На беразе Лепельскага возера ад часоў Льва Сапегі стаіць горад Пагоні і Цмока. Штопраўда, пад знакам Цмока Лепель жыве некалькі апошніх гадоў, з таго самага часу, як тут пачалі ладзіць фэст міфалогіі.
Але й да таго гораду было што паказаць. Наста Грышчук распавядае, напрыклад, пра закінуты будынак дэпо. Чыгуначны вакзал з’явіўся ў Лепелі ў 1926 годзе, прыкладна ў той час з’явілася і дэпо. Вакзал некалькі разоў перабудоўваўся і не захаваў так званага духу гісторыі, а вось дэпо выглядае вельмі маляўніча. Шкада, што мясцовыя ўлады не звяртаюць увагі на ягоную гістарычную каштоўнасць і выкарыстоўваюць будынак, які паціху разбураецца, пад склад.
Больш шчаслівы лёс у лепельскага бровара, які пабыў шпіталем, Цэнтрам дзіцячай творчасці і цяпер мусіць стаць краязнаўчым музеем.
Таксама ў выпуску: будынак паштамта 1902 года, гандлёвыя шэрагі пачатку ХХ стагоддзя, гарадскі парк, брукаванка, Леў Сапега, Ян Чачот і Уладзімір Караткевіч, касцёл Святога Казіміра і сінагога, пакінутыя яўрэйскія могілкі, ГЭС, байдарачная станцыя, легенда Святога возера, храм ХІХ стагоддзя ў Бягомлі.