1872 год. Асіповічы – невялікая вёска, усяго чатыры двары. За тры кіламетры ад яе адкрываецца аднайменная чыгуначная станцыя – частка Лібава-Роменскай чыгункі, якая яшчэ будуецца.

І ўсё змяняецца.

Цяпер гэта горад з насельніцтвам амаль у 35 тысяч чалавек. На гербе – усё той жа жыццядайны паравоз.

У Асіповічы мы наведаліся з Антонам Астаповічам, гісторыкам, а галоўнае – старшынёй Беларускага таварыства аховы помнікаў. Ён як ніхто ведае каштоўнасць мінулага і яго артэфактаў. Яго імя вы маглі сустракаць у франтавых зводках з баёў за Курапаты, а яго меркаванне заўжды выклікае рэзананс (не кажучы пра запаленне жоўці ў патрыётаў-рамантыкаў).

Але сёння – пра іншае. Пра горад, дзе вакзальны медпункт стаў астраўком праваслаўя. Дзе людзі могуць прабегчы над цягніком па вузенькай абледзянелай дошцы. Дзе застаецца схаванай трагічная гісторыя часоў Другой сусветнай, калі сотні жыццяў былі змарнаваныя ні за што, па дурасці кіраўніцтва. Дзе асаблівы каларыт прыўносіць ваеншчына (Асіповічы не толькі горад-чыгунка, але і горад-вайсковы гарнізон).

Тут спрабавалі пазбавіцца ад Жукава і Леніна. Тут стаіць царква з абразамі XVII стагоддзя. Тут танцы заканчваліся такімі бойкамі, што міліцыя хавалася ў бульбу.

Таксама ў выпуску: вакзал, Глускі контрудар (1941), рака Сінька, Георгій Жукаў і Канстанцін Ракасоўскі, Слуцкі кавалерыйскі корпус, Дом афіцэраў, царква з вёскі Замошша, вуліца Чумакова, гарадскі парк, чыгуначная школа (СШ №2), Іван Адамавіч Чырын, сухі закон, Асіповіцкае вадасховішча.