Наш новы герой – музыкант Максім Іўкін, лідар гурта “Балцкі Субстрат”. Разам з ім “Ногі ў рукі” выправіліся ў Быхаў – разабрацца, што змянілася ў горадзе з часоў Баркалабаўскага летапісу.

Максім называе горад Старым Быхавам. Для яго горад – гэта найперш легендарная гісторыя. З 1590 года тут, на стромым беразе Дняпра, стаяў замак. Спачатку драўляны, пасля – мураваны, узведзены па найшоўшых галандскіх тэхналогіях. І за ўвесь час гэты замак ніколі не быў узяты з бою. Ні разу не ўдалося нашым усходнім суседзям, аматарам ваенных паходаў, зваяваць Быхаў.

Подкупы ды змовы – іншая справа…

Што не зрабілі маскавіты, тое зрабіў час. Цяпер замак завецца руінамі, у што мясцовыя яшчэ не да канца вераць. Яны дагэтуль кажуць: прыедзеш на быхаўскі вакзал – проста па Леніна дойдзеш да замка. Не да руінаў. Самае прыкрае, што разбурацца ён пачаў не ў ваенны час (у нас усякае знішчэнне знакавых аб’ектаў спісваюць на вайну), і нават не ў савецкі, калі ўладнае варварства прайшлося катком па Беларусі. Замак здаў у апошнія дзесяцігоддзі, а ў 2004-м яго дабіў пажар.

Але не замкам адзіным. Быхаў – гэта гісторыя яўрэяў: тут з XVI стагоддзя стаіць сінагога, якая амаль не змянілася. У Быхаве бярэ пачатак “белы рух”: тут былі ўвязненыя карнілаўцы і сам генерал Карнілаў. Асобная старонка ў жыцці горада – ваенная. Максім асабліва падкрэслівае, што развіццё Быхава стрымлівалі штучна. Не будавалі дамоў вышэй за пяць паверхаў. Не давалі расці ўшыркі. Усё праз ядзерную зброю, якая захоўвалася на засакрэчанай тэрыторыі ў межах горада. Сёння вы можаце свабодна праехаць па колішняй зоне ікс і дабрацца да ваеннага аэрадрома. Месца, закрытае для простых смяротных, цяпер прымае сотні гасцей на аўтагонках. А вялізныя бетонныя пліты з узлётных палосаў ляжаць па ўсім Быхаве – з іх склалі ходнікі.

Таксама ў выпуску: Дзень пісьменства 2013, пойма Дняпра, лясгас на месцы турмы, драўляная царква Святой Тройцы ХІХ стагоддзя, помнік Баркалабаўскаму летапісу і абразу Маці Божай Баркалабаўскай, быхаўскія муралы, скульптура “Прывітанне-развітанне” на гарадскім вакзале, яўрэйскія могілкі і помнік ахвярам Халакосту.