Гародня Віктара Шалкевіча – гэта горад каталікоў і вечнага супраціву. Гарадзенцы даўжэй за астатніх трымаліся супраць савецкай улады ў час “вызваленчага паходу” ў верасні 1939 года.
За што пасля паплаціліся: у 1960-яя савецкія ўлады знішчылі Фару Вітаўта і ратушу. Хацелі ўзяцца за храм Францішка Ксаверыя (цяперашні Фарны касцёл), але і тут гарадзенцы паўсталі. Жанчыны з бідончыкамі зрання неслі варту на прыступках храма. Бідончыкі былі патрэбныя, каб ляскатам падаць сігнал “да зброі” ў выпадку пагрозы.
Віктар Шалкевіч распавядае пра касцельны хор і арганіста Станіслава Матусевіча. Пра Марыю Мякоту, маму Максіма Багдановіча, і Аляксандра Грыкоўскага, настаўніка першай беларускай школы ў Гародні. Пра Эдварда Лістоўскага, першага “прэзідэнта нашага горада”, і пісьменніцу-дэмакратку Элізу Ажэшка. Пра двух ксяндзоў: Міхал Варанецкі правёў сем года на медных рудніках у Казахстане, а Міхал Арановіч быў адзіным ксяндзом на ўвесь правы бераг горада. Пра 13-гадовага Тадзіка Ясінскага, які стаў ахвярай “вызваленчага паходу” 1939 года. Пра Баляслава Валасевіча, геніяльнага майстра па святле. Пра слынную сям’ю Крыўцаў, “ад якіх мой бацька вынес усведамленне ліцвінства.”
Як пісаў Шалкевіч у кнізе “Мястэчка G. і ваколіцы”: “Без людзей любое мястэчка робіцца звыклаю горбаю камення.”
Таксама ў выпуску: Высокі рынак, Памятны знак на месцы страчанага храма (Два крыжы), Другая сусветная вайна, праваслаўны і каталіцкі некропалі, замак герцага Сіняя барада, скульптар Баляслаў Шышкевіч, Польскі тэатр Беларускай ССР.