На месцы сядзібы Агінскіх – стадыён, на месцы кургана з капліцай – танцы, на месцы манастыра – асфальтаваны пляц, пад якім і сёння раскіданыя сутарэнні. Іх засыпалі ў 1980-хх, а да таго часу ў манастырскіх скляпеннях тусаваліся бялыніцкія хлопцы. Пахаваная пад зямлёй і бетонам, там дагэтуль ляжыць чыясьці гітара…

Гэтую гісторыю распавёў музыка Юры Несцярэнка, герой новага выпуску “Ногі ў рукі”.

А вось яшчэ адна, дзіцячая – пра “вінтарогага горнага казла”. У сямідзясятыя ён быў галоўнай бялыніцкай зоркай. Справа ў тым, што ў час Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Бялыніцкага раёна ваяваў дагестанец Асман Касаеў. Ён стаў героем вайны, і доўгі час у Бялынічы прыязджалі ўрачыстыя дэлегацыі з Каўказа. З сабой яны прывозілі віно, горы пачастункаў, а аднойчы падаравалі гораду вялізнага жывога барана. Баран прапісаўся на тэрыторыі ветлячэбніцы, якая вельмі ўдала аказалася побач са школай №2, дзе вучыўся Юры.

Але самая крутая гісторыя – пра рок-гурт “Апошні шанец”, які заснаваў разам з сябрамі зусім яшчэ юны і малавядомы Юры Несцярэнка. Ну як малавядомы… У Бялынічах на канцэрты “Апошняга шанцу” збіралася па паўтысячы чалавек. Каб патрапіць на выступ рокераў, фанаты падраблялі запрашальнікі, шчыміліся ў вокны і праходзілі праз патаемныя лазы ў падвалах ПТВ. У гэтым ПТВ Юры вучыўся на экскаватаршчыка. “Не таму, што мяне вабілі экскаватары: тут была добрая база з музычнай апаратурай і інструментамі”. Бялыніцкі “Апошні шанец” быў абсалютовым андэграўндам: яны гралі рок у той час, калі пад забаронай знаходзіліся гурты “Воскресенье” і “Машина времени”.

Такім чынам, Бялынічы – ад паганскага крыжа на Перуновай гары да нефармалаў 1980-хх.

Таксама ў выпуску: Іллінская гара (Свінтар), пляж Пяскі, Глінішча, рака Друць, пісьменнік Янка Шарахоўскі, Бялыніцкі манастыр і сутарэнні, Цэнтр культуры, ВІА “Беланіца”, вуліца Садовая, ліпавы гай (былая сядзіба Агінскіх), старое лясніцтва на вуліцы Калініна.