Што вы ведаеце пра Капыль? Магчыма, чулі, што гэта радзіма мастака Казіміра Малевіча. Таксама вы маглі чуць, што тут праходзіў шлях “з варагаў у грэкі”.

Нашая гераіня Кацярына Тарасава таксама не ведала звыш таго, што паказваў сам горад. А гэта помнік Леніну на плошчы, помнік Жылуновічу каля краязнаўчага музея і высокае замчышча. Калі ж задалася пытаннем – які ён насамрэч, Капыль, — адкрыла процьму гісторый, з якіх бачна: усё не так проста…

Вазьміце рэстаран “Каласок” на цэнтральным скрыжаванні. Насамрэч ён стаіць… на падмурку касцёла. Тым больш ашаламляльна, калі дадаць, што касцёл тут стаяў з 1439 года! У драўляным выглядзе храм пражыў ці не 400 гадоў. Потым збудавалі мураваны касцёл, які пацярпеў у час вайны, а ў мірны час яго ўвогуле знішчылі. Рэстаран народу больш патрэбны – відаць, так разважалі ініцыятары сумніўнага мерапрыемства.

Пяройдзем да старых могілак. Тут пахаваныя татары і яўрэі. Пахаванням першых – больш за 500 гадоў, другіх – дзвесце. Пахаванні агароджаныя і дагледжаныя. Іншая справа – раскіданыя вакол пагоркі, з якіх узімку катаюцца дзеці (і не толькі). Нідзе і знаку няма, што безыменныя гурбы – старажытныя язычніцкія пахаванні, у

якіх знайшлі такія рэчы, якіх няма больш нідзе ў Беларусі. Падобныя знаходкі рэгістраваліся толькі ў Нарвегіі і Фінляндыі.

Таксама ў выпуску: замкавая гара, вуліца Замкавая, крыніца, СШ №2, скарб на стадыёне, касцёл Святых Пятра і Паўла, Капыльскае прадмесце, Зміцер Жылуновіч (Цішка Гартны), старая гарбарня Рабіновіча, краязнаўчы музей, дом і вуліца Жылуновіча.