Белая Сафія, белы праспект Скарыны, сцюдзёная Палата – гэта зімовы Полацк. Акрамя вядомых мясцінаў музыка Ігар Палынскі паказаў нам лакацыі, якія турыстычнымі не назавеш. Напрыклад, рокерскі Балкон. Сюды найчасцей ходзяць дзеля выдатнага краявіду – мекка полацкіх фатографаў. А вось у дзевяностыя і напачатку 2000-х тут збіраліся полацкія рокнрольшчыкі.

І, вядома, знакавыя полацкія аб’екты, такія як геаграфічны цэнтр Еўропы і памятны знак літары Ў. Ігар распавёў гісторыю знака, адначасова прыкрую і аптымістычную. Прыкрая яна тым, што невядомыя з нейкіх прычынаў пашкодзілі памятны знак. Некалькі гадоў уся полацкая грамадскасць дамагалася аднаўлення знака Ў. І вось ён адноўлены, а дакладней – цалкам зменены; зрэшты, праца, як і раней, належыць мастаку Ігару Куржалаву.

Творам мастацтва Ігар Палынскі лічыць стромкі мост праз Палату. Масток злучае два мікрараёны – Цэнтр і Запалоцце. Гэта месца, дзе воды Палаты становяцца часткай вялікай Дзвіны, сакральнай полацкай ракі, якая раней мела назву Рубон.

Таксама ў выпуску: помнік, праспект і плошча Францыска Скарыны, Верхні замак, Барысаў камень, Ніжнепакроўская вуліца, краязнаўчы музей (лютэранская кірха), Музей беларускага кнігадрукавання і музей-бібліятэка Сімяона Полацкага.