Па згадках сучаснікаў, малады Максім Танк нагадваў кінагероя: прыгожы, іранічны і вынаходлівы. Нават варшаўская зорка аперэты дамагалася ягонай увагі!.. Але ён да скону жыцця кахаў адзіную жонку Любу.

Уласна псеўданім “Максім Танк” (а сапраўднае імя паэта Яўген Скурко) з’явіўся ў 1932 годзе ў львоўскай газеце “Беларускае жыццё” пад вершам “Заштрайкавалі гіганты-коміны”. Паэт тлумачыў выбар арыгінальна: “Усе віды флоры былі разабраныя папярэднікамі і сябрамі: Колас, Гушча, Чарот, Крапіва, Бярозкін, Васілёк…”.

Першы зборнік Танка мае назву красамоўную – “На этапах”. Выйшаў ён у 1936 годзе ў Вільні. І адразу ж быў канфіскаваны паліцыяй.

У 1930-я гады Танк давёў вернасць камунізму. Але ў савецкім саюзе даверам не карыстаўся. Дома трымаў мех з сухарамі: раптам пасадзяць. Час ад часу па Танка прыязджала машына асабіста ад Лаўрэнція Цанавы. У Цанавы яны гралі ў більярд і размаўлялі… Пасля Танк прызнаваўся, што ні разу ў той більярд не выйграў – рукі трэсліся.

Ён быў дэпутатам Вярхоўнага савета БССР і ўзначальваў Саюз пісьменнікаў. Цягнуў лямку сумленна, але без радасці. Атрымаўшы новую пасаду, казаў: прымаю толькі спачуванні. Юбілеі называў вясёлай рэпетыцыяй пахавання. Ад выгодаў улады адмаўляўся. Ездзіў грамадскім транспартам. Не піў, не паліў. Захапляўся хэнд-мэйдам: плёў кошыкі з каранёў сасны.

Бараніў апальных аўтараў, у тым ліку Ларысу Геніюш.

Захаваліся нязручныя выказванні Танка пра тагачасную літаратуру: «Вершы нашых піітаў вельмі слабыя. Папулярнасць некаторых з іх магла зарадзіцца, разрасціся і разлапушыцца толькі ў нашым бедным і прымітыўным літаратурным асяроддзі». А ў сталінскія часы Танк адкрыта крытыкаваў сацрэалізм.

У 1995 годзе паэт выступіў супраць рэферэндума, па выніках якога змянілася дзяржаўная сімволіка, а руская мова набыла статус дзяржаўнай.

Жыццё лірыка-хулігана Танка – у новым роліку “Знакамітых беларусаў”:

Тэкст чытае Андрусь Такінданг.

Глядзіце таксама:

Рыгор Барадулін
Іван Мележ
Уладзімір Караткевіч