У разгромнай рэцэнзіі на першы зборнік Юлія Таўбіна “Агні” (1930) пісалася: “Ва ўсей кнiжцы мы не знайшлi нiводнага слова, дзе гаварылася б аб партыi, аб рабочам класе, якi будуе сацыялiзм…” Пазней хмурнаватага, на сваёй хвалі юнака абвінавацілі ў “псыхокапанні”. Сёння можна пасмяяцца з такіх закідаў, але ў 1930-яя гэта быў прыгавор.
Па ўспамінах сучаснікаў, Юлі Таўбін быў быццам трохі заспаны, увесь ва ўладзе паэзіі. То піша вершы, то спявае. На вечарынах чытаў вершы любімага Гейнэ – у арыгінале. Публіка не слухала. Юлі крыўдзіўся і шчыра не разумеў, у чым справа.
Ён паходзіў з сям’і яўрэя-аптэкара, які пераехаў у Мсціслаўе пасля грамадзянскай вайны. Друкавацца Юлі пачаў яшчэ ў школе. У 16 гадоў напісаў ліст Якубу Коласу – віншаваў з пысуджэннем “Народнага”.
Усё жыццё – трагічна кароткае – сябраваў з Аркадзем Куляшовым і Змітраком Астапенкам. У юных паэтаў нават было сваё аб’яднанне – “Мсціслаўцы”.
Такім бачыў нашага героя Сяргей Грахоўскі: “Сярод пiсьменьнiкаў Таўбiн быў адметны ад усiх: зрэнкi аксамiтна-чорных вачэй, здавалася, бачаць навылёт, выразныя тоўстыя губы нечым нагадвалi Пушкiна, у свае дзевятнаццаць гадоў ён хадзiў трошкi сагнуты, нiбы толькi ўстаў з-за стала”.
Яго арыштавалі ў 1933-м. Прычынай назвалі ліст, атрыманы ад цёткі, якая эмігравала ў Амерыку. Прысуд: два гады высылкі ў Цюмень. У 1937-м арыштавалі паўторна. Этапавалі ў Мінск. А тут ужо рыхтавалася акцыя да дня нараджэння камсамола. За дзве ночы – 29 і 30 кастрычніка 1937-га – былі расстраляныя некалькі дзясяткаў беларускіх пісьменнікаў і навукоўцаў.
Юлію Таўбіну было 26 гадоў.
Гісторыя рэпрэсаванага паэта Юлія Таўбіна ў аўтарскім тэксце і прачытанні Людмілы Рублеўскай:
На ўсходзе нашага жыцця…
Змітраку Астапенку
і Аркадзю Куляшову
На ўсходзе нашага жыцця,
Калі усход гарэў над намі,
Мы йшлі пад маладосці сцяг
Неабвузданымі хлапцамі.
Ці быў пад намі пыльны брук
І гарадоў дарожны камень,
А ці рамонкавы абрус –
Адну мы радасць спатыкалі.
І будзем дзякаваць зары,
Пакуль жыццё у нас не згасне,
За тайны творчае пары,
За гэта радаснае шчасце.
І будзем мы ў жыцця прасіць
Ў неперажытыя нягоды,
Каб зноў маглі мы перажыць
Адзінай маладосці годы.
Каб жыў у сэрцы кліч завей,
Каб мы жылі адным запалам,
Каб вогнішча былых надзей
Ніколі ў нас не пагасала.
Зара разгорне горды сцяг
Ў апошні раз калісь над намі –
Мы ўспомнім проміны жыцця,
Калі мы ўсе былі хлапцамі.
І ў ціхім шолаху дуброў,
І ў прывітанні згукаў дальніх
Пачуем гамы дзіўных строф
Для нашых песень развітальных.
Вясёлы вецер для другіх
Пачне вагаць такія ж пожні,
І праспяваем мы для іх
Сваёю песняю апошняй.
06.01.1930, Мсціслаўль
Глядзіце таксама:
“Мой вораг – эпоха”. Забіты за п’есу Васіль Шашалевіч
Расстраляная літаратура. Пісьменнік Максім Гарэцкі
Паўлюк Шукайла: хуліган, авангардыст, перформер