Таня Скарынкіна нарадзілася ў Смаргоні. І жыве ў Смаргоні. Гэты горад стаў галоўным героем Тацянінай кнігі «Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі». Асаблівасці жыцця ў райцэнтры, цікавосткі малога гарадка, яго непаўторныя тыпажы – усё гэта са свету літаратуры мы перанеслі ў свет перадачы “Ногі ў рукі”.

Гэта гісторыі пра сям’ю: бабулю Марыю Францаўну, якая была строгай, але есці не прымушала, што для бабуляў, напэўна, рэдкасць; пра дзядзю Болюся, які памёр у 17 гадоў – проста не прачнуўся, — і меў знахарскія здольнасці. Гэта гісторыя пра бліндаж Першай сусветнай, у якім падчас Другой сусветнай хавалася ўся вёска Перавозы – і ніводзін вясковец за час вайны не загінуў.

Мудрая цёця Ядзя, старая бараначная з крывавай гісторыяй уладальніка, старызнік Янкель, які лічыў, што ў кожным доме мусіць быць кампот… З такіх маленькіх гісторый складаецца жыццё Смаргоні (а ўрэшце рэшт – краіны)

Таксама ў выпуску: касцёл святога Міхаіла Архангела, ксёндз Здзіслаў Ведэр, Дом піянераў, справа Лапіцкага, Таццяна Юшкевіч, Казімір Вайцяхоўскі, смаргонскія баранкі, капліца ў былой вёсцы Мінкі, Франц Сосна, кніга “Гаворыць Смаргонь”.