Пісьменнік Кірыл Стаселька паказвае горад Барысаў. А пачынаецца падарожжа з таго самага дома, у якім разгортваецца фінал рамана “Marginalis”. Менавіта тут захоўваецца кніга-таямніца, за якой увесь час палююць героі рамана, і ў гэтым доме жыве адзін з персанажаў Уладзімір Львовіч – як аказалася, рэальны чалавек.
Гістарычны Барысаў гаворыць да нас праз архітэктуру. Найперш гэта “залатое трыа Беларусі”: царква, касцёл і сінагога. Васкрасенкі сабор, каля якога знаходзіцца помнік князю Барысу, заснавальніку горада, знаходзіцца на гандлёвай плошчы. Сабор пачыналі будаваць ў 1870-х гадах на месцы драўлянай царквы 1620 года (тая згарэла). Сінагога, узведзеная ў 1911 годзе, дайшла да нас без зменаў, але знаходзіцца не ў самым лепшым стане і, адпаведна, не працуе. А вось касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі адкрыты для вернікаў.
Асобная тэма выпуска – даваенныя дамы барачнага тыпу. Збудаваныя 80 і больш гадоў таму, яны дасюль жылыя, і людзі самі, хто як можа, даводзяць іх да ладу.
Таксама ў выпуску: дамы-“труманаўкі”, праспект Рэвалюцыі, гандлёвыя шэрагі, рака Беразіна, вежа Шухава.