Выглядае Новае Поле ідылічна: вёска за 30 км ад Мінска, маляўнічыя пейзажы, у цэнтры – сядзіба ХІХ стагоддзя і парк. Такая карціна прывабіла некалькі маладых сем’яў, якія са сталіцы перабраліся ў вёску.

Рэчаіснаць аказалася не такой прыўкраснай. На думку навапольскага аграрна-эканамічнага каледжа, сядзіба знаходзіцца ў ягонай уласнасці (насамрэч, не: размова ідзе толькі пра аператыўнае кіраванне). Гэта значыць, можна высякаць 200-гадовыя ліпы (каб лісце не ападала на стадыён) і фарбаваць гістарычны помнік у непамысныя колеры. Карэнных жыхароў такі стан рэчаў ніяк не кранае. У іх свае праблемы: пітная вада для ўжытку непрыдатная, праблемы з каналізацыяй, грамадскім транспартам, асвятленнем… Тут не да гісторыі. Некаторыя, пражыўшы ў Новым Полі дваццаць гадоў, ні разу не бачылі самой сядзібы.

ВАЙНА І ТРУДАВАЯ СЛАВА

У Новым Полі нас сустракаюць Любоў Ермакова і Дар’я Чыбуева, мясцовыя актывісткі. Дзякуючы ім у верасні на плошчы каля сядзібы з’явіўся стэнд з гістарычнай інфармацыяй пра вёску і род Друцкіх-Любецкіх, якім і належала сядзіба да 1921 года – да Рыжскага міру.

– Я працую ў сферы турызму, і калі набывала надзел у Новым Полі, ужо ведала гісторыю гэтага месца, – кажа Любоў. – Мяне моцна ўразіла, што мясцовыя прывыклі да заняпаду ўласнай гісторыі. Здзівіла і тое, што помнік рэспубліканскага значэння займае каледж. У яго два карпусы: адзін – у будынку савецкага часу, другі – у сядзібе Друцкіх-Любецкіх.

Да нядаўняга часу пра слынных князёў распавядаў толькі “Музей баявой і трудавой славы”, які знаходзіцца ў інтэрнаце пры каледжы. Львіная доля экспазіцыі прысвечаная ветэранам Вялікай Айчыннай вайны. Друцкія-Любецкія занялі пару вітрын і адзін стэнд. Дзеля справядлівасці варта сказаць, што канцэпцыя музея адпачатку была ваенная.



Паўтары гады таму Любоў Ермакова і дырэктар каледжа Сяргей Лукашэвіч узяліся выпраўляць сітуацыю разам. Увогуле, на той час стасункі з каледжам былі цёплыя.

– Я напісала праект гасцёўні, якая мусіла адкрыцца ў сядзібе. Сяргей Уладзіміравіч яго зацвердзіў, паказаў памяшканне. Вольных памяшканняў шмат: каледж збольшага месціцца ў савецкім будынку, там цяплей. А ў самым прыгожым крыле сядзібы, у пакоі на 20 квадртаў, зараз складаюць швабры, вёдры, банкі… Гэтая вежа – гонар мясцовых, яна на нашым лагатыпе, але сёння ў вежы – склад, памяшканне для прыбіральшчыкаў.

Падтрымка дырэктара скончылася, як толькі яго абралі дэпутатам – у сакавіку 2018 года.

Турысты, якія наведаюць Новае Поле зараз, могуць толькі звонку паглядзець на сядзібу (калі пільныя вахцёры не выганяць з тэрыторыі каледжа, а такое здараецца). Пра тое, каб пагрузіцца ў атмасферу ХІХ стагоддзя, выпіць кубачак кавы, набыць сувенір – карацей, наблізіцца да турыстычнага еўрапейскага ідэалу, – размова не ідзе.

– Гасцёўня прынесла б карысць усім: турыстам, мясцовым жахарам, самому каледжу. На ейнай базе можна адкрыць дзяржаўны цэнтр дзіцячай творчасці. Я такое бачыла ў Смілавічах: ЦДТ пры музеі Хаіма Суціна, – кажа Любоў. – Можна далучыць платныя паслугі, каб на ўтрыманне сядзібы капалі нейкія грошы. І на гэтыя сродкі, прынамсі, прыстойна пафарбаваць будынак, бо каледж на ўсе прэтэнзіі адказвае, што нестае грошай. Што казаць, у вёсцы нават бібліятэкі няма – бібліятэкі каледжа і школы абслугоўваюць толькі навучэнцаў.

Пакуль што пра гісторыка-культурнае значэнне сядзібы і парка кажуць сціплыя шыльды: высока на браме пры ўваходзе ў парк і ўласна на сядзібе. Але ролю Друцкіх-Любецкіх у гісторыі месца цяжка пераацаніць.


Ігар Мельнікаў, гісторык:
Гісторыя князёў Друцкіх-Любецкіх – неад’емная частка гісторыі Заслаўшчыны. Гэтая сям’я павінна быць такой жа знакамітай, як род Радзівілаў ці Вайніловічаў, аднак найперш праз пытанні палітычныя пра Друцкіх-Любецкіх забылі на іх Радзіме. Звязана гэта, у тым ліку, з даваеннай савецка-польскай мяжой, якая падзяліла Беларусь на дзве часткі. Вось і маёнтак князёў у Новым Полі застаўся “за Саветамі” (сям’я ў 1921 годзе перабралася ў Ракаў – Н.Г.), а маладая князёўна Крысціна трапіла ў рукі савецкіх памежнікаў у Целяшэвічах і стала ахвярай таго кардона (яе забілі савецкія памежнікі – Н.Г.).

Аднак гісторыя Друцкіх-Любецкіх – гэта толькі фрагмент мінуўшчыны Новага Поля. Значная частка гісторыі гэтага населенага пункта звязаная з дзейнасцю савецкай камендатуры 15-га атрада памежных войскаў АДПУ/НКУС БССР. Менавіта сюды, у былую шляхецкую сядзібу, прыводзілі перабежчыкаў, рыхтавалі і перакідвалі на польскі бок выведнікаў, трымалі ў арышце кантрабандыстаў. Дарэчы, па ўспамінах жыхароў былога памежжа, “шмуглераў” трымалі на тэрыторыі навапольскай камендатуры нават у 1940 – 1941 гг. Сёння былая памежная інфраструктура ля Новага Поля амаль ніяк не выкарыстоўваецца. Між тым княскі палац мог бы стаць цікавым музеем даваеннай польска-бальшавіцкай мяжы і ўнікальным турыстычным аб’ектам пад Мінскам.

НІЧОГА КРЫТЫЧНАГА?

У 2018 годзе грамадская супольнасць Новага Поля склала петыцыю на адрас Міністэрства культуры па 21 праблеме вёскі. Пытанне датычна сядзібы гучала так: “Даць прававую ацэнку несанкцыянаваным рамонтным работам у сядзібным комплексе Друцкіх-Любецкіх. Будынак пафарбаваны ў розныя яркія колеры, сапсаваны першапачатковы выгляд будынка. Праведзеныя ўнутраныя і знешнія рамонтныя работы не ўзгодненыя з Міністэрствам культуры і архітэктуры”.

Па каментар датычна стану сядзібы мы звярнуліся да гісторыка Антона Астаповіча.

“Нічога крытычнага там няма. Каб астатнія сядзібныя дамы так даглядаліся, я быў бы шчаслівы. Якая розніца, якія матэрыялы выкарыстоўваць для падтрымання нармальнага тэхнічнага стану аб’екта, тым больш, у нас няма нарматыўных дакументаў, якія рэгламентуюць рэстаўрацыйныя працы, тым больш – выкарыстанне матэрыялаў. Што да права ўласнасці, закон не абмяжоўвае яго на помнікі”.

Між тым, Міністэрства культуры ў кастрычніку 2018 года ў афіцыйным адказе на петыцыю адказала, што парушэнні ёсць: “Фрагменты будынка сядзібнага дома пафарбаваныя ў розныя колеры, што не адпавядае гістарычнай рэчаіснасці, усталяваныя пластыкавыя вокны на першым паверсе сядзібнага дома”. У тым жа адказе напісана, што патрабаванні будуць улічаныя пры далейшым правядзенні рамонтна-рэстаўрацыйных работ.



Месяц таму каледж “адрамантаваў” фундамент сядзібы і пафарбаваў яго ў барвовы колер.
Дар’я адзначае, што новы фундамент мае фактуру “караед”, якой у ХІХ стагоддзі быць не магло. “Увогуле фундамент складзены з валуноў. Але ў каледжы сказалі, што ім халодна, таму валуны “замуравалі”. Яны ганарацца тым, што ўвогуле сядзібу захавалі. Маўляў, іншыя стаяць у руінах… Нас каледж лічыць канкурэнтамі і кажа, што нашае месца – за агароджай тэрыторыі”.

Дар’я пераехала ў Новае Поле з Каменнай Горкі, “дзе дрэў не было ўвогуле”. Па ейнай заяўцы прысядзібны парк наведалі спецыялісты з Акадэміі навук. Яны заключылі, што ліпы, асуджаныя на спілаванне, здаровыя, знішчаць іх нельга. У адказ супрацоўнікі каледжа акружылі групу навукоўцаў і вывелі іх з тэрыторыі. “На шчасце, каледж так і не атрымаў грошы на тое, каб спілаваць дрэвы. Прыроду ратуе адсутнасць сродкаў”.

Разам з Акадэміяй навук яны падалі заяўку на наданне 200-гадовым ліпам статусу помніка прыроды. Дрэвы маюць на гэта поўнае права, аднак уласна працэдура вельмі доўгая, і галоўны страх цяпер – каб каледж не паспеў ліпы спілаваць. Таксама ў парку дажывае век вялізны дуб; яго ў спіс не ўключылі, бо дрэва памірае: калі вялі газаправод, перабілі карэнне.

Яшчэ адзін нюанс: старыя ліпы апынуліся па-за ахоўнай зонай. А тыя дрэвы, якія ўваходзяць у сядзібна-паркавы комплекс, да Друцкіх-Любецкіх дачынення не маюць. Раней на іх месцы быў гаспадарчы двор. Да сёння захавалася лядоўня, бачны фундамент бровара. На фундаменце стайні пабудаваная школа.


СТРАХ І АМНЕЗІЯ

За тры гады Любоў не раз чула сакральнае беларускае пытанне “навошта?” Навошта вы ставіце стэнд, калі ён не для рэкламы? Навошта вам гэтыя дрэвы? Навошта вам сядзіба?

– Для мяне гэта натуральна з дзяцінства: ведаць гісторыю, ставіцца да яе з пашанай. У мяне быў добры настаўнік беларускай мовы, які вазіў нас па ўсёй рэспубліцы. Мы збіралі старадаўнія рэчы для школьнага музея. А ў маёй бабулі на гарышчы ляжала дзедава скрыпка ХІХ стагоддзя… Потым я працавала ў сферы турызму. Прыязджаеш у цікавае месца – Крэва, Рубяжэвічы, – а там няма інфраструктуры. Моладзь з’язджае, ніякай цікавасці жыць у вёсцы. Мне балюча гэта назіраць. Чаму мы не цэнім гісторыю? Я доўга абуралася ў душы, а потым, калі дабудавала дом і з’явіўся час, пачала размаўляць пра гэта з мясцовымі.

Па назіраннях Любові, большасць мясцовага насельніцтва папросту абыякавая да гістарычнай спадчыны. Паказальны прыклад: жанчына, якая трымае краму ў Новым Полі гадоў дваццаць, сказала, што так, нешта яна чула, нешта ў вёсцы ёсць. А што менавіта ёсць – не ведае. За дваццаць гадоў яна ні разу не падышла да сядзібы.


– Я часта думала пра тое, чаму так адбываецца. А вы спытайцеся ў людзей імя іх прадзеда, прапрадзеда. Вам не адкажуць. Збольшага мы не ведаем нават гісторыю сваёй сям’і. Дык чаму мы мусім ведаць гісторыю Друцкіх-Любецкіх? Пытанне наступнага ўзроўню: чаму мы не памятаем саміх сябе? Я, напрыклад, ведаю імёны дзядоў, прадзедаў… Але далей за чацвёртае пакаленне – прабел. У гэтым – гісторыя Беларусі. Мае продкі былі палякамі, але пазапісваліся беларусамі. Усяму прычынай – страх: з 1917 па 1939 гады іх проста знішчалі, прымусілі забыцца на сваю гісторыю. У Чэрвеньскім раёне, адкуль я родам, рэпрэсавалі ўсіх, каго толькі можна было.

Дар’я таксама прывяла асабісты прыклад гістарычнай амнезіі. На Вялікдзень да яе прыехала шмат родзічаў, і яна павяла іх на экскурсію да сядзібы. Дайшла ў расповедзе да 1921 года – Рыжскай мірнай дамовы – і разгубілася: а што далей? “Вайна заканчваецца ў 1918 годзе, Рыжскі мір падпісаны ў 1921-м. Што адбывалася ў тыя тры гады? Чаму мяжа зрушылася з месца? Тут я адкрываю сеціва – і ў мяне проста шок. Аказваецца, на гэты час прыпадае руска-польская вайна, пра якую ўсе хочуць забыць. Нас раздзіралі два бакі, мільёны людзей гінулі, беларусы ішлі брат на брата – каго польскі бок рэкрутаваў, каго – расейскі. Пра такое трэба ўмець памятаць. Узяць тую ж Германію: там пабудаваная цэлая сістэма, як працаваць з траўмамі, з памяццю, як вытлумачыць гісторыю дзецям. А ў нас падыход які? Давайце проста выкраслім гэта з падручнікаў!.. І па выніку незразумела, чаму, напрыклад, тыя ж Друцкія-Любецкія з’ехалі ў Ракаў, калі Новае Поле апынулася на савецкім баку. Савецкі саюз – гэта ж прыўкрасна, зыходзячы з падручнікаў! Выратаванне, як пішуць дзяржаўныя СМІ, асабліва пра 1939 год.”

Дар’я марыць сабраць у Новым Полі расійскіх, украінскіх, польскіх, літоўскіх і беларускіх гісторыкаў, каб абмеркаваць гэтую балючую тэму. “У кожнай нацыі свой светапогляд. Прыйшоў час выслухаць усіх”.


ХАДЖЭННЕ ПА МУКАХ

Стэнд з гістарычнай інфармацыяй пра Новае Поле ўсталявалі 14 верасня. Працавалі над ім год. Гістарычную даведку замаўлялі згаданаму ўжо Антону Астаповічу, але засталіся незадаволеныя. “Мы хацелі, каб гісторыкі папрацавалі ў архівах, знайшлі, магчыма, вопісы, што ў сядзібе знаходзілася, дакументы па бровары, фотаздымкі інтэр’ераў. Астаповіч нічога новага не знайшоў. Мы чакалі чатыры месяцы, а ўражанне, што ён зрабіў усё за два дні”, – кажа Любоў.

Аксана Дзяшук, мясцовая жыхарка, захопленая гісторыяй Новага Поля, усталявала сувязь з нашчадкамі Друцкіх-Любецкіх – унучкай Іераніма, апошяга ўладальніка сядзібы, Тэрэсай Дангель і ейнымі сынамі Паўлам і Томашам. Яны хочуць наведаць Новае Поле, нягледзячы на няпростыя стасункі сям’і з гэтым месцам.


Каб узгадніць усталяванне стэнда, Любоў хадзіла па чыноўніцкіх кабінетах пяць месяцаў. Тры разы – у аддзел ідэалогіі, тры разы – у аддзел архітэктуры і будаўніцтва, чатыры – у сельсавет. Безліч сустрэч прайшло з зямельнымі службамі, якія ніяк не маглі разабрацца, дзе чыя тэрыторыя. Аддзел рэкламы хацеў прымусіць Любоў плаціць штомесяц за размяшчэнне інфармацыі на стэндзе. Давялося даказваць, што стэнд не рэкламны, а прысвечаны гісторыі Новага Поля. Чыноўнікі не маглі зразумець, навошта ён патрэбны.

Дар’я згадвае яшчэ адну праблему:
– Мы прасілі паставіць на з’ездзе з трасы шыльду з пазнакай, што ў Новым Полі ёсць сядзіба. Нам адказалі, што ўласнік сядзібы – каледж, і ён мусіць накіраваць запыт у адпаведную службу. Каледж запыт не накіраваў – пачаў ставіць новы забор.

БЕСКАНТАКТНЫ ДЭПУТАТ

З вясны мінулага года Любоў дабіваецца, каб Сяргей Лукашэвіч праводзіў рэгулярныя сустрэчы з жыхарамі. Аднак ён не выходзіць на сувязь.

– Было пяць выязных сустрэч з райвыканкам і сельсаветам па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця вёскі. Ён не прыходзіў. Давялося звяртацца да дэпутата Нацыяльнага Сходу, ёй і перадала ліст з нашымі праблемамі.

Любоў кажа, што рухаць толькі пытанні культуры бессэнсоўна: супольнасць іх падтрымліваць не будзе. На сходах жыхары крычаць пра тое, што ў іх дваццаць гадоў цячэ каналізацыя, яны п’юць дрэнную ваду, а ім тут – пра культуру. “Мастак Уладзімір Церашчук, ён таксама тут жыве, ім адказвае: без культуры ў вас так і не будзе ладнага жыцця, і каналізацыя будзе цячы яшчэ два вякі…”.

Апошняя вясёлая гісторыя звязаная з крытай сцэнай, заяўку на пабудаванне якой Любоў падавала ў верасні 2018 года. Святы, сходы, іншыя актыўнасці да гэтага часу праводзілі пад адкрытым небам, а надвор’е, зразумела, не заўжды спрыяльнае. Сцэну паставіць не дазволілі: супраць прагаласаваў той самы Сяргей Лукашэвіч. Актывісткі не здаліся і ўсё-такі збудавалі крытае памяшканне на прыватнай тэрыторыі Дар’і:

– Мы да яго хадзілі. Гледзячы ў вочы, пыталіся: чым Вам замінае нашая сцэна? На што ён адказваў: “Вы што, не разумееце? Я сапраўдны патрыёт. А вы – не”.


Мы хацелі сустрэцца з Сяргеем Уладзіміравічам, але ён быў на важнай нарадзе. На наступны дзень дэпутат зноў быў на нарадзе. Калі ён будзе дасяжны па службовым тэлефоне, не сказалі, а мабільны нумар даваць адмовіліся. На трэці дзень мы ўсё ж дазваніліся да Сяргея Уладзіміравіча, які зноў спяшаўся на нараду. “Наконт гасцёўні ў сядзібе…” – “Якой гасцёўні?” – “У сядзібе, якая на тэрыторыі каледжа…” – “Вы ж там ужо былі, глядзелі і фатагравалі. Без майго ведама. Вы ж у мяне не пыталіся дазволу, як цывілізаваныя людзі”. – “Я не мушу пытацца ў вас дазволу, каб сфатаграфаваць гістарычны помнік”. – “А якая розніца?” – “Гэта дзяржаўная маёмасць”. – “Дзяржаўная, канечне, у аператыўнай уласнасці знаходзіцца. Але ў нас вахта ёсць. Маглі б прыйсці, вахцёраў папярэдзіць, што будзеце фатаграваць”. – “А турысты?..” – “Таму давайце на наступным тыдні сустрэнемся, я вылучу вам час”. – “Мне трэба здаваць матэрыял, давайце зараз”. – “Зараз не будзе, у мяне людзі сядзяць. Калі не верыце, я магу ім тэлефонную трубку даць”. – “Пакуль мы з вамі гаворым, вы б ужо маглі адказаць.” – “Усё, добранька, давайце іншым разам.”

На гэтым размова скончылася.


Савецка-польскі канфлікт не даваў спакою Новаму Полю 98 гадоў таму. Падобна, што сёння тут пралягае мяжа іншага кшталту – паміж двума светапоглядамі: нацыянальным, для якога гісторыя месца мае каштоўнасць, і прасавецкім, які транслюецца нашай дзяржавай апошнія 25 гадоў. Недзе паміж імі трывае традыцыйная беларуская абыякавасць.

Тэкст: Наста Грышчук
Фота: Генадзь Заяц

Глядзіце таксама:

Слімакі, гарбузы і самасвядомасць. Рэпартаж са свята вёскі ў Новым Полі
Аўтар праекта “(Не)расстраляныя” Сяргей Будкін: “Трэба сыходзіць ад плачу і атмасферы памінальнасці”