проста прыбралі, а магілы зраўнялі з зямлёю – вызвалялі тэрыторыю. Засталося з дзясятак камянёў, ніяк не агароджаных, патанулых у высокай траве…

Таксама ў выпуску: дубы на Дняпры, царква Аляксандра Неўскага, ОСВОД, Уладзімір Караткевіч, муралы, танкі ў дзіцячым парку, СШ №5, касцёл, неаготыка, рагачоўская згушчонка, дом і вуліца Караткевіча.