Ілля Капіевіч – тыповы ўраджэнец Вялікага Княства Літоўскага, якога лёс звязаў з замежжам.
Нарадзіўся пад Ляхавічамі. Трапіў у расійскі палон (ішла Трынаццацігадовая вайна). Быў пастырам у Даніі. Друкаром – у Галандыі і Германіі. Нейкі час жыў з дачкой у Варшаве.
Наўрад ці ён перасякаўся з Сімяонам Полацкім, але канва лёсу ў іх падобная: абодва – інтэлектуальныя гастарбайтары. Без полацкага манаха і вандроўнага друкара Пётр І папросту не змог бы прарубіць тое самае вакно ў Еўропу.
Ілля Капіевіч пастаўляў царскаму двару кнігі, якія запачаткавалі расійскую навуку: гісторыю, мараходства, ваенныя навукі, арыфметыку, граматыку, шматлікія слоўнікі. Капіевіч “падарыў” усходнім суседзям арабскія лічбы і першы каляндар. У рускай мове напрыканцы 17 стагоддзя ўсё яшчэ адсутнічала навуковая тэрміналогія, і Капіевіч увёў ва ўжытак паняткі “лагарыфм”, “полюс”, “сінхранізм” і шматлікія іншыя. Ён выдаў пераклад Эзопавых баек – так што без нашага Капіевіча, лічы, не было б іхняга Крылова. Капіевіч стварыў шрыфт, які замяніў састарэлы царкоўнаславянскі. Новыя літары называлі “беларускай азбукай”.
Шкада, што такія высілкі пайшлі на чужую культуру. Аднак беларусаў заўжды адрознівала схільнасць да гуманітарнай дапамогі.
Глядзіце таксама:
Ігнат Дамейка – нацыянальны герой Чылі
Казімір Семяновіч: не жартуйце з выбухоўкай
За што сядзеў Францыск Скарына?