Журналіст Тарас Шчыры распавёў пра свой Жодзіна. Найперш гэта дворык дзяцінства, дзе гулялі ў футбол, дзе жылі бабуля з дзядулем, дзе суседамі былі мастак Уладзімір Гладкевіч, ветэран Другой сусветнай дзядзя Ваня, рыбак-гуманіст дзядзя Вася, які зрабіў для Тараса першую ў жыцці вуду, а яшчэ – хлопец Дзіма, які сагнаў самалёт, каб патрапіць у турму – абы не ісці ў войска.
Жодзіна – гэта культавы пляж Брызгалаўка (пра што напісаў Алесь Аркуш). Гэта ўтульны раёнчык ДРЭС і Бананавая алея, дзе ў 1990-я тусілі рокеры і рэперы, панкі і металісты. Гэта каларытны бар “Верасок”, які жыве насуперак выклікам сучаснасці. І, вядома, БелАЗ.
Да слова, Жодзіна памылкова лічаць маладым горадам. Насамрэч першая згадка пра яго – як пра Багуслаў Поле – маецца яшчэ ў 1643 годзе. Тады землямі валодаў неардынарны Багуслаў Радзівіл. Сёння маецца сімвалічнае паселішча Багуслаў Поле, а галоўнае – самі жодзінцы памятаюць сваё першае імя, і футбольныя фанаты ў час гульняў палымяна крычаць “багуслаўцы!”.
Таксама ў выпуску: тры помнікі Леніну, лазня, рака Пліса, чэмпіён свету па водным пола Анатоль Клябанаў, пераезд праз чыгунку, вуліцы 40 гадоў Кастрычніка і 50 гадоў Кастрычніка, Палац культуры беларускага аўтазавода, стадыён “Тарпеда”, вясляр Мікалай Астапковіч, дом-“долар” і дом-“банан”, гурт “Пратэз”, жодзінскія ліхтары, помнік БелАЗу, касцёл Маці Божай Фацімскай, ксёндз Міхал Цвячкоўскі.